Сёлетні фэст у гонар Святой Ганны ў Лучаі сабраў шмат вернікаў

Духовность

Праз хрост – да глыбокай веры

Урачыстасці ў лучайскім касцёле заўсёды збіраюць шмат вернікаў. І хоць з кожным годам колькасць парафіян змяншаецца, сюды імкнуцца трапіць тыя, чыё рэлігійнае жыццё зараджалася ў гэтай святыні. Не стаў выключэннем і сёлетні фэст у гонар Святой Ганны.

У пачатку ўрачыстасці пробашч касцёла ксёндз Яўген Міхайлаў прывітаў усіх, хто прыехаў на свята, а найперш святароў: ксяндза-дэкана Паўла Самсонава з парафіі Езуса Міласэрнага з Пастаў, ксяндзоў Аляксандра Барана з Лынтуп, Эдуарда Сінкевіча з Варапаева, Андрэя Таўрука з Дунілавіч, ксяндза-каноніка Яцэка Хутмана з Камай, які спавядаў вернікаў, ксяндза Валерыя Пупкевіча. Апошні ўзначаліў святую Імшу.

Прэзбітарскае пасвячэнне ксёндз Валерый прыняў у пастаўскім касцёле Святога Антонія Падуанскага з рук біскупа Алега Буткевіча ў першы дзень бягучага года. На фэсце ў лучайскім касцёле ён адправіў сваю прыміцыйную Імшу. Менавіта тут у жніўні 1997 года маленькага хлопчыка Валерыя ахрысціў былы пробашч Пётр Врубель. Зярнятка веры, закладзенае бацькамі і хроснымі, трывала прарасло ў душы будучага святара. І ён, прайшоўшы доўгі шлях падрыхтоўкі да ўступлення ў супольнасць ксяндзоў-сэрцанаў, вучобы ў духоўнай семінарыі ў Польшчы, на фэсце дзяліўся плёнам сваёй глыбокай веры.

У гэты дзень да хрысціянскай супольнасці праз сакрамант хросту былі далучаны двое хлопчыкаў: Пётр і Ягор-Кірыл. Хрост адбыўся ў новай хрысцільні-баптыстэрыі. Летась па ініцыятыве ксяндза-пробашча Яўгена Міхайлава яна абуладкавана на тым жа месцы, дзе знаходзілася ў самым пачатку дзейнасці храма.

Хрост называюць брамай усіх сакрамантаў: праз яго мы вызваляемся ад першароднага граху, становімся дзецьмі Божымі і далучаемся да супольнасці Касцёла. Ксёндз Яўген узгадаў, што ўпершыню гэты сакрамант у лучайскім касцёле адбыўся ў жніўні 1774 года — тады пахрысцілі хлопчыка Ігнація Лісічонка з вёскі Карпавічы.

Велічна гучаў арган, за якім была Вераніка Сіланава. Узносіліся ў неба малітвы вернікаў. Прысутныя дзякавалі ў сэрцах Богу, Святой Ганне, сваім бабулям і дзядулям, бацькам за дар веры, якая ў гэты дзень прывяла кожнага з іх у Лучай. Нехта ўзгадваў сваю першую Камунію, якую тут прымаў, нехта — сакрамант шлюбу або хрост уласных дзяцей. Я назірала за бабуляй ксяндза Валерыя: яна шчыра малілася. Напэўна, прасіла ва Усявышняга дароў Духа Святога для ўнука — маладога ксяндза, а таксама апекі Дзевы Марыі на яго нялёгкім святарскім шляху.

Пасля святой Імшы ксёндз Валерый удзяліў прысутным прыміцыйнае благаслаўленне і з нагоды ўспаміну Святога Кшыштафа — апекуна вадзіцеляў — асвяціў транспартныя сродкі.

Анна Анішкевіч
Фота Ванды Срэдзінскай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.