Поставчанка Лидия Гинько: «Мне так хорошо в своем доме!»

Общество

І Амерыку праз інтэрнэт «дастае»

З пастаўчанкай Лідзіяй Мікалаеўнай Гінько я пазнаёмілася падчас аб’езду прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пажылых грамадзян — удзельнікаў агляду-конкурсу «Найлепшае падвор’е-2022».

Ва ўтульным двары нас сустрэла дачка гаспадыні Валянціна, якая некалькі разоў на год прыязджае ажно з Санкт-Пецярбурга наведаць маці. Падышла і Лідзія Мікалаеўна, ёй ідзе 88-ы год.

— Дзве васьмёркі насіць на плячах цяжкавата, таму абапіраюся на кіёк, — жартуе. — Але ў агародзе, кветніку стараюся падтрымліваць парадак. А найлепш у мяне атрымліваецца з камп’ютарам.

— Мама ўвогуле была нават суп­раць мабільнага тэлефона, — уключаецца ў размову дачка. — Угаворвалі даўжэй, чым яна асвоіла тэхніку. Затым, каб зручней было карыстацца, купілі ноўтбук. І справа пайшла! Цяпер па некалькі разоў на тыдзень размаўляе са мной, з другой дачкой, Таццянай, з Мінска, унукамі і праўнукамі з Растова-на-Доне.

— Што Беларусь ды Расія! Я нават Амерыку праз інтэрнэт «дастаю», — зноў з гумарам гаворыць пенсіянерка. — Там жыве пляменнік. І з ім часта выходжу на відэасувязь.

Радзіма Лідзіі Гінько — Браслаўшчына. Муж быў родам з Чашуноў. У Паставы прыехалі ў канцы 50-х мінулага стагоддзя. Па вуліцы П. Марозава пабудавалі дом. У сям’і выраслі дзве дачкі. Лідзія Іванаўна больш за 20 гадоў адпрацавала ў райветстанцыі. З якой цеплынёй яна ўспамінала той час, дружны калектыў, якім кіраваў Уладзімір Івацееў! Захавала добрыя адносіны з калегамі Зінай Ермалаевай, Аняй Фёдаравай, Ленай Шырко, Марыяй Розынкай. Затым пэўны час шчыравала поварам у псіхіятрычнай бальніцы. А 25 гадоў таму аўдавела. Перабірацца да дачок не жадае.

— Мне так хораша ў сваім доме! — гаварыла. — У ім зроблены ўсе выгоды, не трэба непакоіцца ні пра дровы, ні пра ваду. Вясной любуюся шыкоўнымі півонямі, якія цвітуць пад вокнамі барвовым, ружовым, белым колерамі, удыхаю іх прыемны водар. Уздоўж агароджы разрастаюцца хосты. А пляцістая ружа вымахала вышэй за акно, засланяла святло, таму прыйшлося падстрыгчы. Нядаўна насадзіла астраў — яны сваёй прыгажосцю будуць радаваць да глыбокай восені. На градках растуць бульба і цыбуля, іншая агародніна. Вядома ж, кожная раслінка патрабуе догляду. Але для мяне гэта занятак, за якім весялей праходзіць час. Я забываю на гады і хваробы. Зямля, расліны даюць энергію, падтрымліва­юць жыццёвы тонус, аддзячваюць за клопат буйной квеценню і добрым ураджаем.

Вось ужо некалькі гадоў Лідзію Гінько абслугоўвае сацыяльны работнік Таццяна Кліпа. Жанчына пазнаёмілася з ёй падчас перапісу насельніцтва. Разгаварыліся. Так і даведалася, што асноўная работа Таццяны — сацыяльны работнік. Гаспадыні спадабаліся яе ветлівасць, шчырасць. І захацела мець такую памочніцу. Узаемаразуменне зарадзілася адразу. Цяпер і дочкам спакайней, што маці дагледжаная.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.