Выставка работ Галины Калдышкиной «В искусстве — жизнь» открылась в Доме ремесел «Стары млын»

Важное Культура

У мастацтве – жыццё

Так называецца выстава работ члена клуба «Майстры» Галіны Калдышкінай, якая адкрылася 6 мая ў Доме рамёстваў «Стары млын». І гэта назва вельмі дакладна характарызуе іх аўтара.

Экспазіцыя складаецца пераважна з вязаных вырабаў, якіх Галіна Сцяпанаўна стварыла за сваё жыццё не менш за сотню. Рукадзеллем яна захапілася яшчэ ў дзяцінстве і з таго часу не здраджвае любімаму занятку.

— Летам у наш двор — а нара­дзілася я ў горадзе Балашоў Саратаўскай вобласці Расіі — прыхо­дзілі на практыку студэнты мясцовага педінстытута, а таксама кіраўнік гуртка размешчанага побач Дома піянераў, — расказвала яна, з чаго ўсё пачалося. — Гэта жанчына вучыла нас, 10-11-гадовых дзяўчынак, вязаць кручком і вышываць крыжыкам. Добрай рукадзельніцай была і мая мама. Ад яе я навучылася вязаць на прутках. Спачатку былі сурвэткі, шапачкі для сябе і сябровак, потым — кофты, шкарпэткі, сукенкі…

Галіна Калдышкіна праводзіць майстар-клас для наведвальнікаў выставы

Набытыя ўменні вельмі спатрэбіліся ў далейшым, калі выйшла замуж за ваеннаслужачага. З мужам Галіне Калдышкінай давялося павандраваць па ўсім Савецкім Саюзе. Жылі ў ваенных гарадках, дзе ўсяго 5-6 дамоў, а да найбліжэйшага горада ехаць некалькі гадзін. У такой ізаляцыі ад знешняга свету жонкі вайскоўцаў часта збіраліся разам: гутарылі, спявалі за шыццём і вязаннем. Акрамя таго, трэба было апранацца самім і апранаць дзяцей, а ў магазінах тады нічога не было.

Сёння неабходнасці абвяз­ваць і абшываць сям’ю няма. Але Галіна Сцяпанаўна працягвае гэта рабіць, нават нягле­дзячы на тое, што ў апош­ні час пагоршыўся зрок, пе­ранесла некалькі аперацый на адным воку. Хэндмэйд-вырабы майстрыхі з задавальненнем носяць дачка, зяць, унукі. Шмат іх і ў яе ўласным гардэробе, а таксама ў гардэробах лялек «Барбі» ўнучкі.

— Мне вельмі падабаецца тэхніка «Бругскія карункі» — гэта імітацыя валагодскіх карункаў, — кажа жанчына. — Навучылася ёй яшчэ ў 1990 годзе ў Забайкаллі па схемах у кнізе, якую дала знаёмая. У гэтай тэхніцы вяжу сурвэткі, каўнерыкі, кофты, паланціны, настольнікі, сукенкі ў стылі боха. Тады ж, у 1990-м, асвоіла фрывалітэ, якое яшчэ называюць пляценнем на чаўнаках.

Так склаўся лёс, што другой радзімай жанчыны сталі Паставы. Упершыню яна прыехала сюды ў 1986 годзе. Калі стварылі клуб «Майстры», адразу ўступіла ў яго і з’яўляецца актыўным членам аб’яднання. У клубе навучылася вышываць гладдзю і стужкамі, ткаць габелены, плесці і рабіць аплікацыю з саломкі. З 1995-га па 1997 год вяла ў ім курсы па фрывалітэ для дзяцей і дарослых. Потым выкладала гэты від дэкаратыўна-прыкладной творчасці, пляценне з бісеру і ігольчастыя карункі ў мала­дзёжным цэнтры «Юнацтва» ў 6 гарадку. У апошні час захапілася пэчваркам, шыццём сумак і стварэннем упрыгажэнняў са старых джынсаў. На адкрыцці персанальнай выставы Галіна Сцяпанаўна правяла для прысутных майстар-клас па вырабе ўпрыгажэнняў з джынсу ў стылі боха.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.