21 мая поставчанка Зоя Пименовна Милянцевич отмечает 90-летний юбилей

Общество

Праца век падаўжае

Пастаўчанка Зоя Піменаўна Мілянцэвіч сёння збірае гасцей у рэстаране «Світанак». Нагода для гэтага важкая — 90-гадовы юбілей. Магчыма, абмежавалася б сціплым святкаваннем дома, але сыны настаялі на рэстаране. Сказалі: «Запрашай, мама, усіх, хто табе блізкі. Пра расходы не клапаціся. Мы за ўсё заплацім».

Вось такі падарунак вырашылі зрабіць мне Жэня і Саша, — гаварыла імянінніца. — Запрашаю не толькі родных, але і сусе­дзяў, былых калег, з кім разам працавала ў сістэме грамадскага харчавання і з кім да сённяшняга дня падтрымліваю сувязь. Нам ёсць што ўспомніць, пра што пагаварыць.

Зою Піменаўну ў Паставах ведаюць многія. Яна некалькі дзесяцігоддзяў адпрацавала ў сістэме грамадскага харчавання. Пачынала афіцыянткай у сталовай воінскай часці, затым перайшла ў рэстаран.

Наведвальнікаў у тыя гады ў рэстаране было шмат, — узгадвае. — Сталаваліся ваеннаслужачыя, супрацоўнікі арганізацый і ўстаноў, камандзіраваныя, ладзіліся вечары адпачынку, розныя сямейныя ўрачыстасці. Працы хапала. Тагачасны дырэктар раённага аб’яднання грамадскага харчавання Юзэфа Дудчанка не аднойчы раіла перайсці ў бар. Я не адразу згадзілася, бо там вялікая матэрыяльная адказнасць. Але рашылася, і ўсё ў мяне атрымалася.

Працаздольнасць Зоі Мілянцэвіч з падлеткавага ўзросту і да цяперашняга часу выключная. Закончыўшы ўсяго 6 класаў, яна пайшла ў калгас паляводам. Затым дзяўчыну ўзялі ў трактарную брыгаду. Не, не на тэхніцы працавала, а вяла ўлік работ, выкананых механізатарамі. Гэта было і клопатна, і адказна. У Паставы пераехала, калі выйшла замуж.

Яе малая радзіма — вёска Казяны. Хоць была адзіным дзіцем у сям’і, бацькі не песцілі, а загартоўвалі працай. Жылі ў дастатку, мелі многа зямлі. Але і працавалі на ёй не пакладаючы рук. Ды выбухнула Вялікая Айчынная вайна…

Які жах апанаваў усіх, калі немцы жывымі спалілі людзей у недалёкай ад нас вёсцы Баравое! — успамінала Піменаўна. — Такая доля магла напаткаць і нас. Аднак акупанты казянцаў не загубілі. А вёску спалілі. Людзей пад канвоем пагналі на станцыю ў літоўскі Дукштас, каб адтуль адправіць у Германію. Дзякуючы татаваму знаёмаму нам удалося ўратавацца ад вывазу.

Іх сям’ю пакінулі працаваць у аднаго літоўскага гаспадара. Бацькі ўпраўляліся на зямлі, Зоя пасвіла кароў. Праз некаторы час зноў жа з дапамогай знаёмых удалося вярнуцца на беларускую зямлю. Уцекачоў прыняла бацькава сястра, якая жыла ў Ракітах. Пасля вызвалення Беларусі пачалі будавацца ў родных Казянах.

Тыя, ваенны і пасляваенны перыяды, былі самымі цяжкімі ў жыцці Зоі Піменаўны. Зараз над галавой мірнае неба, усяго хапае, няма ніякага страху. Толькі не вярнуць маладосці, не купіць здароўя. Затое можна парадавацца за дзяцей, унукаў, якіх чацвёра, за шасцярых праўнукаў. Абодва сыны служылі афіцэрамі. Яўгеній выйшаў на пенсію ў званні падпалкоўніка, Аляксандр — маёра. Яны жывуць з сем’ямі ў Мінску.

Усё, што мела, аддала дзецям і ўнукам, — прызнаецца жанчына. — Толькі дзеля іх старалася і стараюся. 10 гадоў назад не стала мужа. Ён доўга і цяжка хварэў, пасля інсульту застаўся нерухомым. Цяжка было і яго даглядаць, і з усёй работай спраўляцца.

Яна і зараз спраўляецца, нягледзячы на свае 90. У прасторным доме — чысціня і парадак, у агародзе пасаджана бульба і іншая агародніна, на днях «перасялілася» з вокнаў у парнік расада памідораў. Штогод гаспадыня збірае багаты ўраджай, бо не проста ўмее, а любіць працаваць на зямлі. Да нядаўняга часу ездзіла на веласіпедзе.

А сёння ў нястомнай руплівіцы свята. Пажадаем шаноўнай юбілярцы яшчэ доўгіх гадоў, добрага здароўя і радаснага настрою.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.