Цветовод-любитель Тереса Кореневская из г.п. Воропаево: «Люблю петунию за то, что не имею с ней никакой заботы»

Общество

Шчырая ва ўсім

Лета пралятае хутка, і яго не хапае, каб мы, журналісты, паспелі расказаць у газеце пра ўсю прыгажосць, якую ствараюць на сваіх тэрыторыях кветкаводы-аматары. Вось і да Тэрэсы Каранеўскай у Варапаева я прыехала, калі ў кветніку ўжо не было такой яркасці, як месяц-два назад. Аднак і тое, што ўбачыла, спадабалася: сціпла, але прыгожа.

Звяртаю ўвагу на мноства петуній і пытаюся ў гаспадыні, ці сама вырошчвае расаду. Тэрэса Іванаўна смяецца: «Асабліва люблю петуніі за тое, што не маю з імі ніякага клопату. Самі насяваюцца, растуць і не патрабуюць догляду. Я іх нават гэтым засушлівым летам не палівала. У калодзежы мала вады, таму даводзіцца яе эканоміць. Як бачыце, засуха іх не напалохала. Дружна квітнеюць і нізкарослыя вяргіні. Для руж купляю спецыяльнае ўдабрэнне, і яны цвітуць у мяне за сезон некалькі разоў».

А паглядзіце вось на гэта, — падыхо­дзіць да нас суседка і скіроўвае маю ўвагу на ружовую «сцяну» лаватэры ўздоўж агароджы перад домам. — Вачэй было ад яе не адвесці. Зараз ужо крыху паблякла.

Гэта яна, Валянціна Бараноўская, пазваніла ў рэдакцыю і папрасіла напісаць пра Тэрэсу Іванаўну. Расказала, што жанчына не толькі вялікая аматарка кветак, але і ўвогуле вялікая працаўніца, шчыры, спагадны чалавек.

У Варапаева Тэрэса пераехала нядаўна: тры гады назад купіла тут дагледжаны, абшыты сайдынгам, з газавым ацяпленнем дом. У пакоях чыста, прасторна, шмат кветак. Толькі жыць ды радавацца!

Да гэтага жыла ў вёсцы Цівунцы. 22 гады адпрацавала на ферме ў саўгасе «Стара­дворскі». Даглядала цялятак, якіх адразу ж пасля з’яўлення на свет адымалі ад каровы, і расціла да двух месяцаў.

І па 100 галоў было ў групе, — расказвала Тэрэса Каранеўская. — Працавала без водпускаў і выхадных, бо нікому не магла даверыць цялят. Калі здаралася пайсці на бальнічны і мяне падмянялі, абавязкова якое-небудзь цялятка гінула. Для мяне гэта быў стрэс, бо сама старалася захаваць усіх. Не шкадавала ні сіл, ні часу. За гэта і цанілі ў гаспадарцы. Мой фотаздымак не сыходзіў з Дошкі гонару, толькі з часам памянялі чорна-белы на каляровы.

Ужо шмат гадоў Тэрэса Іванаўна на пенсіі. Рытм жыцця змяніўся, але яно па-ранейшаму насычанае: даглядае дом, агарод, кветнікі, трымае курэй. Пераехаўшы ў Варапаева, пасябравала з суседзямі. Здарылася так, што адну з суседак падкасіў інсульт. Нягледзячы на тое, што хворую было каму даглядаць, чакала Тэрэсу. І тая прыходзіла да яе па некалькі разоў на дзень, дапамагала. На жаль, у мінулую нядзелю жыццё суседкі абарвалася.

«Душа чалавек», — кажуць пра Тэрэсу тыя, хто добра яе ведае. Хіба гэта не найлепшая характарыстыка?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.