Долгожитель Иван Литвинович из Постав отмечает 90-летний юбилей

Общество

Пастаянства – ва ўсім

На Пастаўшчыне шмат доўгажыхароў. Сёння адзін з іх — Іван Альбінавіч Літвіновіч з райцэнтра — адзначае сваё 90-годдзе.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Пешкаўцы Лынтупскага сельсавета. У сям’і было чацвёра дзяцей, усе — сыны.

— Застаўся толькі я, найстарэйшы, — расказваў. — Адзін брат раптоўна памёр у 7-гадовым узросце, другі юнаком загінуў у аўтааварыі. Ужо шмат гадоў, як няма і трэцяга майго брата — Стэфана. Мы з ім былі вельмі дружныя, мелі аднолькавую прафесію — краўца, працавалі ў адным атэлье.

Швейнай справе браты вучыліся таксама ў аднаго майстра. Стэфан першым авалодаў ёй. Іван тады праходзіў тэрміновую службу ў арміі, служыў ажно за Мурманскам. Вярнуўшыся ў родныя мясціны, вырашыў пайсці па слядах брата. З вясны да позняй восені займаўся гаспадаркай. А дзве зімы запар спасцігаў сакрэты швейнага майстэрства ў слыннага краўца з адной літоўскай вёскі.

— Мае сябры таксама былі краўцамі, — успамінае Альбінавіч далёкую маладосць. — Адзін працаваў у Вільнюсе, другі — у Паставах. Абодва клікалі да сябе. Выбраў Паставы.

Ішоў 1956 год. Тады ў горадзе былі 3 невялікія швейныя майстэрні. Потым іх аб’ядналі ў атэлье па пашыве ваеннага адзення. Шыць яго было вельмі складана, бо існавалі стандарты, ад якіх не дазвалялася адхіленне нават на некалькі міліметраў. Таму краўцоў па чарзе адпраўлялі на курсы павышэння кваліфікацыі. 4 месяцы адвучыўся на такіх курсах у Маскве і Іван. Закончыў іх на выдатна. А ў атэлье адпрацаваў з дня яго адкрыцця і да выхаду на пенсію — 35 гадоў: спачатку — краўцом, потым — брыга­дзірам.

У Паставах і наваколлі базіравалася некалькі воінскіх часцей. Людзей у форме было шмат. Таму атэлье карысталася вялікай папулярнасцю і заўсёды было загружана работай. Пастаўчане нават шылі ваеннае адзенне для абменнага фонду маскоўскага ЦУМа (ваеннаслужачыя пакідалі там адрэзы тканіны і падбіралі сабе гатовае абмундзіраванне).

— Мы выдатна шылі! — не без гонару заяўляе былы кравец. — Форма сядзела на вайскоўцах як улітая.

Іван Альбінавіч пастаянны і паспяховы не толькі ў прафесіі, але і ў асабістым жыцці. Юнаком закахаўся ў прыгожую настаўніцу. Але ведаў, што дзяўчына паланіла не толькі яго сэрца. Сапернік (а ён таксама быў краўцом), нават засылаў да Берты сватоў. Не адступіўся і Іван — таксама паехаў з дзядзькам сватацца да дзяўчыны. І яна аддала перавагу яму. Адметна, што Іван і яго брат Стэфан разам, за адным сталом, згулялі свае вяселлі, а ў жонкі ўзялі дзяўчат з адной вёскі — Ярэва.

54 гады пражылі Іван з Бертай у каханні і згодзе, годнымі людзь­мі выхавалі дваіх дзяцей. 8 гадоў таму зямны шлях яго вернай спадарожніцы абарваўся. Пуста і адзінока стала ў прасторным доме, які ў маладосці ўзводзілі разам з братам. Але Альбінавіч, нягледзячы на дарагую страту і ўласнае нездароўе, па-ранейшаму аптыміст. Пастаянна апякуюцца над бацькам дачка Марына і сын Валерый, якія жывуць у Паставах. Спраўляцца з бытавымі справамі дапамагае таксама сацыяльны работнік.

— З-за дрэннага зроку ўсё радзей бяру ў рукі іголку, — гаварыў доўгажыхар. — Але не даю застойвацца без справы нямецкай швейнай машынцы «Зінгер», купленай мне ў падарунак яшчэ бацькамі. А яна ў той час каштавала столькі ж, колькі і карова.

Ужо можна падвесці прамежкавыя вынікі жыцця. А яны нядрэнныя: пабудаваны дом, пасаджана не адно дрэва, дарослыя дзеці і ўнук. Заўтра родныя і блізкія збяруцца разам, каб павіншаваць Івана Альбінавіча з важкай датай. І гэта, безумоўна, дадасць яму настрою і сіл прычакаць чарговы юбілей.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.