По итогам работы за первое полугодие среди лесничеств Поставского лесхоза 1-е место заняло Стародворское

Общество

Усё пачынаецца з дысцыпліны

Па выніках работы за першае паўгоддзе сярод лясніцтваў Пастаўскага лясгаса 1-е месца заняло Старадворскае.

Туды я і накіравалася напярэдадні прафесійнага свята. Заўсёды лічыла, што лясная справа — выключна мужчынскі клопат. А памочнік ляснічага Віталій Альхімёнак найперш знаёміць мяне з Віялетай Місун. Яна — майстар лесу. Але калі тры гады назад пайшла ў дэкрэтны водпуск бухгалтар лясніцтва, давялося замяніць яе. «Усяму можна навучыцца, — гаварыла Віялета. — І я навучылася. Ну а на днях вярнулася да выканання абавязкаў майстра».

 

Майстар лесу Аляксей Дашкевіч з ляснічым Юрыем Чашуном

Выраз «Усяму можна навучыцца» я ў той дзень зноў пачула ад ляснічага Старадворскага лясніцтва Юрыя Чашуна як у дачыненні да самога сябе, так і да падначаленых. У 1996 го­дзе пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума ён прыйшоў у гэтае лясніцтва майстрам. Вярнуўся сюды і пасля службы ў арміі і вось ужо 22 гады ўзначальвае калектыў. Цэніць ветэранаў, падтрымлівае маладых спецыялістаў: ву­чыць іх, падказвае, накіроўвае. Упэўнена прыйшлі ў прафесію памочнік ляснічага Віталій Альхімёнак, майстры лесу Аляксей Дашкевіч і Анастасія Ганчар, начальнік лесапункта Дзяніс Кавальскі.

Майстар лесу Віялета Місун

У калектыве ўсяго 23 чалавекі. А плошча гаспадаркі займае 8 213 гектараў. У параўнанні з іншымі лясніцтвамі тут найбольшая разліковая лесасека. А значыць, і найбольшы аб’ём нарыхтовак драўніны – у сярэднім 45 тысяч кубаметраў за год.

Аднак мы не толькі высякаем лес, але і аднаўляем яго, — расказваў Юрый Юзэфавіч. — Не пакідаем ні адной высечкі, на якой не праводзіліся б работы па лесааднаўленні. На некаторых участках садзім малады лес, на іншых ён прарастае сам. Для таго каб маладняк бярозы, вольхі, елкі, сасны рос роўны, прыгожы, негусты, каб яго не заглушыў асіннік, робім высечкі асвятлення. Зрэзаныя непатрэбныя дрэўцы вывозім па 5-метровых валоках, якія пракладваем праз кожныя 25 метраў. Дзякуючы валокам астатняя частка лесу не пашкоджваецца магутнай тэхнікай. Таксама займаемся ачысткай лесу ад захламленасці, абуладкоўваем месцы адпачынку для аматараў прыроды і месцы падкормкі дзікай жывёлы — падкормліваем яе зімой. Шмат і іншых спраў.

Абрубшчык сукоў Андрэй Касцюк і ляснік Анатолій Далжонак

У тым ліку абуладкаванне тэрыторыі ля адміністрацыйнага будынка лясніцтва. Тут паса­джаны пладовыя дрэўцы, шмат дэкаратыўных кустарнікаў, кветак, устаноўлены розныя малыя архітэктурныя формы. Зараз ідзе капітальны рамонт самога будынка, якім займаюцца падрадчыкі з Глыбокага.

Ляснічы лічыць, што ўсё пачынаецца з дысцыпліны, і трымае яе ў калектыве. Дзякуючы гэтаму ён зладжаны і мэтанакіраваны. Шмат гадоў у лясніцтве і дасканала ведаюць сваю справу леснікі Андрэй Мурзіч, Аляксандр Пайлак, Анатолій Далжонак, Генадзій Лешчык. З поўнай аддачай працуюць ва­дзіцелі Сяргей Танана і Валерый Дзевятоўскі, трактарысты Леанід Харко і Уладзімір Мя­дзелка і іншыя.

У той дзень Юрый Чашун звазіў мяне на некалькі ўчасткаў лясніцтва. З кім бы з работнікаў ні размаўляла, адчувала і іх адданасць абранай справе і зацікаўленасць у выніках агульнай працы. А яны радуюць: калектыў лясніцтва з года ў год — у тройцы лідараў у лясгасе.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.