Галина Хомич из аг. Дуниловичи раскрывает красоту своей души… в цветах

Важное Общество

І жыць хочацца, і радавацца

Прыгажосць душы чалавека… якая яна? Як яе ўбачыць? Скажаце, гэта немагчыма? Пасля сустрэчы с Галінай Хоміч, якая жыве ў аграгарадку Дунілавічы, я пераканалася, што магчыма. Руплівая гаспадыня раскрывае прыгажосць сваёй душы… у кветках.

Адразу і не заўважыш, якая разнастайнасць дзівосных раслін хаваецца метраў за 10 ад праезнай дарогі. Кажуць, што вялікія рэкі цякуць ціха. Гэта менавіта той самы выпадак.

— Не лічу сябе супергаспадыняй, — засаромеўшыся ад маіх уражанняў, адказвала Галіна Ігнацьеўна. — Цяпер вырошчваю значна менш: і сілы ўжо не тыя, і здароўе часам падводзіць. Увосень, дай Бог, восьмы дзясятак распачну.

Гаспадыня Галіна Хоміч з любімай кветачкай — унучкай Палінкай

Працавітая, уважлівая, гасцінная, шчырая і адначасова сціплая жанчына — так можна каротка ахарактарызаваць жанчыну. Родам яна з Ёдаўцаў, а ў Дунілавічах жыве больш за 50 гадоў.

— Дзяцінства было нялёгкім: з маленства шмат працавала, як і большасць дзяцей у вёсках. Нас у сям’і было шасцёра дзяцей, — дзялілася ўспамінамі мая суразмоўца. — Бацька быў строгім і вельмі працавітым. З ім не забалуеш! Маці была заўсёды ўважлівай і клапатлівай у адносінах да нас. Мела вытанчаны густ і асаблівую цягу да ўсяго прыгожага, у тым ліку і да кветак. Гэта адрознівала яе ад астатніх вясковых жанчын. А яшчэ — верыла ў Бога і нас вучыла гэтаму. Усё гэта перадалося і мне.

Душэўна размаўляючы, мы пераходзілі ад адной клумбы да іншай. Але ў выпадку Галіны Ігнацьеўны паняцце «клумба» — занадта абмежаванае. Тут кветкі паўсюль, прычым розных гатункаў, пачынаючы ад рознакаляровых руж і заканчваючы дэкаратыўнымі квітнеючымі хмызнякамі. Гаспадыня імкнецца, каб гэта кветкавае хараство раскашавала з ранняй вясны да позняй восені. Крокусы, белакветнікі, прымулы, цюльпаны пачынаюць цешыць вока ў першую чаргу. Затым зацвітаюць касачы бардзюрныя, анемоны, званочкі, фіялкі. Пазней стракацяць яркімі фарбамі лілеі, лілейнікі, флёксы. Ліпень — пара цвіцення клемацісаў. Кожная кветка нібы выразана з аксаміту. Апісаць усю гэтую прыгажосць немагчыма, яе трэба ўбачыць!

Гаспадыня памятае ўсе назвы сваіх «падапечных», ведае іх «звычкі», куды і як трэба садзіць.

— Кветкі, нібы людзі, любяць ласкавае і беражлівае да сябе стаўленне, — з пяшчотай у вачах дзялілася яна.

Сваім асаблівым гонарам гаспадыня лічыць хосты. Па яе словах, гэта была любоў з першага погляду. А пачалося ўсё з кусціка «патрыёт», які Галіне Ігнацьеўне падарыла знаёмая кветачніца з Норыцы. Збірала іх некалькі гадоў: набывала праз інтэрнэт-магазіны, абменьвалася з такімі ж захопленымі людзьмі па ўсёй Беларусі. «Атлантыс», «франсіс вільямс», «голдэн меадоўз», «фірст фрост», «джуна», «ліберці» — гэта толькі маленькая частка з калекцыі руплівай гаспадыні. Усяго ж у ёй налічваецца ажно 30 сартоў!

Ігнацьеўна прыгадвала, што ў свой час кветкамі быў застаўлены і ўвесь дом. Асабліва яна захаплялася высачэзнай стойкай з вялікай колькасцю розных вазонаў. Але ўнучка Палінка «дакладным» ударам футбольнага мяча «вызваліла» бабулю ад лішняй нагрузкі.

Галіна Хоміч — заслужаная пенсіянерка з вялікім педагагічным стажам: 33 гады адпрацавала выхавальнікам у дзіцячым садку. Там яе кветкамі былі дунілавіцкія дзеткі. Разам з мужам Францам выгадавалі і сваіх дзяцей — дачку Юлію і сына Юрыя. Абое зараз жывуць у сталіцы.

— Бывае, шануючы мяне, муж кажа: «Усё купляеш і купляеш, усё садзіш і садзіш! Адпачні ты!» А я ў адказ: «Ведаеш што, дзядуля, калі перастану выпісваць і садзіць, мне — канец». А пакуль прашу Бога аб здароўі і міры на ўсёй зямлі. Раніцай падымаюся, падыходжу да кожнай кветачкі, гляджу, што распусцілася, любуюся — і хочацца жыць і радавацца!

Радуйся, шчырая гаспадынька! У наступны раз прыеду, каб палюбавацца хараством сёлетняй навінкі — сапраўднай японскай сакурай. Абяцаю!

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.