78-летний бывший малолетний узник фашизма Марфа Лекаревич поделилась своими воспоминаниями о войне

История

Усё жыццё дзякуе за жыццё

2022-і аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Ва ўсяго беларускага народа яна — агульная, у кожнага чалавека — свая і розная: радасная, сумная, балючая. Усё гэта ёсць у лёсе жыхаркі райцэнтра Марфы Лекарэвіч.

Марфе Іванаўне 78 гадоў. Яна — былы малалетні вязень фашызму. Жанчыну ведаю даўно, гадоў 30 таму пісала пра яе ў раёнцы. І вось нядаўна ў рэдакцыю прыйшло ад яе пісьмо. Марфа Іванаўна просіць вярнуцца да гісторыі яе з’яўлення на свет і дапамагчы ў пошуку нашчадкаў жанчыны, якую лічыць сваёй другой маці і якой бязмежна ўдзячная на працягу ўсяго свайго жыцця. На сустрэчу не разлічвае, бо моцна хворая. Але вельмі хоча даведацца пра лёс фрау Марты, яе дзяцей і ўнукаў, хоць у пісьме ім падзякаваць за чуласць, спагаду іх маці і бабулі.

…Падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія акупанты вывезлі ў Германію на прымусовыя работы тысячы беларусаў. У іх ліку аказаліся і Ганна і Іван Шурпікі з Кураполля. Жанчына была цяжарнай. 26 лютага 1944 года ў бараку канцлагера Марыенталь, размешчаным у цюрынгскім пасёлку Зоннеберг, яна нарадзіла дачушку. Для лагернага начальства такая падзея была зусім непажаданай: патрабаваліся здаровыя мужчыны і жанчыны, рабочыя рукі, а тут — дзіця… Роды былі цяжкімі, Ганна пакутавала не адны суткі. Невядома, ці выжыла б, калі б не ўмяшальніцтва немкі Марты, разам з якой працавала ў лагеры на кухні. Марта прывяла да парадзіхі доктара, потым дапамагла з пялёнкамі, адзеннем для немаўляці, каляскай. У знак удзячнасці апякунцы бацькі далі дзіцяці яе імя. Аднак для беларусаў яно гучала вельмі нязвыкла. Таму замянілі адну літару, і ў выніку дзяўчынка стала Марфай.

Радасным было вызваленне з няволі вясной 1945-га, доўгім і цяжкім выдаўся шлях на Ра­дзіму. Дабіраліся амаль усё лета. Галадавалі, касіла дызентэрыя, асабліва дзяцей. Хаваць не было як, таму іх трупікі клалі ў чамаданы і пакідалі на станцыях. Пра ўсё гэта Марфе расказвала маці. Асабліва часта яна з глыбокай удзячнасцю ўспамінала фрау Марту.

Міналі гады, а ў Марфы не толькі не праходзіла, а ўсё больш узрастала жаданне адшукаць сваю другую, нямецкую, маму. Звярталася ў выканкам Чырвонага Крыжа ў Маскву, пісала ў рэспубліканскія газеты. Нарэшце мара збылася! Уласны карэспандэнт «Советской Белоруссии» ў Германіі адшукала фрау Марту. Рэдакцыя выклікалася аплаціць паездку Марфы Лекарэвіч у Германію, арганізаваць яе сустрэчу з выратавальніцай. Аднак абставіны склаліся так, што Марфа Іванаўна не змагла паехаць. А вось прасякнутае глыбокай удзячнасцю пісьмо адправіла. На жаль, з цягам часу нямецкі адрас згубіўся.

Даўно няма ў жывых Марфінай маці. Жанчына разумее, што завяршыўся зямны шлях і Марты. Але памяць пра яе і бязмежная ўдзячнасць не згасаюць у сэрцы. Таму нават праз многія дзесяцігоддзі зноў і зноў вяртаецца да далёкай асабістай гісторыі. Яна сведчыць пра тое, што не ўсе немцы былі фашыстамі, не ўсе лютавалі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Знаходзіліся і такія, хто праяўляў спагаду да бязвінных нявольнікаў. І гэта так па-чалавечы!

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.