Пять отдельных «я» в надежном «мы». Семья поставчан Андрея и Аллы Шкалёвых

Важное Общество

Пяць асобных «я» ў надзейным «мы»

Пераступаю парог утульнага дома пастаўчан Андрэя і Алы Шкалёвых — і трапляю ў такую ж утульную атмасферу. 6-гадовая Сафійка туліцца да таты, 10-гадовая Вікторыя абмяркоўвае штосьці з мамай, а 14-гадовы Руслан, ужо вышэйшы за тату, паводзіць сябе як дарослы і самастойны. Так супала, што 9 мая ўсе члены сям’і былі дома і вельмі гэтаму радаваліся. Графік работы Андрэя — два дні праз два. Таму часта здараецца, што ў Алы і дзяцей выхадны дзень, а ён на рабоце.

Андрэй і Ала — вельмі гарманічная пара. Іх сям’і 15 гадоў. Дастатковы тэрмін, каб праверыць на трываласць свае адносіны. Муж і жонка за гэты час упэўніліся, што ў іх жыцці ўсё склалася так, як трэба, і што яны створаны адно для аднаго. А пазнаёмілі іх сябры. Адносіны былі лёгкія і рамантычныя. Хутка маладыя людзі адчулі, што з’яўляюцца палавінкамі аднаго цэлага і гатовыя стварыць сям’ю. Андрэю на той час ішоў 25-ы год, Але — 21-ы. З першага дня сумеснага жыцця яны пастанавілі, што ў любой сітуацыі будуць весці дыялог і ісці на кампраміс.

—  Любыя задачы мы вырашаем разам, — расказвалі Андрэй і Ала. — Дзеці таксама маюць права голасу. Нашых пяць асобных «я» надзейна зліліся ў адно моцнае «мы». Вялікая сям’я — гэта вялікая каманда, дзе кожны прыкладвае свае намаганні да таго, каб іншы быў шчаслівым. У нашай радні былі мнагадзетныя сем’і. Гледзячы на іх, мы таксама (спачатку кожны паасобку, а калі пажаніліся — разам) марылі пра некалькіх дзетак. Так і сталася. Гэта вялікі дар з неба. Мы стараемся выхоўваць сына і дачушак паслухмянымі, з павагай адносіцца да іншых і хочам, каб яны выраслі годнымі людзьмі.

Муж і жонка разважалі пра тое, што сучасны свет жыве ў імклівым рытме, калі цяжка знайсці час на сямейныя гутаркі, сумесны адпачынак. Па іх словах, гармонію ў сям’і, цёплыя адносіны можна пабудаваць толькі на трывалым падмурку ўзаемапавагі і кахання, якое акрыляе, каб, нягледзячы на розныя цяжкасці, працягваць радавацца кожнаму дню.

Шкалёвы любяць падарожнічаць. Да пачатку пандэміі пабывалі сям’ёй на моры ў Затоцы. Прыемных уражанняў засталося безліч. З задавальненнем ез­дзяць у Мінск. Летам адпачывалі на Нарачы, пабывалі ў Гродзенскай вобласці. З апошніх паездак запомніўся Гальшанскі замак, касцёл у Гервятах. У планах паездка ў дом-пярэкрут, музей Вялікай Айчыннай вайны.

У свой час Ала была ўдзельніцай ансамбля «Скіфы». Спяваць любіла з дзяцінства. Займалася ў студыі Аксаны Нікалаевай. Рэпетыцыі, канцэрты былі для яе своеасаблівай аддушынай. Пакінула ансамбль тады, калі раптоўна захварэў Руслан. Некаторы час хлопчык лячыўся ў абласной бальніцы, і маме было не да песень. Тым часам быў вымушаны змяніць работу і Андрэй. Да гэтага ён меў раз’язны характар работы. Каб падтрымаць жонку, дапамагчы ёй спраўляцца з дзецьмі, уладкаваўся ў дрэваапрацоўчы цэх лясгаса. Цяпер Руслан здаровы, а сям’я мае магчымасць больш часу праводзіць разам.

— Андрэй — мая трывалая апора, — гаварыла Ала. — На яго ва ўсім можна спадзявацца.

Шмат цёплых слоў я пачула і ад Андрэя ў адрас жонкі. Ала — выдатная гаспадыня. Усе сакрэты поварскай справы пераняла ад сваёй мамы. А затым адвучылася ў пастаўскім каледжы на повара. Праўда, па спецыяльнасці не працавала. Яна повар і кулінар толькі для сваёй сям’і. Пэўны час месцам работы Алы быў Пастаўскі мэблевы цэнтр, затым — паштовае аддзяленне сувязі. Ужо некалькі гадоў шчыруе сацыяльным работнікам —клапоціцца пра 10 пажылых грамадзян. Да кожнага ўмее знайсці падыход і з кожным ладзіць.

— Рабіць дабро іншым — шчасце для мяне, — рэзюмавала Ала. — Як сваім родным, так і чужым людзям.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.