55-летний юбилей отметил коллектив Поставского отделения Департамента охраны МВД Республики Беларусь

Безопасность

З дзвюма пяцёркамі

Учора 55-гадовы юбілей адзначыў калектыў Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Гэта падраздзяленне было створана 1 ліпеня 1967 года па загадзе ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Называлася яно тады аддзяленнем пазаведамаснай аховы пры Пастаўскім РАУС і за паўстагоддзя гісторыі перажыло шэраг рэарганізацый, у выніку якіх 28 лютага 2004 года атрымала цяперашнюю назву.

За гады станаўлення многае змянілася: значна палепшылася тэхнічная аснашчанасць службы і павялічыўся штат работнікаў, у разы вырасла колькасць узятых пад ахову аб’ектаў, з’явіліся новыя яе віды і паслугі. Але нязменным засталося адно — выкананне пастаўленых перад калектывам задач на высокім прафесійным узроўні.

«Старажылы» аддзялення Аляксей Талайка і Аляксандр Буяльскі з маладым папаўненнем — Антонам Ухіным, Яўгеніем Хурдам і Станіславам Руткоўскім

Ёсць чым ганарыцца

Сёння Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы ўпэўнена ідзе ў нагу з часам. Яно «ўзброена» найноўшымі сродкамі сувязі, тэхнічнымі сродкамі аховы, аўтамабільнай тэхнікай, аказвае фізічным і юрыдычным асобам шырокі спектр паслуг па ахове самых розных аб’ектаў: адміністрацыйных будынкаў, вытворчых памяшканняў, дамоў, кватэр, гаражоў і інш., суправаджэнні грузаў, мантажы і абслугоўванні сродкаў ахоўнай, пажарнай і трывожнай сігналізацыі, ліцэнзаванні ахоўнай дзейнасці.

Пад крылом мясцовай «савы» знаходзяцца 354 аб’екты і жылыя дамы (памяшканні) у раёне. 109 з іх узяты пад усе віды аховы, 17 — пад фізічную, 2 — пад міліцэйскую, 11 — пад вартавую, 1 — пад змешаную, 3 — пад камбінаваную. 337 аб’ектаў, жылых дамоў і іншых будынкаў фізічных асоб кантралююцца з дапамогай пультавай аховы, 170 абсталяваны кнопкамі трывожнай сігналізацыі, на 12 ажыццяўляецца цэнтралізаванае назіранне за сродкамі трывожнай сігналізацыі. На ўсіх іх летась, як і ў папярэднія гады, не дапушчана выпадкаў крадзяжоў.

Але не толькі гэтым ганарыцца аддзяленне. Пры падвядзенні вынікаў службовай дзейнасці за першае паўгоддзе і за год сярод падраздзяленняў аховы Віцебскай вобласці і рэспублікі яно неаднойчы займала прызавыя месцы ў сваёй групе, некалькі разоў станавілася пераможцам спаборніцтва, а цяперашні яго начальнік Вадзім Крыштафовіч на працягу трох апошніх гадоў прызнаваўся найлепшым па прафесіі. Дабіваліся поспеху пастаўчане і ў розных спартыўных спаборніцтвах, якія ла­дзіліся Дэпартаментам аховы, аглядах-конкурсах прафесійнага майстэрства і мастацкай сама­дзейнасці, атрымліваючы граматы і дыпломы.

Святлана Урбановіч здае пост мужу Анатолію

Дружна робяць адну справу

За пералічанымі дасягненнямі — штодзённая праца ўсіх членаў калектыву. Тых, хто яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя закладваў падмурак службы, рабіў усё для таго, каб кожны жыхар раёна адчуваў сябе на­дзейна абароненым, і сённяшніх работнікаў падраздзялення. А ў ім зараз 98 чалавек, 27 з якіх — атэставаныя супрацоўнікі, 71 — цывільны персанал.

Цывільныя асобы ўваходзяць у адміністрацыйна-кіраўніцкі апарат, займаюцца ўстаноўкай ахоўнай сігналізацыі на аб’ектах, дзяжураць за пультам кіравання. Але пераважная іх большасць — гэта работнікі вартавой аховы, якія нясуць службу на пастах. Асабліва важныя аб’екты, такія як райвыканкам, суд, банкі, электрападстанцыя «Бірвіта», ахоўваюць прадстаўнікі атэставанага складу.

Сярод тых, хто носіць пагоны, Вадзім Крыштафовіч асабліва вылучае міліцыянераў групы затрымання, называючы іх сваім «баявым кулаком». Яны аператыўна рэагуюць на ўсе сігналы трывогі, што паступаюць з узятых пад ахову аб’ектаў, сумесна з супрацоўнікамі райаддзела міліцыі выязджаюць на сямейна-бытавыя скандалы, ажыццяўляюць ахову грамадскага парадку на вуліцах горада, аднымі з першых прыбываюць на месцы здзяйснення злачынстваў. Акрамя таго, супрацоўнікі аховы не раз ратавалі людзей на пажарах і вадаёмах, дапамагалі аўтамабілістам завесці машыны ў моцныя маразы, аказвалі дапамогу грамадзянам, якім станавілася дрэнна на вуліцы.

Расказваючы пра калектыў, Вадзім Леанідавіч адзначыў, што ён цудоўны, кожны яго прадстаўнік стараецца выканаць пастаўленую перад ім задачу ў вызначаны тэрмін. Пры гэтым калектыў увесь час мяняецца: адны выходзяць на заслужаны адпачынак, іншыя папаўняюць дружную міліцэйска-цывільную сям’ю. У выніку за апошнія 5 гадоў штат абнавіўся працэнтаў на 60. Але ў ім па-ранейшаму нямала тых, хто аддаў аддзяленню аховы палову свайго жыцця. Гэта міліцыянер-кінолаг Аляксей Талайка, памочнік камандзі­ра ўзвода Аляксей Буяльскі, міліцыянер узвода міліцыі Аляксандр Бакуновіч, галоўны бухгалтар Алена Пяткевіч, дзяжурная пульта кіравання Алена Мандро, чый стаж тут складае больш за 20 гадоў.

На змену «старажылам» штогод прыходзіць моладзь. Вось і сёлета ў штаце з’явіліся трое навічкоў — выпускнікі пастаўскага каледжа Антон Ухін, Яўгеній Хурда і Станіслаў Руткоўскі, якія прайшлі падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры Дэпартамента аховы ў пасёлку Гарані.

Вадзім Крыштафовіч віншуе з Днём міліцыі Віктара Ашчэпкава

Дэпартамент — мая сям’я

Гэтыя словы належаць Вадзіму Крыштафовічу. Але пад імі гатовы падпісацца Анатолій і Святлана Урбановічы, якія працуюць тут вартаўнікамі.

Першым 7 гадоў назад у ахову прыйшоў Анатолій Леанідавіч, які да гэтага столькі ж часу адпрацаваў вартаўніком у цэнтральным аддзяленні паштовай сувязі. Праз 4 гады па прыкладзе мужа вырашыла змяніць месца работы Святлана Мікалаеўна — былы памочнік выхавальніка ў дзіцячым садку №1. І не пашкадавала пра сваё рашэнне.

— Тут значна вышэйшая зарплата, вельмі добры, дружны калектыў, цудоўнае кіраўніцтва, — гаварыла яна. — Пры неабходнасці заўсёды заменяць, адпус­цяць. Калі ў дачкі ўзніклі праблемы са здароўем і спатрэбіліся грошы на аперацыю, дзякуючы Вадзіму Леанідавічу і ўсім работнікам аддзялення, нам была аказана фінансавая дапамога.

Нягледзячы на тое, што пост Святланы Мікалаеўны ў Пастаўскім лясгасе, а Анатолія Леанідавіча — у АДРАЦ «Ветразь», ім даводзіцца несці службу і на іншых аб’ектах. Асабліва летам, у сезон водпускаў. Тады ж атрымліваецца часцей заступаць на змену. Але Урбановічы на гэта не скардзяцца. Калі трэба замяніць кагосьці з калег, яны па першым званку гатовы выйсці на дзяжурства, нават толькі змяніўшыся з ночы.

Свае службовыя абавязкі сямейная пара выконвае бездакорна, забяспечваючы захаванасць маёмасці на давераных ім аб’ектах.

У розныя гады Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы ўзначальвалі:

  • Сцяпан Міхайлавіч Калінін (1967—1972)
  • Віктар Іванавіч Ашчэпкаў (1972—1979)
  • Уладзімір Уладзіміравіч Скіндар (1979—1993)
  • Сяргей Іосіфавіч Мандро (1993—1997)
  • Вячаслаў Серафімавіч Розынка (1997—2002)
  • Аляксандр Фёдаравіч Траццяк (2003—2009)
  • Сяргей Анатольевіч Лапушынскі (2009—2013)
  • Дзмітрый Аляксандравіч Місюк (2013—2018)
  • З 29 чэрвеня 2018 года начальнікам аддзялення з’яўляецца маёр міліцыі Вадзім Леанідавіч Крыштафовіч.


Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.