Новый асфальт и благоустройство. Чем сейчас заняты работники ДЭУ-33?

Важное Общество

Для бяспекі і камфорту

Нядаўна ехала на Глыбокае. Найбольш камфорным быў участак дарогі ад Жданоў да Валкоў: новенькі асфальт, абуладкаваныя абочыны, пад’езды да аўтобусных прыпынкаў і самі аўтапавільёны. Ведаю, што адказнасць за бяспеку дарожнага руху тут нясуць работнікі ДЭУ-33. У галоўнага інжынера прадпрыемства Мікалая Цехановіча, які цяпер выконвае абавязкі начальніка, пацікавілася, дзе яшчэ сёлета прыклалі руку дарожнікі.

— Аб’ём работ на ўчастку, пра які вы ўзгадалі, выканалі немалы: дэманціравалі старое пакрыццё — фрэзай знялі 8 тысяч квадратаў пашкоджанага асфальту, паклалі ніжні слой, затым — верхні, — расказваў Мікалай Мікалаевіч. — На 5 кіламетрах (а гэта 35 тысяч метраў квадратных) паклалі 1 800 тон асфальту. Таксама абнавілі дарожнае палатно на ўчастку амаль паўтара кіламетра на выездзе з Пастаў у бок Браслава. Ад чыгуначнага пераезду да кальцавой дарогі паклалі 265 тон асфальту.

На першым участку работамі кіраваў начальнік лінейна-дарожнай дыстанцыі №332 Аляксей Шаламіцкі, на другім — начальнік ЛДД №333 Грыгорый Лапутка. Асфальт набылі на асфальтабетонным заводзе ДРБУ-132 і ў дарожна-будаўнічым упраўленні №26 у Шаркаўшчыне. На новым асфальце на абодвух участках зрабілі разметку, абнавілі дарожныя знакі.

Работнікі ДЭУ-33 кладуць асфальт на ўчастку дарогі на Браслаў

Самы эфектыўны спосаб падтрымліваць дарогі ў належным стане — ямачны рамонт. За зіму ад перападу тэмператур дарожнае пакрыццё псуецца: утвараюцца трэшчыны, выбоіны. Іх у першую чаргу і ліквідуюць. Сёлета гэта работа праведзена на 11 677 м2. Работнікі ДЭУ-33 аказвалі дапамогу і ў добраўпарадкаванні 4-х вуліц у Глыбокім, якое рыхтуецца да абласных «Дажынак». Адказным за правядзенне работ там быў Аляксей Шаламіцкі. Звяно ў складзе Аляксандра Белага і Алега Швеца вяло ямачны рамонт пад’язных дарог да Полацка, якія абслугоўвае мясцовае ДЭУ-32. Яўгеній Дзідоў, Генадзій Шаўчэнкаў, Андрэй Карманаў, Барыс Пачкоўскі і Аляксандр Корхаў перад «Славянскім базарам» прыводзілі ў парадак пад’язныя дарогі да Віцебска.

Цяпер асноўны клопат дарожнікаў — абкошванне абочын, уборка смецця, прафіліроўка, падсыпка і грэйдзіраванне гравійных дарог. На грэйдарах працуюць Алег Шылей, Павел Якубоўскі, Аляксандр Мычко. Два апошнія будуць аказваць дапамогу сельгаспрадпрыемству «Ляхаўшчына-агра» і льнозаводу на жніве збожжавых і ўборцы льну.

Сочыць дарожная служба і за станам жалезабетонных мастоў, водапрапускных труб, пляцовак для стаянкі транспарту, дарожных знакаў, сігнальных слупкоў, аўтобусных прыпынкаў. Сёлета для зручнасці пасажыраў на аўтапрыпынку ў Ліпніках устаноўлены новы павільён з арт-бетону. Яго дызайн ацанілі не толькі тыя, хто чакае тут аўтобуса, але і ўсе, хто праязджае міма.

Як і ў любой іншай сферы, у дарожных службаў узнікаюць праблемы. Але яны настойліва пераадольваюць усе цяжкасці і рухаюцца наперад. У мінулым годзе каля вёскі Жданы філіял «ДЭУ-33» распрацаваў новы кар’ер па здабычы пяску і гравію. Сёлета атрымаў дазвол на іх здабычу ў памеры 50 тысяч кубоў за год. Ужо рэалізаваў каля 25 тысяч кубаметраў. Гравій карыстаецца попытам ў партнёраў, а таксама ў насельніцтва. Немалы яго аб’ём пастаўляюць на будаўніцтва завода ў Глыбокае.

У перспектыве — укладка асфальтабетону па вуліцы Ніжне-Пакроўскай каля Полацкай цеплаэлектрацэнтралі, дзе заменена цеплатраса. А гэта каля 7 тысяч м2.

— Прыярытэтнымі для нас застаюцца строгае выкананне пастаўленых перад намі задач і высокая якасць аказваемых паслуг, — сказаў у заключэнне Мікалай Цехановіч. — Мы добра разумеем, што ад нашай работы ў многім залежыць нармальнае функцыянаванне народнагаспадарчага механізму. Таму і робім усё магчымае для бяспекі руху, зручнасці і камфорту ўсіх, хто карыстаецца дарогамі.

Анна Анішкевіч
Фота даслана ДЭУ-33



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.