Гость редакции. Директор Института языкознания им. Я. Коласа Центра исследований белорусской культуры, языка и литературы НАН РБ Игорь Копылов

Общество

Матуля і вёска натхняюць і лечаць

Адразу прызнаюся: рубрыка на гэты раз умоўная, бо сённяшні мой субяседнік — чалавек настолькі заняты, што я нават не адважылася запрашаць у рэдакцыю. Але, да майго задавальнення, наша сустрэча ўсё ж такі адбылася — у яго роднай вёсцы Пятрагі. Знаёмцеся: кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў.

— Ігар Лявонавіч, ведаю, што 16 ліпеня вы адзначылі свой юбілей. Дзве пяцёркі — прыгожая лічба. Як адчуваеце: гэта многа ці мала? І як святкавалі?

— Кажуць, што 50 — гэта мала­досць старасці. А 55 — яшчэ больш важкая дата. Нямала зрабіў, набыў значны вопыт, многае, у тым ліку і стасункі з людзьмі, пераасэнсаваў. Не гляджу на жыццё праз ружовыя акуляры, як у 20, разбіраюся ў тым, дзе дабро, а дзе — зло… Разам з тым спадзяюся, што яшчэ многае паспею зрабіць…

А што да святкавання, то я не люблю адзначаць даты, звязаныя з маёй персонай, празмерную ўвагу да сябе. Але люблю віншаваць іншых, дарыць падарункі, якія прыносяць радасць. Паколькі мой дзень нараджэння летам, то ў гэты час звычайна з’язджаю да мамы ў родную вёску або за мяжу.

— І шмат дзе пабывалі за мяжой?

— Амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах як з турыстычнымі мэтамі, так і з навуковымі. Наш інстытут цесна кантактуе з многімі славістычнымі цэнтрамі свету, выконваем сумесныя праекты з расійскімі, польскімі, чэшскімі, сербскімі, македонскімі, славенскімі, балгарскімі, нямецкімі даследчыкамі. А найбольш мяне ўразіў Ізраіль, яго прырода, святыя месцы, археалагічныя і культурна-гістарычныя помнікі. Але жыць не змог бы ні ў адной з замежных краін.

— Таму і ў размове вяртаемся ў Беларусь. Раскажыце, калі ласка, аб праектах інстытута.

— За 90 гадоў яго існавання створана нямала фундаментальных работ: граматыкі, вучэбныя дапаможнікі, перакладныя, тэрміналагічныя, дыялектныя, тлумачальныя слоўнікі, электронныя рэсурсы. У інстытуце вывучаюцца кітабы — пісьмовыя помнікі беларускіх татар. Асобны напрамак — даследаванне перакладаў Бібліі. Зараз актыўна развіваецца камп’ютарная лінгвістыка. З выкарыстаннем сучасных камп’ютарных тэхналогій быў падрыхтаваны першы «Італьянска-беларускі слоўнік». Апублікаваны першы ў гісторыі Беларусі і Кітая «Кітайска-беларускі слоўнік. Беларуска-кітайскі слоўнік», які ўжо шырока выкарыстоўваецца  ў навучальных установах КНР. На сучасным этапе сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі займаемся перакладамі заканадаўчай базы і пытаннямі ўнармавання юрыдычнай тэрміналогіі. Многія інстытуцкія працы не ма­юць аналагаў у свеце. Сярод іх і ўнікальны 37-томны гістарычны слоўнік, які ствараўся на працягу 57 гадоў (з 1960-га па 2017-ы). Ён утрымлівае лексічнае багацце амаль 500-гадовага перыяду нашай гісторыі. Ні ўкраінскія, ні расійскія калегі яшчэ не падрыхтавалі такога маштабнага даследавання. Лічу, што праца па стварэнні гэтага слоўніка заслугоўвае Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

— Слоўнік папяровы або электронны?

— Слоўнік папяровы, але зараз вядзецца яго алічбоўка. Акрамя таго, працуем над стварэннем новага фундаментальнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы (у дзвюх версіях — электроннай і папяровай). Спа­дзяюся, што ў наступным годзе выйдзе першы том. Не магу не назваць і створаны нашым інстытутам электронны рэсурс — «Граматычная база беларускай мовы». Ён утрымлівае 265 тысяч слоў і 4,5 мільёна словаўтварэнняў. Калі б яго выдаць на паперы, то атрымалася б 60 тамоў.

— Ігар Лявонавіч, мы з вамі гаворым пра навуковую дзейнасць, і гэта, безумоўна, цікава. А мне хацелася б, каб у гэтым інтэрв’ю чытач убачыў вас і як асобу. Чалавек фарміруецца з дзяцінства. Якім яно было ў вас?

— Шчаслівым. У першую чаргу маё дзяцінства асацыюецца з вобразам маёй бабулі Зузаны. Гэта быў чалавек не толькі з унікальным для нашага рэгіёна іменем, але і надзвычай цікавы апавядальнік. Тыя казкі, якія расказвала бабуля, я не сустрэў ні ў адным з архіваў вуснай народнай творчасці, ні ў адным зборніку казак. Да гэтага часу ў памяці захаваўся смак сняданкаў, якія гатаваў бацька ў печы кожную раніцу (мама была на працы). Дзяцінства — гэта і сябры. З адным з іх — Аляксандрам Нежыўцом — захаваліся сяброўскія адносіны на доўгія гады. У час майго маленства не было той раскошы, якая ёсць у сучасных дзяцей, затое ўсё вельмі цанілася. Падарылі апельсін — радасць, атрымаў шакаладку — раскоша. Мама з татам выхоўвалі нас з братам не па нейкіх методыках, а ўласным прыкладам. Мы не толькі забаўляліся, але і дапамагалі бацькам у іх сялянскай працы. І гэта ніколькі нас не напружвала. Я з 10-гадовага ўзросту касіў поплеч з татам, дапамагаў маці даіць калгасных кароў. А колькі рыбы было ў безыменнай рэчцы, што працякала ля вёскі! Вясной, калі яна разлівалася, мы ў сваім агародзе проста рукамі лавілі шчупакоў. Летам з-пад краўжоў нацягвалі цэлыя вёдры вягалаў. Грыбы і ягады ў лесе — таксама нашы. Шкадую цяперашнюю моладзь, якая не адрываецца ад смартфонаў. Яна ж нічога не бачыць вакол сябе. У сувязі з гэтым згадваецца галоўны герой майго любімага савецкага мультфільма, які казаў: «Калі мы не ўбачым першыя ландышы, то спознімся на ўсю вясну, калі не пачуем першых салаўёў, то спознімся на ўсё лета, калі не ўбачым світанне, то спознімся на ўсё жыццё».

Мне пашчасціла вырасці ў асяроддзі натуральнай прыроды. Аднак у нашу мясцовасць прыйшла меліярацыя і прынесла не толькі даброты, але і шкоду. Знікла наша рэчка, у якой так любілі купацца, змяніліся навакольныя краявіды. Але я ў той час ужо служыў у арміі.

— І дзе гэта было?

— Мяне прызвалі на тэрміновую службу пасля заканчэння другога курса Белдзяржуніверсітэта. Пашанцавала служыць на касмадроме Байканур у роце аховы. Мы ахоўвалі стартавую пляцоўку, а таксама тыя памяшканні, дзе ажыццяўлялася зборка касмічных спадарожнікаў. Таму бачылі не толькі іх вонкавы выгляд, але і ўнутранае начынне, працэс зборкі. Уражанняў многа. Служыць было нялёгка, але ганарова: армія загартоўвае і паказвае, хто побач з табой надзейны таварыш, а хто — не. Да таго ж двухгадовы вымушаны перапынак у вучобе яшчэ больш матываваў да яе.

— Філфак Белдзяржуніверсітэта вы закончылі з чырвоным дыпломам…

— І гэта дало права першым са 125 выпускнікоў курса выбі­раць размеркаванне. Паколькі я падчас вучобы прымаў удзел у навуковым жыцці, маім першым рабочым месцам стаў Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. На той час (1991 год) для немінчаніна трапіць у акадэмічную ўстанову было праблематычна. Адпрацаваўшы 2 гады ў інстытуце, паступіў у аспірантуру. Паспяхова абараніў дысертацыю. Вельмі пашанцавала з навуковым кіраўніком — прафесарам Валянцінай Пятроўнай Лемцюговай. Яна была не толькі высокакваліфікаваным спецыялістам у галіне анамастыкі Беларусі, але і іскрылася дабрынёй і спагадай. Праз усё жыццё пранясу памяць пра яе.

А вось зарплаты ў вучоных былі нізкія. Я пачынаў з такой, што ў эквіваленце складала ўсяго 7 долараў. Мая жонка таксама знайшла сваё прызванне ў навуцы. Яна — біяхімік, працуе ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі. Дык вось, каб мець лепшую матэрыяльную забяспечанасць, у 90-я мы з ёй падпрацоўвалі ў прыватным камерцыйным выдавецтве. Спачатку рэдагавалі выданні, а потым і самі пісалі кнігі.

— Нягледзячы на вучоныя званні і высокую кіраўніцкую пасаду, вы засталіся вельмі сціплым чалавекам.

— Па натуры я чалавек не публічны, але лёс складваўся так, што заўсёды знаходзіўся ў эпіцэнтры жыцця. Ніколі не імкнуўся да званняў і пасад. Тым не менш у арміі даслужыўся да старшага сяржанта, ва ўніверсітэце быў намеснікам старшыні камітэта камсамола факультэта і старастам групы. Пасля заканчэння БДУ пайшлі пасады, пра якія і не думаў. А як адказна ўзначальваць інстытут, у якім у свой час дырэктарствавалі акадэмікі Сцяпан Некрашэвіч, Пятро Глебка, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Аляксандр Падлужны, Аляксандр Лукашанец! 11 гадоў я працаваў тут вучоным сакратаром і ўжо 7 як дырэктар. Акрамя таго, выкладаю ў Акадэміі кіравання курсы па моўнай падрыхтоўцы кіраўніцкіх кадраў.

Сапраўды, здараецца такое, што пасады мяняюць некаторых людзей, часам у горшы бок. Спадзяюся, мне гэта не пагражае. Да любой пасады адношуся спакойна, разумею, што яна часовая, а вось чалавекам трэба заставацца заўсёды. У кожным чалавеку ў першую чаргу трэба бачыць чалавечыя якасці, а не тытулы і званні.

— Кожны водпуск і пры любой іншай магчымасці вы прыязджаеце ў сваю родную вёску. Гэта — месца сілы?

— На рабоце назапашваюцца стрэсы і стомленасць. У Пятрагі збягаю ад мітусні і лячуся тут цішынёй і паветрам, гутаркай з мамай і вяскоўцамі. Вядома, вёска ўжо не тая, як у маім дзяцінстве. Тады было 56 хат, жыццё віравала. Многае страчана назаўсёды. Але захавалася бацькоўская хата, якой амаль 100 гадоў, і ў ёй сустракае мама. Мне не патрэбныя катэджы, хачу захаваць атмасферу хаты, у якой так лёгка дыхаецца і добра спіцца. Вельмі люблю хадзіць у грыбы і ягады, ведаю кожную лясную мясціну. Разам з братам адрамантавалі лазню. І кожную суботу ў ёй мыемся не толькі мы, але і іншыя вяскоўцы. Людзі тут добрыя, шчырыя, працавітыя. Бясконца ўдзячны Соф’і Андрэеўне і Пятру Іосіфавічу Жукам, Валянціне Валер’еўне Панкратовіч, якія шмат дапамаглі, калі хварэла мама. Заўсёды гатовыя адгукнуцца і дапамагчы Ала Іосіфаўна Жук, Міхаіл Ягоравіч Жук, Валянціна Пятроўна Ігнатовіч, Соф’я Андрэеўна Зыкава.

— Жыхары Пятраг расказвалі мне пра тое, з якой сынавай любоўю і клопатам вы адносіцеся да маці…

— Клопат пра маці — святы абавязак кожнага. А мы, ві­даць, знаходзімся на адной ментальнай хвалі, супадаюць наша светабачанне і светаразуменне. Мама — чалавек крыштальнай душэўнай чысціні і нястомная працаўніца. Я ніколі не бачыў яе без справы. Нават цяпер, калі ёй ужо 82 і падступаюць хваробы, усё роўна шчыруе ў агародзе. Мы матэрыяльна забяспечаныя і можам купіць усё патрэбнае. Але пакуль маме хочацца праца­ваць на зямлі, і мне таксама гэта прыемна, садзім і даглядаем агародніну, шмат кветак. Люблю эксперыментаваць з гатункамі бульбы. Атрымліваем багаты ўраджай.

На зіму мама пераязджае ў Мінск, але і ў гарадской кватэры знаходзіць занятак: чытае, вяжа, выпякае прысмакі, зай­маецца бісерапляценнем. І чакае вясны, каб зноў апынуцца ў Пятрагах. Для мяне гэта таксама найдаражэйшы куточак. 4 верасня ў мамы дзень нараджэння. На вялікі жаль, не змагу прыехаць, паколькі буду знаходзіцца ў Добрушы на Дні беларускага пісьменства (з’яўляюся шматгадовым арганізатарам рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый, прымеркаваных да гэтай падзеі). Але сэрцам і думкамі я заўсёды разам з ёй.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.