Члены оргкомиссии посещают участников смотра-конкурса «Лучшее подворье-2022»

Общество

Маладым у іх павучыцца

У пачатку вясны Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аб’явіў агляд-конкурс «Найлепшае падвор’е-2022» для пажылых грамадзян, якія карыстаюцца паслугамі сацыяльнай службы.

Ён ладзіцца ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце-2030» і прысвечаны Году гістарычнай памяці. Нядаўна начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, дырэктар ТЦСАН Марыя Ракоўская і загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Іна Ягела адправіліся да канкурсантаў, каб пазнаёміцца з імі і ацаніць панадворкі. Па некаторых адрасах у райцэнтры пабывала і карэспандэнт «ПК».

Яркая ружа пляцецца па сцяне дома, у кветніку раскашуюць розных сартоў лілеі, у агародзе чырванеюць памідоры, адцвітае бульба… І нідзе ні травінкі! Гаспадыня Фоція Пабядзінская выхо­дзіць з дома, абапіраючыся на кіёк.

Члены арганізацыйнай камісіі на падворку пастаўчанкі Фоціі Пятроўны Пабядзінскай

— Хто такі парадак навёў вам? — цікавяцца члены арганізацыйнай камісіі.

— Маю добрага сацыяльнага работніка — Іну Лапушынскую, — адказвае жанчына. — Але лішняй работай яе стараюся не загружаць. Хоць мне ўжо 89, рухаюся. Кветкі вельмі люблю, таму і даглядаю іх з задавальненнем. У мяне цудоўныя, гаспадарлівыя маладыя суседзі. Імкнуся, каб ім не было сорамна за мой панадворак.

— Ды ў вас маладым варта павучыцца! — парыруюць прадстаўнікі ТЦСАН. — Ваш прыгожы і дагледжаны ўчастак радуе вока. Жадаем так трымаць і надалей.

Каля пад’езда дома №11 па вуліцы Юбілейнай сустракае Людміла Нусіна. Расказвае, што пра парадак у пад’ездзе, кветкі на клумбах пад вокнамі клапоціцца разам з суседкамі Лайлай Пачкоўскай, Людмілай Палтаржыцкай і Тамарай Астапковіч.

— Мы пабывалі ў многіх населеных пунктах раёна, — расказвала Іна Ягела. — Прыемныя ўражанні засталіся ад хараства ў дварах Аліны Казіміраўны Самковіч і Вайцеха Канстанцінавіча Бутовіча з Казлоўшчыны, Ядвігі Уладзіміраўны Вештарт з Рэдзькаўшчыны, Веранікі Янаўны Юхновіч з Буды. Яшчэ канкурсанты чакаюць членаў камісіі ў Варапаеве, Лынтупах і Юньках. Даедзем да кожнага, хто падаў заяўку на ўдзел у конкурсе. А таксама напамінаю, што ёсць яшчэ намінацыі «Сабе на карысць» (незвычайныя нарыхтоўкі з вырашчанага ўраджаю), «Ад прыроды — матэрыял, ад майстра — талент» (вырабы з дрэва, агародніны, фруктаў).

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.