60 секунд необходимо спасателям, чтобы выехать на место чрезвычайного происшествия

Безопасность Важное

25  ліпеня – Дзень  пажарнай  службы

Баявая гатоўнасць – за 60 секунд

Менавіта за такі кароткі час ад паступлення сігналу трывогі ў службу выратавання РАНС да выезду на месца здарэння гатовыя ратаўнікі.

У пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 падчас дзяжурства змены №1 тэлефонныя званкі прымае дыспетчар Аляксандр Мышко. З 30 ліпеня ён мае права выйсці на заслужаны адпачынак і развітацца з аддзелам, у якім праслужыў 27 гадоў. Пачынаў з майстра-ратаўніка, затым перайшоў у дыспетчарскую службу. Падрабязна памятае кожную сітуацыю, кожную трагедыю, калі, прыехаўшы на месца здарэння, уратаваць чалавека не ўдавалася. Цяпер Аляксандр рыхтуе сабе замену: на дыспетчара стажыруецца Вадзім Каравацкі. Хлопец прыйшоў у РАНС па слядах бацькі — хіміка-дазіметрыста Алега Каравацкага.

Начальнік змены Аляксандр Хілевіч з калегамі Аляксеем Мозалевым, Ільёй Федаронкам, Алегам Каравацкім, Дзмітрыем Шылько і Яўгеніем Кундро

— Спектр задач у ратаўнікоў шырокі: ад ліквідацыі пажараў да ўхілення наступстваў тэхнагенных катастроф, — расказваў начальнік змены №1 Аляксандр Хілевіч. — Лёгкіх сутак у нас не бывае. Зімой прычына пажараў — у асноўным няспраўныя печы, іх перагрэў. Вясной галаўны боль рансаўцаў — пажары сухой травы, летняй спёкай для ўзгарання дастаткова непатушанага акурка. Вывесці сітуацыю з-пад кантролю могуць і ліўні з навальніцамі, і моцныя вятры.

У большасці выпадкаў да трагедыі прыводзіць чалавечы фактар. Нягледзячы на тое, што работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пастаянна напамінаюць грамадзянам, наколькі важна выконваць элементарныя правілы пажарнай бяспекі, робяць гэта не ўсе. Асноўная колькасць пажараў адбываецца ў жылым сектары з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення.

Дыспетчар Аляксандр Мышко са стажорам Вадзімам Каравацкім

Ратаўнікі заўсёды гатовыя і да ліквідацыі наступстваў хімічных аварый. Для гэтага ёсць спецыяльная тэхніка, сучаснае абсталяванне. Даводзіцца ратаваць людзей, якія пацярпелі ў дарожна-транспартных здарэннях і не могуць самастойна выбрацца з пашкоджанай машыны.

Прафесія ратаўніка — рызыкоўная. Тут трэба быць рашучым, гатовым справіцца з вялікімі нагрузкамі, стрэсавымі сітуацыямі, мець выдатную фізічную падрыхтоўку. Выпадковыя людзі ў РАНС не затрымліваюцца. У змене, якой кіруе Аляксандр Хілевіч, большасць работнікаў маюць багаты стаж. Старшы інструктар-ратаўнік Яўгеній Кундро прысвяціў службе ў аддзеле 22 гады. Вопытам і майстэрствам вызначаюцца майстар-ратаўнік Сяргей Мінгіновіч, інжынер хімічнай і радыя­цыйнай аховы Яўгеній Крэміс. Больш за 10 гадоў працуюць вадзіцелямі: баявой машыны — Дзмітрый Шылько, машыны хімічнай і радыяцыйнай аховы — Іван Слабадзянюк. Столькі ж часу ў РАНС майстар-ратаўнік Аляксей Мозалеў. У старэйшых калег пераймаюць вопыт маладыя вадзіцелі Ілья Федаронак, Марат Мурзахатаў.

Важная роля ў аддзеле адводзіцца падрыхтоўцы асабовага складу. Прафесійныя навыкі ратаўнікі адпрацоўваюць падчас штодзённых тэарэтычных і практычных заняткаў. А працуюць яны ў рэжыме 24/7.

 Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.