Фоторепортаж: Представители местной власти посетили ветеранов войны

Важное Общество

Сімвал гераічнай эпохі

Як і ў мінулыя гады, сёлета прадстаўнікі раённай улады, сацыяльнай службы, раённай ветэранскай арганізацыі напярэдадні Дня Перамогі адправіліся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, каб павіншаваць іх з вялікім святам, падзякаваць за тое, што як маглі, набліжалі Перамогу і шмат зрабілі для развіцця пасляваеннай Беларусі, уручыць паштоўкі ад Прэзідэнта краіны, кветкі і прадуктовыя наборы, пагутарыць.

Барыс Дзмітрыевіч Сямашка ад такой увагі расхваляваўся. Але сабраўся з духам, расказваў пра свае справы. Прадстаўнікі 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы, віншуючы ветэрана са святам, напомнілі, што заўсёды гатовы ў лячэбнай установе аказваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.

Віктар Іванавіч Ашчэпкаў таксама на працягу дня сустракаў шматлікіх гасцей. Яго наведала кіраўніцтва Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы, затым — дэлегацыя ад райвыканкама. Ветэран усхвалявана гаварыў пра неспакой у свеце, прасіў берагчы мір у Беларусі і запрашаў на свой 100-гадовы юбілей, які адзначыць у лістападзе.

Год, які прайшоў пасля мінулага 9 Мая, выдаўся цяжкім для жыхара Варапаева Віктара Мацвеевіча Красоўскага: адышла ў вечнасць яго жонка Ірына Баляславаўна, у шлюбе з якой пражыў 66 гадоў. Пасля гэтага канчаткова страціў слых. Ветэрану ідзе 94-ы год. Жыве з сынам Паўлам. Два разы на месяц з Літвы прыязджае дачка. Віктар Красоўскі ў гады вайны працаваў на чыгунцы. Ён ахінуты клопатам родных, не забываюць яго і ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці, ганаровым ветэранам якой  з’яўляецца. І напярэдадні Дня Перамогі быў рады чарговай сустрэчы з намеснікам начальніка дыстанцыі пуці Аляксандрам Ушкурам і старшынёй прафкама Верай Ушкур. Ён з радасцю ўспамінаў гады работы ў дыстанцыі, дзякаваў за віншаванні.

Да слёз расчуліўся ад увагі і падарункаў Мечыслаў Данатавіч Муха з Варапаева. Ён не ваяваў ні на фронце, ні ў партызанскім атрадзе. Але вайна назаўжды зрабіла яго інвалідам. У гады Вялікай Айчыннай побач з ім разарваўся снарад, і яму, падлетку, адарвала абедзве рукі. Нягледзячы на гэта, змог знайсці сябе ў жыцці. Пасля смерці жонкі доўгі час жыў адзін. Цяпер знахо­дзіцца ў дачкі ў Паставах. Вельмі сумуе па Варапаеве. Кожны дзень праходзіць пешшу не менш за 3 кіламетры. Паколькі стаў падводзіць зрок, у дарогу звычайна адпраўляецца з верным спадарожнікам — сабакам. Па тэлебачанні або радыё слухае навіны. Вельмі трывожыць абстаноўка ў свеце, асабліва ва Украіне, дзе жывуць яго ўнукі. Таму, прымаючы віншаванні з Днём Перамогі, заклікаў гасцей прыкласці ўсе намаганні да таго, каб захаваць над Беларуссю мірнае неба.

— З кожным годам становіцца ўсё менш сведкаў той жудаснай вайны, — гаварыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Літвіновіч. — А яны — сімвал непахіснасці беларускага народа і той гераічнай эпохі. Наведванне іх напярэдадні свята — гэта толькі маленькі знак павагі і ўдзячнасці ўсім, хто здабываў Перамогу, хто ў цяжкі пасляваенны час аднаўляў разбураную краіну. Маладому пакаленню трэба праз іх успаміны адчуць трагізм тых страшных падзей і не дапусціць іх паўтарэння.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.