22 июня — День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны и геноцида белорусского народа

Приграничье

Дзень болю, надзеі, гераізму

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. «Тая летняя нядзельная раніца падзяліла жыццё беларускага народа на «да» і «пасля», стала страшным рубяжом паміж мірам і вайной, паміж святлом і цемрай, жыццём і смерцю», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас аднаго са сваіх візітаў у Брэсцкую крэпасць.

Менавіта дзякуючы яе абаронцам, дата 22 чэрвеня стала сімвалам гераізму беларускіх пагранічнікаў, якія першымі прынялі на сябе ўдар вайны і першымі палеглі ў баях за Перамогу. І знакава, што сёння, роўна праз 81 год пасля нападу на СССР гітлераўскай Германіі, менавіта пагранічнікі першымі ў раёне ўшанавалі памяць пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Арцём Стрэж у пакоі баявой славы расказвае салдатам тэрміновай службы пра герояў-пагранічнікаў

У чатыры гадзіны раніцы прадстаўнікі пагранічнай камендатуры «Паставы» і 1-га ваеннага шпіталя пагранічных войск Рэспублікі Беларусь сабраліся каля абеліска па вуліцы Чырвонаармейскай і правялі мітынг-рэквіем, прысвечаны сумнай даце пачатку вайны. Яна пачалася якраз у гэты час — на світанні, а таму мерапрыемства мела асаблівы сімвалізм. Яшчэ ­адзін мітынг-рэквіем будзе арганізаваны ў Паставах днём на плошчы Леніна. Пасля яго пастаўчане далучацца да рэспубліканскай акцыі «Хвіліна памяці», успамінаючы ў маўчанні подзвіг продкаў-пераможцаў. У пастаўскіх касцёле і царкве, як і ў іншых храмах Беларусі, адбудуцца богаслужэнні, падчас якіх будуць маліцца за ўсіх, хто загінуў у 1941—1945 гг.

Вайну і яе ахвяр узгадаюць і на пагранічнай заставе «Лынтупы» імя Героя Савецкага Саюза Сямёна Селіверставіча Пустэльнікава. Сёння там запланаваны мітынг-рэквіем, тэматычнае мерапрыемства з праглядам ваенных кінафільмаў, удзел у якіх прымуць салдаты тэрміновай службы, ваеннаслужачыя кантрактнай службы, афіцэры.

Памяць пра герояў лынтупскія пагранічнікі шануюць не толькі ў знакавыя даты. На заставе абуладкаваны пакой баявой славы, дзе на працягу года праходзяць мерапрыемствы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Пакой гэты ўтульны, сучасны. На адной з яго сцен размешчаны партрэты 13 герояў-пагранічнікаў, якія праявілі гераізм у ваенны і пасляваенны час. Ёсць і макеты зброі, у тым ліку той, з якой ваявалі савецкія салдаты ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Нярэдка да нас на экскурсію прыходзяць вучні Лынтупскай ЯССШ, — расказваў намеснік начальніка заставы Арцём Стрэж. — Таксама наладжваем супрацоўніцтва са школай на Аршаншчыне, дзе некалі вучыўся Сямён Пустэльнікаў — запрасілі іх да сябе ў госці. Пра гераізм пагранічнікаў, подзвіг удзельнікаў Вялікай Айчыннай важна расказваць дзецям, бо менавіта ім несці памяць пра вайну наступным пакаленням.

Адзін з тых, пра каго расказваюць у пакоі баявой славы, — Герой Савецкага Саюза Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў. Ён быў адным з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці. Нягледзячы на раненне, не пакінуў поле бою і працягваў супрацьстаяць ворагу. Загінуў у 33 гады ўсяго праз тыдзень пасля пачатку вайны — 29 чэрвеня 1941-га.

Восенню 1942-га года нацысцкія карнікі расстралялі ўсю сям’ю Андрэя Кіжаватага: маці, жонку і дзяцей — 15-гадовую Нюру, 11-гадовага Ваню і 2-гадовую Галю. Увогуле, масштаб знішчэння фашыстамі беларускага насельніцтва шакіруе: на тэрыторыі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны немцы стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Па няпоўных дадзеных, толькі ў лагерах на тэрыторыі Беларусі загінула каля 1,5 мільёна чалавек.

Гэты жудасны факт паўплываў на тое, што сёлета зменена назва памятнай даты: з «Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — 22 чэрвеня» на «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — 22 чэрвеня». Адпаведны указ 23 сакавіка 2022 года падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Дакумент падрыхтаваны на падставе закона ад 5 студзеня 2022 года «Аб генацыдзе беларускага народа».

Тэкст і фота Інны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.