Уроки памяти «Нам этот мир завещано беречь» проходят во всех школах Поставщины

История

Нам гэты мір завешчана берагчы

Так называюцца ўрокі памяці, прысвечаныя 77-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якія з 11 красавіка праходзяць ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. На адным з іх у пастаўскай СШ №2 імя Н. М. Асяненкі разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Ганнай Літвіновіч пабывала карэспандэнт «ПК».

Урок ладзіўся ў школьным музеі баявой і працоўнай славы для 6-класнікаў. Пачынаючы яго, настаўнік гісторыі Людміла Палтаржыцкая адзначыла:

— Мінула амаль 80 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна. Але памяць пра тыя страшныя падзеі працягвае жыць. Яе захоўваюць пакаленні, якія не ведаюць жахаў вайны, для таго, каб не дапусціць такога ў далейшым.

Людміла Францаўна нагадала, што на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўстала ўсё насельніцтва былога Савецкага Саюза. А першымі ўдар ворага прынялі на сябе абаронцы Брэсцкай крэпасці. На яе ўзяцце нямецкім камандаваннем адводзілася літаральна некалькі гадзін. Але гарнізон крэпасці амаль месяц гераічна стрымліваў гітлераўцаў, не даючы ім прасунуцца ўглыб Беларусі. Аднак сілы былі няроўныя, і пасля гібелі апошняга абаронцы цытадэлі германскія войскі ­адзін за адным пачалі захопліваць беларускія гарады.

Ганна Літвіновіч дэманструе зборнік «За скупым радком на абеліску…»

— Ужо к верасню 1941 года амаль уся тэрыторыя нашай рэспублікі трапіла пад нямецкую акупацыю, — працягвала педагог. — Тут фашысты стварылі 260 канцэнтрацыйных лагераў, куды звозілі ваеннапалонных і мірнае насельніцтва, і больш за 110 гета. 2 гета былі створаны ў Паставах і Дунілавічах.

Далей размова пайшла пра генацыд беларускага народа, партызанскі і падпольны рух у рэспубліцы і на Пастаўшчыне. Яркім штрыхом гэтага аповеду стала экскурсія, якую правялі для вучняў кіраўнік школьнага музея Рэгіна Ластоўская і 8-класніца Анастасія Пяткевіч. Яны расказалі пра трагедыі вёсак Хатынь, Альцы і Ола, спаленых карнікамі разам з жыхарамі, працытаваўшы ўспаміны тых, каму пашчасціла выратавацца з вогненнага пекла. Таксама Рэгіна Норбертаўна прачытала ўрывак са свайго верша, прысвечанага Альцам, які паклала на музыку яе калега — настаўніца Ядвіга Сівіцкая.

— На жаль, з кожным годам усё менш застаецца ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і відавочцаў тых падзей, — гаварыла старшыня райсавета ветэранаў Ганна Літвіновіч. — Зараз на Пастаўшчыне пражываюць усяго 3 ветэраны. Самаму маладому з іх сёлета споўніцца 90 гадоў, а самаму старэйшаму — 100. Адыходзіць тое пакаленне. Таму невыпадкова 2 гады назад па ініцыятыве навучэнцаў СШ №4 стартавала акцыя «Сямейная памяць пра вайну». Школьнікі вырашылі сабраць пісьмы байцоў, пахаваных у брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах, а таксама пісьмы іх родных. Вынікам гэтага стала выданне зборніка «За скупым радком на абеліску…» Праз год быў выдадзены яшчэ адзін зборнік, у які ўвайшлі пісьмы салдат, пахаваных у брацкіх магілах у Варапаеве, Камаях, Манькавічах і Лынтупах, і адрасаваныя ім лісты. А сёлета навучэнцам і выкладчыкам усіх школ раёна было прапанавана напісаць сачыненні пра сваіх бабуль, дзядуляў, іншых родных ці знаёмых, якія на фронце і ў тыле набліжалі Перамогу. Напісана каля 35 сачыненняў. На іх падставе к 9 Мая будзе выда­дзены зборнік «Сямейная памяць пра вайну».

Некалькі найлепшых работ Ганна Францаўна зачытала прысутным.

Затым слова зноў узяла Людміла Палтаржыцкая. Яна расказала, як праходзіла вызваленне Беларусі ад «карычневай чумы», пра значэнне для нашай краіны даты 3 ліпеня, якую цану заплаціла рэспубліка за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Да чэрвеня 1941 года ў БССР пражывала 9 мільёнаў чалавек. За гады вайны на франтах, у канцэнтрацыйных лагерах і гета, у выніку карных аперацый загінула больш за 3 мільёны беларусаў. Для таго, каб насельніцтва краіны аднавілася да даваеннай колькасці, спатрэбілася амаль 8 дзесяцігоддзяў. Пра гэта кожнаму з нас трэба ведаць і памятаць. І ўсімі сіламі старацца не дапусціць такой трагедыі ў далейшым, — рэзюмавала педагог.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.