В минувшее воскресенье в Поставах прошла сельскохозяйственная ярмарка

Важное Общество

Тавар набывалі і ў гульні гулялі

У нядзелю ў Паставах прайшоў сельскагаспадарчы кірмаш

Па дарозе на рынак яшчэ за гадзіну да афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства насустрач мне трапляліся пастаўчане з веласіпедамі, тачкамі, на якіх яны везлі мяшкі з бульбай, збожжам, капустай. Ехалі аўтамашыны з прычэпамі, гружаныя гэтай жа прадукцыяй. Даносілася вясёлая музыка. А чым бліжэй падыходзіла да рынку, тым мацней нос казытаў прыемны водар смажанага шашлыка.

Па левым баку вуліцы Кастрычніцкай, пачынаючы ад павароту да лазні УП ЖКГ і заканчваючы паваротам на завулак Кастрычніцкі, размясціліся гаспадары фермерскіх гаспадарак, якія прапаноўвалі бульбу розных гатункаў, перцы, капусту, моркву, буракі, цыбулю, пшаніцу і ячмень.

Гандаль тут ішоў бойка: гараджане запасаліся на зіму ўсім неабходным. Найбольшы попыт быў на другі хлеб.

Цана на бульбу ва ўсіх гандляроў прыкладна аднолькавая — 75 капеек за 1 кілаграм. Цікаўлюся, адкуль прывезены тавар. І чую: Смаргонскі, Столінскі, Астравецкі, Мя­дзельскі раёны. Шмат бульбы было і з Пастаўшчыны. Людна — ля са­джанцаў яблынь, груш, вішань, чарэшань, вінаграду і нават абрыкосаў. Першы, да каго заглянула, — садавод з Лотвы.

Займаюся садоўніцтвам з 1990 года, — расказваў. — Хто набываў у мяне саджанцы, ужо даўно мае свае яблыкі, грушы. Многія падыходзяць і дзякуюць за смачныя плады.

Крыху далей размясціліся з саджанцамі двое жыхароў Вайцяхоў. Ля іх таксама было шмат жадаючых абзавесціся добрымі гатункамі пладова-ягадных культур. Немагчыма было раўнадушна прайсці каля шыкоўных кустоў хрызантэм, якія прапаноўвала жыхарка Глыбокага. У некалькіх месцах прадавалі бурштынавага колеру мёд, буйныя журавіны. Як і ў кожную нядзелю, выстраілася чарга па булачкі, якія выпякаюць прадпрымальнікі з Варапаева, і па свежую рыбу з рыбгаса «Навінкі».

Прыхільнікі прадукцыі перапрацоўчых цэхаў Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства — салёнай і вэнджанай рыбы, рулетаў, каўбасных, кулінарных і кандытарскіх вырабаў, квашанай капусты, салёных агуркоў і памідораў, розных відаў салаты — тоўпіліся каля гандлёвых палатак мясцовых кааператараў. Нямала было жадаючых паласавацца апетытным шашлыком.

Сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» прадавала ячмень. ААТ «Навасёлкі-Лучай» менш чым за гадзіну рэалізавала 2,5 тоны пшаніцы. Карысталася ў навасёлкаўцаў попытам і бульба. Шмат ахвотных было набыць хацілаўскую бульбу элітнага сорту «вега».

Усіх, хто прыйшоў на сельскагаспадарчы кірмаш, прывітаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі. Ён расказаў, што зерневыя і зернебабовыя ў раёне займалі сёлета больш за 18 000 гектараў. Пры сярэдняй ураджайнасці 34,5 ц/га намалочана больш за 63 000 тон. Пад ураджай наступнага года ўжо засеяна 4,1 тысячы гектараў азімых (план — 14,5 тыс. га). Падзякаваў хлебаробам за шчырую працу, пажадаў усім здароўя і плёну, удачных пакупак і цудоўнага настрою.

А яго стваралі творчыя калектывы раёна: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е», народны ансамбль народнай песні «Вітанне», самадзейныя артысты з сельскіх Дамоў культуры і клубаў. У наведвальнікаў кірмашу была магчымасць паўдзельнічаць у цікавых конкурсах.

Анна Анішкевіч

Больше фото в альбомах в ОК и ВК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.