Рубежанские невестки собрались на встречу с молодостью во дворе Геннадия и Эли Туронов

Общество

Рубяжанскія нявесткі сабраліся на сустрэчу з маладосцю ў гасцінным двары Генадзія і Элі Туронаў у вёсцы Рубеж Камайскага сельсавета.

— Рубеж для нас — не родная вёска, — расказвалі жанчыны. — Люда — пастаўчанка, Тэрэза і Эля — з Мягун, Ала — з Вярэнек, Ліля — з Норкавіч. Кожная з нас у свой час выйшла ў Рубеж замуж, таму і называем сябе рубяжанскімі нявесткамі. Было гэта гадоў 30-40 таму. Жыццё тады ў вёсцы кіпела. Людзі шчыра сябравалі паміж сабой: талакой нарыхтоўвалі сена, капалі бульбу, шырока і весела адзначалі розныя святы. Асабліва помніцца Вялік­дзень, калі збіраліся валачобнікі, хадзілі па хатах з песнямі, вітаючы гаспадароў. І мы паступова ўліваліся ў гэту добразычлівую атмасферу і сталі сваімі як у доме свекрыві і свёкра, так і ў вёсцы.

Гады праляцелі. Старэйшае пакаленне ў асноўным ужо адышло ў вечнасць, некаторых дзеці пазабіралі да сябе ў горад. Ды і самім ужо каму больш, каму — крыху менш за 60 гадоў. Заўчасна (пасля цяжкай хваробы ці раптоўна) памерлі Іосіф і Мар’ян Туроны, Генадзій Пашкевіч, Казімір Храпун, і іх жонкі засталіся ўдовамі.

— Так склалася, што апошнім часам усё часцей бачымся толькі з сумнай нагоды — на пахаваннях, — гаварыла Эля Турон. — Таму захацелася сабрацца ў іншай абстаноўцы. Вось я і прапанавала жанчынам сустрэцца. Дзякуй ім, што хутка адклікнуліся на маё запрашэнне.

Генадзій і Эля Туроны жывуць ва ўласным доме ў Паставах, даглядаюць маму Гены. А бацькоўскую хату ў Рубяжы не пакінулі: усюды падтрымліваюць парадак, вырошчваюць агародніну. Тут, ва ўтульнай альтанцы, і накрылі стол. Прыехала і Тэрэза Руткоўская, якая нарадзілася і вырасла ў Рубяжы, пасябравала з «рубяжанскімі нявесткамі». Яна з цеплынёй прыняла некалі жонку свайго брата, Алу Пашкевіч, з якой радняцца і цяпер. Генадзій насмажыў шашлыкоў. Пагаварылі пра мінулае, прайшліся па вёсцы, успомнілі яе жыхароў. Цяпер у Рубяжы засталося ўсяго некалькі жылых хат.

— Вельмі ўдзячныя Гену і Элі за арганізацыю сустрэчы, — гаварылі жанчыны. — Так здорава пасядзелі! Колькі было і вясёлых, і сумных успамінаў! У гэты няпросты час і ў нашым узросце шчырыя сустрэчы дадаюць сіл.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.