Чемпионат Беларуси по футболу. Вторая лига. ФСК «Поставы»–ФК «Лепель» – 2:2

Спорт и туризм

Змагаліся да канца

ФСК «Паставы»–ФК «Лепель» – 2:2

У гэтай сустрэчы ў пастаўчан адсутнічалі тры вядучыя ігракі. У стартавым складзе з’явіліся і добра сябе праявілі двое навічкоў — Уладзіслаў Дубін і Уладзімір Камісарчук. Лепяльчане ад іншагародных футбалістаў адмовіліся ўвогуле і пачалі матч вельмі агрэсіўна: ужо на 2-й хвіліне правялі вострую фланговую атаку. На прастрэльную перадачу адгукнуўся дэбютант Яўген Піпко, які вывеў каманду сапернікаў наперад — 0:1.

Нашы не разгубіліся і адказалі на выклік стрэлам Яўгена Ясюковіча. На жаль, мяч крыху размінуўся са стойкай варот.

Лепяльчане перыядычна праводзілі імклівыя контр­атакі. Нягледзячы на гэта, дамінаваць на полі сталі пастаўчане. Ужо ў сярэдзіне першага тайма яны зарабілі пенальці. Да мяча падышоў апорны паўабаронца Ігар Павініч, але варатар ФК «Лепель» Яраслаў Самсонаў у скачку адбіў яго ўдар. Некалькі разоў бліскуча згуляў і яго пастаўскі калега па амплуа Андрэй Чашун. Прыгожы атакуючы футбол трымаў гледачоў у напружанні да самага фінальнага свістка. Да гонару пастаўчан, на матчы прысутнічалі Сяргей Чэпік і Пётр Курто.

Прарыў на ўдарную пазіцыю аўтара двух галоў, капітана пастаўчан Андрэя Вілейты

Да перапынку ФСК «Паставы» стварыў тры галявыя моманты, але адыграцца змог, калі пачаўся лівень. Наш капітан Андрэй Вілейта з другой спробы без перашкод рэалізаваў свой выхад на вароты саперніка — 1:1.

У другой палове матча абе­дз­ве каманды па чарзе небяспечна атакавалі. Аднак нечакана для ўсіх наперад выйшлі лепяльчане. Яны разыгралі ўзорную камбінацыю: на 66-й хвіліне вывелі на заключны ўдар Дзяніса Агрызку, які не прамахнуўся — 1:2. У канцы гульні стадыён заціх, бо за нястрыманасць за другое па ліку папярэджанне быў выдалены з поля наш вопытны абаронца Максім Голубеў.

Пастаўчане з апошніх сіл пайшлі на штурм варот лепяльчан. Пасля двух безвыніковых выхадаў адзін на адзін з варатаром наш капітан А. Вілейта на 86-й хвіліне з вострага вугла трапна стрэліў пад перакладзіну — 2:2. У пастаўскай каманды быў шанц вырваць перамогу ў канцоўцы. Але Я. Ясюковіч прабіў крыху вышэй за вароты, а ў наступным эпізодзе ўдар прыйшоўся ў штангу.

Баявой нічыёй на сваім полі дабіліся Чашун, М. Зелянкевіч (Звяруга), Рогач, Голубеў, Касенка, Каралёнак, Камісарчук (Давідоўскі), Павініч, Дубін (Маршын), Ясюковіч, Вілейта (к).

У гэтым туры наш наступны сапернік — віцебскі «Велес» — атрымаў 10-ю па ліку перамогу з буйным лікам, разграміўшы на выездзе (5:2) ФК «Міёры». Дзеючы чэмпіён — «Газавік» (Віцебск) — нечакана дома саступіў (1:3) гарадокцам. Іншыя сустрэчы тура завяршыліся так: ФК «Сянно»—«Ніва» (Талачын) — 3:0, «Полацк-2019»—ФК «ДЮСШ-Орша» — 0:0. У актыве пастаўчан — 12 ачкоў і разам з палачанамі яны дзеляць 6—7-е месцы ў турнірнай табліцы. Нашы падымуцца вышэй, калі АБФФ перагледзіць вынік (3:3) скандальнага матча з сенненцамі.

7 жніўня наша каманда на сваім полі памераецца сіламі з аршанцамі.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.