Чемпионат Беларуси по футболу. ФСК «Поставы»–ФК «Миоры» – 0:3

Спорт и туризм

Падвяла рэалізацыя

ФСК «Паставы»–ФК «Міёры» – 0:3

У Паставы міёрцы прыехалі з мэтай перамагчы і дабіліся свайго, хоць большую частку супрацьстаяння былі вымушаны абараняцца. Ужо на 3-й хвіліне нашы маглі выйсці наперад, але апорны паў­абаронца Ігар Павініч не змог перайграць варатара з блізкай адлегласці. Сапернік адказаў імклівай контратакай на левым флангу, якую трапным стрэлам завяршыў Мікіта Рудой — 0:1.

Пастаўчане пайшлі на штурм варот саперніка, падалі серыю небяспечных вуглавых, аднак іх заключным перадачам не хапала дакладнасці. Удары нашых ігракоў штораз адбіваў адзін з найлепшых футбалістаў у складзе міёрцаў — 30-гадовы галкіпер Уладзіслаў Касцюкевіч. У сярэ­дзіне першага тайма сапернік паўторна разыграў фланговую камбінацыю і падвоіў перавагу намаганнямі Артура Шаўцова — 0:2. Да перапынку ў пастаўчан была магчымасць скараціць розніцу ў ліку, але Ігар Павініч з трох метраў моцна прабіў над перакладзінай. У другой палове матча ФСК «Паставы» поўнасцю перавёў гульню на палову поля міёрцаў.

Найбольш блізкі да поспеху быў цэнтр­форвард пастаўчан Герман Чалей. На жаль, пасля яго ўдару галавой мяч адбіла перакладзіна. Недастатковае ўменне рэалізоўваць галявыя моманты прывяло нашых да крыўднай асечкі. Перад фінальным свістком зарабіў выдаленне пасля другога папярэджання Герман Чалей. Акрыленыя міёрцы ў дадатковы час давялі лік да разгромнага і зноў перамясціліся на 3-е месца ў турнірнай табліцы.

Павучальны для сябе паядынак з адным з фаварытаў першынства правялі Чашун, Гарнадуд (Звяруга), Пучынскі, Рогач, Камісарчук, Каралёнак, Якаўлеў, Павініч, Давідоўскі, Вілейта (к), Чалей. Напрыканцы лета, перад 15-м турам, у Гарадку адбыўся фінальны матч розыгрышу Кубка Віцебскай вобласці. Ганаровы трафей атрымаў «Газавік» (Віцебск), які ва ўпартай барацьбе з лікам 2:0 адолеў у чвэрцьфінале аршанскі «Дарожнік». Астатнія матчы чэмпіянату краіны ў дывізіёне «Віцебскі» завяршыліся так: «Ніва» (Талачын)—«Велес-2020» (Віцебск) — 0:2, «Газавік» (Віцебск)—ФК «ДЮСШ-Орша» — 2:0, ФК «Сянно»—«Полацк-2019» — 3:9.

За тры туры да заканчэння папярэдняга раўнда сітуцыя ў турнірнай табліцы наступная: 1-е месца — «Велес» (39 ачкоў), 2-е — «Газавік» (38), 3-е — ФК «Міёры» (32), 4-е — «Гарадскія львы» (30), 5-е — «ДЮСШ-Орша» (18), 6-е — «Полацк-2019» (17), 7-е — ФСК «Паставы» (16), 8-е — ФК «Лепель» (14), 9-е — ФК «Сянно» (5), 10-е — «Ніва» (4). Зараз нашу каманду чакаюць два выязныя паядынкі — у Гарадку і Сянно. А сезон яна завершыць на сваім полі
25  верасня матчам з віцебскім «Газавіком».

Уладзімір Шык 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.