Председатель райисполкома Сергей Чепик поделился впечатлениями от селекторного совещания с Александром Лукашенко

Главное Местная власть

Вырашчаны ўраджай – у нашых руках

Падчас вялікай селектарнай нарады на сувязі з Прэзідэнтам была ўся краіна. Пра пастаўленыя Аляксандрам Лукашэнкам задачы і іх выкананне на Пастаўшчыне карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч гутарыць са старшынёй райвыканкама Сяргеем Чэпікам.

— Харчовая бяспека краіны і развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці — прыярытэтныя кірункі палітыкі нашай краіны, — гаварыў Сяргей Чэпік. — Сёння на розных міжнародных пляцоўках гавораць пра глабальны харчовы крызіс. І беларусам трэба быць да яго таксама гатовымі. У харчовую бяспеку краіны свой уклад уносяць і хлебаробы нашага раёна.

— Сяргей Васільевіч, але жніво сёлета запазнілася…

— Халодная і зацяжная вясна дзесьці на два тыдні прытармазіла развіццё сельскагаспадарчых культур. Таму жніво і запазнілася. У цэлым ураджай вырас нядрэнны. Разлічваем, што валавы намалот збожжа сёлета перавысіць 60 тысяч тон, што на 20 тысяч больш, чым у мінулым годзе. Але пакуль што ўраджай толькі ў полі. І каб яго сабраць, прыйдзецца прыкласці нямала намаганняў. Летась на 28 ліпеня азімы рапс быў поўнасцю абмалочаны (а гэта 3 000 гектараў), сёлета з планавых 1 830 убралі пакуль яшчэ на 200 гектарах. Азімыя зерневыя былі ўбраны на 5 000 гектараў, сёлета — усяго на 140. Паралельна прадаўжаецца другі ўкос траў, трэба рыхтавацца да сяўбы азімага рапсу. Час спрасаваны.

— Камбайны і зернесушыльныя комплексы гатовыя?

— На 97%. Два камбайны — ­адзін у Ярэве, другі ў Дунілавічах — выйшлі са строю ў пачатку ўборкі азімага рапсу. Прымаюцца ўсе захады да таго, каб у найбліжэйшы час яны зноў уключыліся ў работу.

Самае вузкае месца ў нашым раёне — зернесушыльныя комплексы. У некаторых адкрытых акцыянерных таварыствах, такіх як «Янавіца-агра», «Ярэва-агра», яны вельмі старыя. У Кураполлі, з улікам таго, што плошчы пад зерневыя і зернебабовыя тут павялічыліся, патрэбна і больш магутная зернесушыльная гаспадарка. Трэба маліць Бога аб добрым надвор’і. Памятаю 2015 год, калі я працаваў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, у раёне намалацілі 85 тысяч тон збожжа. Калі б не сухое надвор’е, была б катастрофа. А так зерне з поля паступала сухім, яго толькі ачышчалі і засыпалі на захоўванне. Не першы год вялікую дапамогу ў дапрацоўцы збожжа аказвае Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства, якое з’яўляецца філіялам Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Сушылку тут падрыхтавалі і ўжо сушаць рапс, вырашчаны ў «Ярэве-агра», «Сцягу Перамогі-агра», «Кураполлі-агра». Ёсць дамоўленасць на аказанне дапамогі нам  з кіраўніцтвам відзаўскага кале­джа, сушылка якога размешчана ў Казянах. На казянскіх землях пасеяна каля 1 000 гектараў азімых зерневых ААТ «Кураполле-агра». Разлічваем на нядрэнны ўраджай: курапольцы могуць атрымаць каля 3 000 тон валавога намалоту і на месцы высушыць.

Узводзіцца новы зернесушыльны комплекс у Навасёлках. На жаль, па віне пастаўшчыка — завода «Лідсельмаш» — адбудзецца гэта са спазненнем, бо мантаж сушылкі завадчане пачалі на два тыдні пазней, чым было запланавана. Паралельна сіламі работнікаў ДРБУ-132 і «Рассвета Пастаўскага» там вядзецца добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

— Механізатарскімі кадрамі ўкамплектаваныя?

— На жаль, колькасць сельскіх працаўнікоў паступова змяншаецца. Сем гадоў назад у сельскай гаспадарцы было задзейнічана 3 200 чалавек, цяпер — толькі 1 600. Буйной рагатай жывёлы стала больш, зямлі не паменела. Праўда, з’явілася энерганасычаная тэхніка. Але аб’ёмы ўсё роўна немалыя і нагрузка на кожнага хлебароба вялікая. Многім гаспадаркам, як і ў мінулыя гады, прыйдуць на дапамогу работнікі прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый горада.

— Прэзідэнт паставіў задачу: вырашчанае захаваць да зярнятка!

— Мы таксама заўсёды патрабуем якаснай уборкі. Тэмпы тэмпамі, але яны павінны быць разумнымі. Страты трэба аптымізаваць. З адказнасцю да гэтай справы абавязаны падысці камбайнеры: рэгулярна ачышчаць механізмы, правя­раць рэгуліроўку, не гнацца за тонамі, а сачыць за якасцю. Гэта пытанне будзе на кантролі ў прадстаўнікоў дзяржкантролю, іншых службаў.

Сёлета ў сельскую гаспадарку ўкладзена нямала дзяржаўных рэсурсаў. Наш раён, напрыклад, за кошт фінансавай падтрымкі з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў працэнтаў на 80 быў забяспечаны азотнымі ўдабрэннямі, на 100% — сродкамі аховы раслін. Дзе працавалі тэхналагічна, там разлічваем на высокі ўраджай. І яго трэба ўбраць без страт. Як сказаў Прэзідэнт, страты збожжа — гэта ўгнаенне глебы грашыма.

— Скажыце, калі ласка, яшчэ некалькі слоў пра ўдзел у абласных «Зажынках».

— Яны ладзіліся 27 ліпеня ў адной з наймацнейшых гаспадарак вобласці — СГВ «Мазалавагаз». На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Ад нашага раёна ўдзельнічалі я і кіраўнік аграпрамысловага аб’яднання — дырэктар малочнага завода Канстанцін Гайлеўскі.

Перад пачаткам мерапрыемства ўдзельнікам «Зажынак» расказалі, як у «Мазалавагазе» працуюць з дакладным земляробствам, і паказалі адзіны ў Віцебскай вобласці цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў для гэтай галіны. Дакладнае земляробства — гэта такая сістэма кіравання прадукцыйнасцю пасеваў, заснаваная на выкарыстанні комплексу спадарожнікавых і камп’ютарных тэхналогій. Хімпраполку асобных участкаў і падкормку можа, напрыклад, выконваць квадракоптар. Узровень тэхналогіі вельмі высокі. Таму і ўраджайнасць зерневых у гэтай гаспадарцы дасягае 70-80 цэнтнераў з гектара, рапсу — звыш 30-ці.

— Сяргей Васільевіч, што пажадаеце хлебаробам Пастаўшчыны на старце жніва?

— Моцнага здароўя, сіл, аптымізму, настрою на барацьбу за вырашчаны ўраджай. Ён — у нашых руках.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.