Дорожники филиала «Поставское ДРСУ-132» «одели» дорогу через Ширки в асфальт

Важное Общество

Дарогу праз Шыркі «апранулі» ў асфальт

Рух праз гэты населены пункт асабліва ажыўлены летам: у навакольных вёсках пражывае шмат дачнікаў, аматары рыбнай лоўлі і купання спяшаюцца на размешчаныя непадалёк маляўнічыя азёры. На іх любяць адпачываць не толькі пастаўчане, але і жыхары сталіцы. Акрамя таго, актыўна ідзе нарыхтоўка кармоў, і магутная сельгастэхніка праз вёску дастаўляе зялёную масу з поля да сянажных траншэй. З-за інтэнсіўнасці руху асфальтавае пакрыццё знасілася. Разбітая дарога стала нязручнасцю для вадзіцеляў, а слупы пылу пасля праезду машын — для мясцовых жыхароў. І вось у пачатку лета дарожнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» «апранулі» дарогу праз Шыркі ў асфальт.

Старшы майстар Пастаўскага ДРБУ-132 Дзмітрый Смятанка з дарожнымі рабочымі Андрэем Канчаніным, Паўлам Гіняўцом і машыністам асфальтаўкладчыка Сяргеем Сабіранавым

Вадзіцелі 20-тоннага МАЗа Алег Касцель і 15-тоннага — Генадзій Курто дастаўлялі з асфальтабетоннага завода ў Боцьвінах асфальт. На асфальтаўкладчыку працаваў машыніст Сяргей Сабіранаў. Прыкатвалі пакрыццё машыністы каткоў Іосіф Вырвіч і Сяргей Галяк. Аўтагрэйдарыст Рычард Радзюш прафіляваў абочыны, выраўноўваў іх, згладжваў і ўшчыльняў. Дарожныя рабочыя Андрэй Канчанін, Сяргей Кавалёў і Павел Гінявец добраўпарадкоўвалі з’езды, закругленні, мянялі старыя дарожныя знакі на новыя, абразалі кусты і галіны дрэў, абкошвалі траву. Кіраваў работамі старшы майстар Дзмітрый Смятанка.

За ўкладкай асфальту сочыць рабочы Сяргей Кавалёў

— Добраўпарадкаванне вуліц і дарог — адзін з прыярытэтных напрамкаў сацыяльнай палітыкі раёна і клопат дарожнікаў, — гаварыў Дзмітрый. — Мара жыхароў Шырак нарэшце збылася: яны атрымалі доўгачаканы і каштоўны падарунак і ўжо адчулі асалоду ад новага асфальту, які значна палепшыў і ўмовы руху транспарту. Аб’ём работ мы выканалі немалы, на 2 кіламетры дарогі зрасходавалі каля 1 500 тон асфальту. На ўсю работу затрачана 223 тысячы рублёў.

А яна кіпела з раніцы да вечара. Стараліся ўсе, таму і ўклаліся ў вызначаны тэрмін. А перад гэтым брыгада Дзмітрыя Смятанкі заасфальтавала 600 метраў дарогі ад запраўкі па вуліцы Савецкай, каля новай аўтамыйкі і да скрыжавання аб’язной дарогі з вуліцай Лясной.

Вадзіцель МАЗа Сяргей Лушчык

Пасля Шырак пераехалі на новы аб’ект — ферму ў Буцавічах, дзе асфальтуюць месцы выгулу для жывёлы, стаянкі, пажарныя праезды, бетануюць армапояс для гнаясховішча. У чэрвені на добраўпарадкаванне тэрыторыі каля фермы пайшло больш за 400 тон асфальту. План на ліпень — 1 000 тон.

З мэтай забеспячэння бяспекі дарожнага руху на вуліцы ад магазіна «Натуральныя прадукты» ААТ «Навасёлкі-Лучай» да мясцовага касцёла ў Дунілавічах дарожнікі Пастаўскага ДРБУ-132 зрабілі штучную няроўнасць з пешаходным пераходам.

Лета — спрыяльны час для рамонту дарог. І дарожнікі імкнуцца выкарыстаць яго па максімуму.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.