Нужно отремонтировать обувь? «Обращайтесь к Подальцу. Сделает быстро и качественно»

Важное Общество

Паспрабаваў – атрымалася

Нягледзячы на малапрыкметны ў параўнанні з суседняй рэкламай паказальнік «Рамонт абутку», адрас гэтай невялікай майстэрні ў цэнтры Пастаў ведаюць многія.

Мне яго падказалі калегі, калі спатрэбілася адрамантаваць басаножкі. «Звяртайцеся да Падальца, — параілі. — Ён зробіць хутка і якасна».

Спецыяльнасцей у мяне некалькі: пячнік, будаўнік, вадзіцель. І дзе я толькі ні працаваў, у тым ліку на Поўначы! — расказваў Сяргей Валянцінавіч. — А колькі дарог скалясіў на фуры! Але ўсё надакучыла. І некалькі гадоў назад нарэшце «прызямліўся» на адным месцы.

Гэта месца — арэндаваная кватэра ў доме, які знаходзіцца побач з магазінам «Мита». Тут, а калі зусім дакладна, у прылеглым да дома гаражы, Сяргей Падалец і абуладкаваў маленькую майстэрню па рамонце абутку. Спачатку адвёў пад яе адзін пакойчык, цяпер займае два.

Цікаўлюся ў майстра, як авалодаў рамяством.

Пачыналася ўсё банальна, — адказвае. — На жончыных туфлях збіліся набойкі. Папрасіла аднесці ў рамонт. А ў майстэрні мне заявілі, што новыя паставяць толькі праз два тыдні. Ну як чакаць столькі часу? Купіў я тыя набойкі і прыбіў дома сам. Праз некаторы час спатрэбілася адраманта­ваць іншую пару абутку. Атрымалася! Так і з’явілася цікавасць. А навучыцца можна ўсяму, калі захочаш.

Аднак, адкрыўшы ў Варапаеве сваю майстэрню па рамонце абутку, не ўсё пайшло гладка. Не з-за якасці выкананай работы (яна задавальняла ўсіх). Справа была ў колькасці заказчыкаў: іх было зусім мала. А які сэнс праседжваць дні без работы?

Не атрымалася ў Варапаеве — вырашыў паспрабаваць у Паставах. І не памыліўся. «Тут людзі ідуць і ідуць. Толькі паспявай рамантаваць! — расказваў. — Летам крыху менш работы, а ў астатні час года — наплыў заказчыкаў. З часам не лічуся, магу хоць да апоўначы сядзець за работай. Стаміўшыся, выйду крыху адпачыць, папіць чаю — і працягваю. На сябе ж працую! Нават калі вый­ду на пенсію, ніхто не адбярэ ад мяне маё рамяство».

У майстэрні я не затрымалася і паўгадзіны, а яе парог за гэты кароткі прамежак часу пераступілі 4 заказчыкі. Ва ўсіх я цікавілася, чаму прыйшлі менавіта сюды. Трое з іх адказалі, што звяртаюцца не ўпершыню і задаволеныя якасцю выкананай работы і цэнамі. Чацвёрты заглянуў першы раз. Не сумняваюся, што і ён стане тут пастаянным кліентам.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.