Поставский район посетил уполномоченный по делам религий и национальностей Александр Румак

Главное Духовность

Быць партнёрамі ў вырашэнні праблем

У аўторак наш раён наведаў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак. Ён правёў прамую тэлефонную лінію, прыём грамадзян і сустрэчу з кіраўніцтвам раёна і духавенствам розных канфесій.

На Пастаўшчыне дзейнічаюць 22 рэлігійныя абшчыны: 7 праваслаўных, 10 каталіцкіх, 1 стараабрадчая, 2 евангельскія хрысціян-баптыстаў і 2 хрысціян веры евангельскай. У іх служаць 16 святароў: 9 каталіцкіх, 3 праваслаўныя і па 2 іншай хрысціянскай веры. Большасць з іх ­удзельнічалі ў дыялогу з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

На пачатку сустрэчы намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург павіншаваў з 25-годдзем святарскіх пасвячэнняў настаяцеля храма Уваскрэсення Хрыстова ў Варапаеве протаіерэя Георгія Лакотку і пробашча камайскага касцёла ксяндза-каноніка Яцэка Хутмана. Было адзначана, што святары ўсіх канфесій Пастаўшчыны прымаюць актыўны ўдзел у выхаванні падрастаючага пакалення і раённых мерапрыемствах, аказваюць дабрачынную дапамогу, падтрымліваюць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Пры храмах працуюць нядзельныя школы. У Паставах рэгулярна арганізуюцца злёты праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі. Католікі ладзяць сямейныя балі. Традыцыйна ў раённым Доме культуры праходзяць ранішнікі, прымеркаваныя да Каляд і Вялікадня абедзвюх вядучых канфесій. У рамках Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у касцёле святога Антонія Падуанскага адбываецца канцэрт класічнай музыкі з удзелам прафесійных калектываў Беларусі.

Аляксандр Румак падчас візіту ў Паставы наведаў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворцы

Святары запрашаюцца ў райвыканкам на пасяджэнні «круглага стала» па прафілактыцы суіцыдаў, саветы прафілактыкі правапарушэнняў. Прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій — частыя госці ў пастаўскім і лынтупскім аддзяленнях кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, Дунілавіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. На базе пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра працуе валанцёрскі клуб «Пагаворым пра рэлігію», якім кіруе выкладчык нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы г. Паставы. Пры СШ №3 створаны рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні. Там сабраны багаты матэрыял на тэму «Святыя зямлі беларускай». У 6 установах адукацыі раёна для вучняў 5—6 класаў праводзяцца факультатыўныя заняткі «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму».

У раёне зарэгістравана 27 культавых аб’ектаў, якія належаць рэлігійным арганізацыям. Два з іх знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. Гэта храм іконы Божай Маці «Жываносная крыніца» ў вёсцы Станчыкі Лынтупскага сельсавета і касцёл Езуса Міласэрнага ў мікрараёне 5 гарадка ў Паставах. Унікальным помнікам архітэктуры з’яўляецца 400-гадовы касцёл святога Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Камаі, які прэтэндуе на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Падчас канструктыўнага дыялогу размова ішла пра агульначалавечыя каштоўнасці, імкненне захаваць міжканфесійныя мір і згоду, якія з’яўляюцца важнейшай умовай сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве. Акцэнт быў зроблены на ўзаемадзеянні дзяржавы і канфесій. Аляксандр Румак заклікаў святароў і прадстаўнікоў райвыканкама быць партнёрамі ў вырашэнні сацыяльных праблем, а таксама звярнуў увагу на неабходнасць актывізацыі ўзаемадзеяння канфесій з сацыяльнай службай.

Аляксандр Аляксеевіч на працягу 9 гадоў быў намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Ён добра ведае праблемы ­адзінокіх састарэлых, інвалідаў, таму зазначыў, што для такіх людзей менавіта рэлігія часта становіцца адзіным выратаваннем. Былі вызначаны асноўныя напрамкі сумеснай дзейнасці мясцовай улады і духавенства па пытаннях маральнага аздараўлення грамадства. Прадстаўнікі розных канфесій скарысталіся магчымасцю задаць упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцей пытанні, якія іх цікавілі.

Працуючы на ранейшай пасадзе, Аляксандр Румак бываў у Пастаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І цяпер не абмінуў гэту ўстанову, пагутарыў з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту. А тыя ў сваю чаргу парадавалі высокага госця сваімі крэатыўнымі вырабамі і канцэртнымі нумарамі.

Зайшоў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей і ў мясцовыя храмы. У касцёле Святога Антонія Падуанскага ён сустрэўся з ксяндзом-пробашчам Вадзімам Прасяным, у пастаўскай царкве — з яе настаяцелем протаіерэем Валерыем Пашкевічам. Каля іконы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы Аляксандр Румак запаліў свечку і расказаў, што нарадзіўся і выхоўваўся ў праваслаўнай сям’і ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

У адзіным дні інфармавання ўдзельнічалі таксама галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Хрол, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.