17 августа состоялось открытие арт-пространства «Магия радости»

Культура

Сапраўдная магія

17 жніўня адбылося адкрыццё арт-прасторы «Магія радасці». Гэта 4-е мерапрыемства ў рамках аўтарскага праекта «Радасць» ад супрацоўнікаў бібліятэкі імя У. Дубоўкі. Выстава не толькі ўпрыгожыла гарадскую панараму, але і стала крыніцай добрага настрою для мясцовых жыхароў і гасцей горада.

Праходзячы ў той дзень каля дзіцячай бібліятэкі (месца размяшчэння арт-прасторы), адчула сябе адным з пасажыраў «Паравозіка з Рамашкава». Памятаеце такі мультфільм? У ім герой навучыў людзей глядзець па баках і заўважаць прыгожае. Тое ж самае ўдалося зра­біць і супрацоўнікам дзіцячай бібліятэкі. Прадстаўленыя работы мясцовых фатографаў Сяргея Вшыўкава і Антона Чаляя, выстава кніг з вясёлымі сюжэтамі, прыгожая музыка і падарункі-сюрпрызы не пакінулі ў той дзень прахожых абыякавымі. Спяшаючыся кудысьці па справах, тыя спыняліся, углядаліся ў фотаработы — і, сапраўды, адбывалася магія: іх вочы пачыналі блішчаць, і на тварах міжвольна з’яўлялася ўсмешка. Да таго ж кожны жадаючы атрымаў у падарунак «радасную кніжыцу» з падборам адпаведных цытат.

— Многія зацыкліваюцца на дрэнных навінах, а некаторым нават дастаўляе задавальненне быць іх разносчыкамі, — выказвае сваё меркаванне бібліятэкар Людміла Сяменас. — Мала хто задумваецца: для таго каб праблемы вырашаліся лягчэй, неабходна насычаць арганізм радасцю. Станоўчыя эмоцыі даюць чалавеку моц, гэта своеасаблівы жыццёвы імпульс. Таму, у процівагу ўсяму дрэннаму, галоўны сэнс гэтага мерапрыемства, як і ўсяго праекта, — выпраменьваць радасць, каб яна, як эстафета, перадавалася ад аднаго да іншага.

@child_library_postavy – адрас старонкі бібліятэкі ў «Інстаграме», дзе можна падрабязней даведацца пра праект «Радасць».

У дзіцячай песні пра ўсмешку закла­дзены вялізны сэнс. З узростам усё больш разумееш, што яснасць дня зусім не залежыць ад надвор’я. Мы стараемся жыць па графіку: усё паспець, нічога не за­быць… А на галоўнае часта забываемся: знайсці час проста парадавацца. Кожная з прадстаўленых фотакарцін, дзе людзі (ад малога да старога) «падлоўленыя ў моманце», як бы нагадвае пра гэта. Бо час ляціць, а разам з ім — жыццё.

Арт-прастора дапоўніцца работамі яшчэ двух таленавітых фатографаў нашага горада — Рыты Шылей і Анастасіі Ксян­дзовай. Упэўненая, што і яны выклікаюць не меншае захапленне ў наведвальнікаў. Працягнецца магія радасці па 25 жніўня. Пры неспрыяльным надвор’і арт-прастора будзе перанесена ў чытальную залу дзіцячай бібліятэкі.

Паспяшайцеся туды, каб не спазніцца на ўсё жыццё!

Крысціна Рубель. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.