Вторая лига Беларуси по футболу. ФСК «Поставы»–«Нива» (Толочин) – 3:1

Спорт и туризм

Задачу выканалі

ФСК «Паставы»–«Ніва» (Талачын) – 3:1

Пастаўчане ў стартавым матчы, які правялі на сваім стадыёне, адразу пачалі дамінаваць на полі. Ужо на 5-й хвіліне яны выйшлі наперад, калі левы паў­абаронца Яўген Ясюковіч ударыў здалёк — 1:0. Неўзабаве вызначыўся і наш капітан Андрэй Вілейта, але суддзі зафіксавалі становішча «па-за гульнёй». Сапернік хоць і адказаў небяспечнай контратакай, але далей у асноўным толькі абараняўся.

Нашы востра атакавалі з абодвух флангаў, а на 17-й хвіліне цэнтрфорвард Герман Чалей па-майстэрску згуляў на дабіванні — 2:0. Напрыканцы першага тайма наш цэнтральны абаронца Максім Голубеў зрабіў лік на табло разгромным, бліскуча прабіўшы штрафны ўдар у абыход сценкі — 3:0.

Атаку пастаўчан распачынае апорны паўабаронца Кірыл Каралёнак (№8)

Фактычна вынік гульні быў прадвызначаны, але ў другой яе палове сапернік не здаўся, а ўзмацніў супраціўленне.

Пастаўчане крыху збавілі абароты, правялі замены. Упэўненасці партнёрам дадаў варатар Андрэй Чашун, які ў скачку адбіў небяспечны ўдар. Пры страце мяча талачынцамі нашы перыядычна праводзілі вострыя контратакі. Мяч тройчы ледзь не трапіў у вароты саперніка. У апорнай зоне выдзяляўся 18-гадовы Кірыл Каралёнак, які надзейна абараняўся і разганяў атакі. На 73-й хвіліне талачынцы намаганнямі свайго капітана Арцёма Сляцкага з пенальці правялі гол прэстыжу. Але пастаўчане не засмуціліся, а ўпэўнена давялі паядынак да першай у сезоне перамогі. Поспеху дабіліся Чашун, Гарнадуд (Алейнікаў), Голубеў, Рогач, Касенка, Каралёнак, Павініч, Якаўлеў (Звяруга), Вілейта (к, М. Зелянкевіч), Ясюковіч (Давідоўскі), Чалей.

У гэтыя выхадныя пройдуць матчы 1/64 розыгрышу Кубка Беларусі па футболе, але наша каманда пакінула гэты турнір. Яна згуляе праз тыдзень на выездзе ў Лепелі. Наш будучы сапернік у 1-м туры саступіў (0:1) у Міёрах. У іншых матчах тура былі зафіксаваны наступныя вынікі: ФК «Сянно»—«Газавік» (Віцебск) — 2:6, ДЮСШ (Орша)—«Гарадскія львы» (Гарадок) — 1:2, «Полацк-2019»—«Велес» (Віцебск) — 2:4. У турнірнай табліцы пастаўчане па рознасці мячоў знаходзяцца на 3-м прамежкавым месцы. У апошнюю нядзелю мая на сваім полі яны памераюцца сіламі з віцебскім «Велесам».

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.