Жительница аг. Новоселки Лилия Зарецкая — известная в районе вышивальщица

Культура

Мае ўласны музей

Жыхарка аграгарадка Навасёлкі Лілія Зарэцкая — вядомая ў раёне вышывальшчыца, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Іголку з ніткай яна ўзяла ў рукі яшчэ дзяўчынкай і з таго часу больш за 60 гадоў «распісвае» рознакаляровымі шыўкамі падушачкі, дываны, ручнікі, настольнікі, сурвэткі… Іх Лілія Ра­дзівонаўна стварыла сотні. А яшчэ вышыла такія вялізныя работы, як «Дрэва роду сям’і Лапачонак», «Карта Беларусі» з абазначэннем на ёй усіх абласных і раённых цэнтраў, «Гербы гарадоў-пабрацімаў Пастаў», «Слова беларускае — вечнае» з імёнамі вядомых айчынных пісьменнікаў і назвамі іх твораў.

Вырабы майстрыхі не раз выстаўляліся ў Доме рамёстваў «Стары млын» і «Горадзе майстроў» на фестывалях «Звіняць цымбалы і гармонік» і «Славянскі базар у Віцебску», разам з аўтарам пабывалі на «Дажынках» у Оршы, Дні беларускага пісьменства ў Барысаве, свяце сямейнай творчасці ў Слоніме, іншых важных культурных мерапрыемствах у вобласці і рэспубліцы. Нямала работ Лілія Радзівонаўна раздарыла — знаёмым, сябрам, вядомым асобам, якія калісьці прыязджалі ў Паставы або з якімі давялося пазнаёміцца за межамі раёна. Уласнаручна вышытую карціну прэзентавала нават Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку падчас урачыстага пуску прыроднага газу ў райцэнтры.

Два гады назад у Ліліі Зарэцкай з’явіўся ўласны музей, які размясціўся ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі. Цяпер там знаходзяцца найлепшыя работы, створаныя майстрыхай на працягу жыцця, а таксама дыпломы, граматы і падзякі, якімі калісьці была адзначана яе твор­часць. І хоць жанчына размяняла ўжо восьмы дзясятак, яна па-ранейшаму не выпускае іголку з рук. А значыць, колькасць экспанатаў музея будзе папаўняцца.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.