В Поставском ТЦСОН подвели итоги конкурса на лучшего соцработника

Общество

Калі міласэрнасць на першым месцы

Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Пастаўскім ТЦСАН падвялі вынікі конкурсу на найлепшага работніка.

Конкурс доўжыўся больш за два месяцы і складаўся з чатырох этапаў. На першым, які прысвячаўся Году гістарычнай памяці, канкурсанткі прэзентавалі свой радавод. Падчас другога адказвалі на пытанні тэстаў па раздзелах нарматыўна-прававой базы Рэспублікі Беларусь у сферы сацыяльнага абслугоўвання, правілах аховы працы і тэхнікі бяспекі, гісторыі Беларусі і роднага краю.

Некаторыя нашы знаёмыя, даведаўшыся пра заданні другога этапа, дзівіліся: навошта ўсё гэта ведаць сацыяльнаму работніку? — расказвалі ўдзельніцы конкурсу. — Але гэта неабходна, бо мы сваім падапечным не толькі купляем прадукты, лекі, прыбіраем у хаце, але і гутарым з імі. Для многіх пажылых успамінаць мінулае — любімы занятак. І каб быць, як кажуць, у тэме, трэба ведаць гісторыю, славутыя мясціны Беларусі, выдатных землякоў.

Валянціна Асіпенка, Святлана Станюленіс, Аліна Мацвеева і Ганна Пісарык

Стварыць відэаролік пад назвай «Мой рабочы дзень» — трэці этап конкурсу. У ім кожная канкурсантка павінна была расказаць і паказаць, чым займаецца на рабоце. Відэаролікі былі змешчаны на сайце ТЦСАН і ў сацыяльных сетках. Яны выклікалі вялікую цікавасць: некаторыя набралі больш за 20 тысяч праглядаў. А прыз глядацкіх сімпатый заваявала Наталля Койра, якая працуе спецыялістам у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў.

Шмат слушных прапаноў па рабоце цэнтра ўнеслі канкурсанткі падчас чацвёртага этапа, які называўся «Калі б я быў дырэктарам ТЦСАН», — расказвала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. — У конкурсе ўдзельнічала 13 чалавек, усе — адданыя абранай справе. Журы было вельмі складана вызначыць найлепшага. Мы шмат дыскутавалі. Удзячныя жанчынам за тыя намаганні, якія кожная прыклала пры выкананні конкурсных заданняў, за паўся­дзённую нялёгкую працу, дабрыню, якой яны ахінаюць адзінокіх і абяздоленых. Толькі людзі са шчырым сэрцам, чулыя, спагадныя могуць працаваць у нашай сферы. Вядома ж, замяніць сям’ю адзінокаму чалавеку немагчыма. Але зрабіць усё для таго, каб ён не адчуваў сябе адзінокім, нашым сацработнікам удаецца.

Найбольшы стаж і багаты вопыт работы ў сацыяльнай службе ў Святланы Станюленіс. Па спецыяльнасці яна швачка-матарыстка. Вучылася ў Латвіі. Пазней памяняла месца жыхарства, а затым і работу. У Святланы Іванаўны ёсць падапечныя, якім яна дапамагае вось ужо на працягу 20 гадоў.

Кожны чалавек — асоба, — гаварыла Святлана Станюленіс. — І без індывідуальнага падыходу тут не абысціся. Стараюся зразумець і дагадзіць усім сваім падапечным. І яны мяне чакаюць з нецярпеннем.

Удзельніцы конкурсу па яго выніках узнагароджаны граматамі раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». 1-е месца прысуджана сацыяльнаму работніку Аліне Мацвеевай з лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, 2-е — спецыялісту па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту г.п. Лынтупы Валянціне Асіпенцы, 3-е — сацыяльнаму работніку Ганне Пісарык з Варапаева.

У любой справе няма мяжы дасканаласці, — гаварыла намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Антух. — Конкурс быў задуманы з мэтай павышэння прэстыжу прафесіі сацыяльнага работніка. У нашай сістэме працуюць сапраўдныя прафесіяналы, цікавыя, таленавітыя і міласэрныя людзі. Сваё майстэрства яны і прадэманстравалі падчас конкурсу.

Пасля падвядзення вынікаў адбыўся тэматычны канцэрт, прысвечаны Дню народнага адзін­ства.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.