5 мая — День печати. Часто ли поставчане приобретают свежую прессу в киосках «Белсоюзпечати»?

Главное Общество

Грукайце – і вам адчыняць

Кіёск «Белсаюздруку» можна смела назваць акенцам у свет газет, часопісаў, кніг і іншай друкаванай прадукцыі. А яшчэ — міні-магазінамі, дзе можна купіць саладосці, напіткі, канцылярскія прылады, сродкі гігіены, дзіцячыя цацкі, адэкалон, насенне…

А ці часта прахожыя спыняюцца, каб набыць свежую прэсу? Якія выданні і тавары купляюць часцей? Напярэдадні Дня друку карэспандэнт «ПК» шукала адказы на гэтыя пытанні.

Накіроўваюся ў пастаўскае падраздзяленне Віцебскага філіяла «Белсаюздруку». Яно размяшчаецца ў Доме рамеснікаў, пабудаваным яшчэ ў XVIII стагоддзі. Уражвальная гісторыя і ў самой сістэмы «Саюздруку», якая пачала існаванне яшчэ напрыканцы 1918 года.

За 104 гады, што мінулі з таго часу, вельмі многае змянілася і ў грамадстве, і ў плане распаўсюджвання інфармацыі. Ды што стагоддзе! Яшчэ 50 гадоў назад «Саюздрук» карэнным чынам адрозніваўся ад сучаснага.

Прадавец кіёска №6 Іна Будзько

Пра гэта выдатна ведае Таццяна Рымко. Рабоце ў пастаўскім аддзяленні «Саюздруку» яна прысвяціла 45 гадоў, з іх 20 яго ўзначальвала. А пачынала шлях у прафесію прадаўцом у кіёску.

— Мне было ўсяго 17, — успамінала Таццяна Іванаўна. — Мама тады вельмі хвалявалася: як жа я, яшчэ падлетак, з грашыма працаваць буду? Гэта ж такая адказнасць! А ў мяне ніякага страху не было, наадварот, добра, што адразу пагрузілася з галавой у гэту галіну. Ды і было з каго браць прыклад — тата працаваў на пошце начальнікам спецыяльнай сувязі.

Сваю работу Таццяна Рымко любіла і любіць. Праўда, цяпер, ужо будучы на заслужаным адпачынку, прысвячае ёй значна менш часу — працуе на чвэрць стаўкі арганізатарам рознічнага продажу.

— Раней на Пастаўшчыне працавалі 7 кіёскаў «Белсаюздруку», — працягвала суразмоўца. — Засталіся тры: на плошчы каля царквы, у мікрараёне вуліцы Юбілейнай і каля паліклінікі. Сёння мы прапануем пакупнікам каля 100 беларускіх і расійскіх друкаваных выданняў — ад грамадска-палітычных да забаўляльных. У кіёску на плошчы прадаём і «Пастаўскі край». Дарэчы, ён заўжды разыходзіцца добра.

І раёнку, і іншую перыёдыку ў асноўным чытаюць людзі старэйшага пакалення. Сярод іх нямала і тых, хто стаяў у чарзе па «Правду» і «Известия» ў часы СССР. Таццяна Іванаўна памятае, з якой хуткасцю гэтыя і іншыя выданні разляталіся сярод мясцовых жыхароў. Ды і не толькі мясцовых: пастаянна прыходзілі ў «Саюздрук» ваенныя афіцэры, камандзіраваныя лётчыкі, у тым ліку з украінскіх, расійскіх гарадоў.

Безумоўна, у век лічбавізацыі тыражы друкаваных выданняў няўмольна скарачаюцца. Але попыт на іх ёсць, няхай і меншы, чым раней. Пра гэта гаварыла Іна Будзько — прадавец кіёска №6, размешчанага каля паліклінікі.

— Часцей за ўсё ў мяне купля­юць такія выданні, як «Аргументы и факты», «Антенна», «Детектив», «Версия». Папулярныя ў пакупнікоў часопісы з крыжаванкамі і сканвордамі, пра сад і агарод, — адзначыла Іна Генадзьеўна, якая працуе ў гэтым кіёску ўжо на працягу 6 гадоў. — Бывае, што ўрач з паліклінікі раіць пацыенту заглянуць да мяне ў кіёск — напрыклад, па часопіс «Живу с диабетом». З-за суседства з ЦРБ добра разыходзяцца ахоўныя медыцынскія маскі і медкарты, прадуктовыя тавары, якія купляюць для тых, хто ляжыць у бальніцы.

Паразмаўляць доўга з прадаўцом не ўдалося: у разгары быў працоўны дзень. Адзін за другім грукалі ў акенца пакупнікі, жадаючы купіць то дзіцячую цацку, то шакаладку, то часопіс. І такая запатрабаванасць для «белсаюздрукаўцаў» — найлепшы падарунак к прафесійнаму святу.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.