С 1 июня по 15 сентября в Поставском районе проводится специальная программа «Мак»

Безопасность

Пачаўся «Мак»

Штогод з наступленнем лета на прысядзібных участках некаторых жыхароў раёна можна ўбачыць ярка-чырвоныя кветкі маку. Адны вырошчваюць яго спецыяльна — для ўласных патрэб або з дэкаратыўнай мэтай, іншым проста шкада знішчаць прыгожыя раслінкі, якія насеяліся самі. А між тым за вырошчванне маку і канопляў, пасевы якіх таксама сустракаюцца на Пастаўшчыне, законам прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. І не важна, як яны з’явіліся на ўчастку землеўладальніка.

— Незаконная сяўба або вырошчванне без мэты збыту ці вырабу наркатычных сродкаў забароненых для пасадкі раслін караюцца штрафам у памеры да 20 базавых велічынь, — цытуе артыкул 17.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях старшы опер­упаўнаважаны групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі РАУС Міхаіл Ходан і канстатуе: — У 2021 годзе на ўчастках жыхароў Пастаўскага раёна выяўлена 13 такіх фактаў, столькі ж грамадзян прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, знішчана больш за 8,5 кілаграма маку, які рос на агульнай плошчы 45 м2.

Калі наркаўтрымальныя расліны вырошчваюцца з мэтай рэалізацыі або вырабу наркатычных сродкаў, наступае адказнасць па артыкуле 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ён прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў. За тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна або групай асоб, можна трапіць за краты на 3—7 гадоў. У выпадку, калі дзейнічала арганізаваная група, прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Летась на Пастаўшчыне былі здзейснены 2 звязаныя з наркотыкамі злачынствы. Па крымінальных справах канфіскавана 97,54 грама марыхуаны, а таксама 10 кустоў канопляў агульнай вагой больш за 1 кілаграм.

З 1 чэрвеня па 15 верасня на тэрыторыі Пастаўскага раёна праводзіцца комплекс аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў у рамках спецыяльнай праграмы «Мак».

У гэты перыяд супрацоўнікі міліцыі будуць звяртаць асаблівую ўвагу на прысядзібныя і садовыя ўчасткі гараджан і вяскоўцаў і прымаць адпаведныя меры да тых, у каго растуць мак і каноплі. Таму, каб не мець праблем з законам, не сейце гэтыя расліны, а калі яны выраслі самі па сабе — знішчыце. Таксама праваахоўнікі спадзяюцца, што жыхары раёна не застануцца ў баку ад праблемы незаконнага вырошчвання наркаўтрымальных раслін, і просяць паведамляць пра ўсе вядомыя факты і асоб, якія маюць дачыненне да гэтага, у РАУС па тэлефонах: 102 або 4-32-25, 8(033)377-17-30. Ананімнасць гарантуецца.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.