Чемпионат Беларуси по футболу. Поставская команда финишировала на 7-м итоговом месте

Спорт и туризм

Гледача не падманеш

Паўгода назад адразу 78 футбольных каманд пачалі барацьбу ў 7-і дывізіёнах чэмпіянату краіны ў 2-й лізе. Напрыканцы верасня для большасці з іх, уключаючы пастаўчан, сезон завяршыўся ў папярэднім раўндзе. Барацьбу за медалі і за 3 пуцёўкі ў 1-ю лігу працягваюць толькі 16 найлепшых у абласцях і беларускай сталіцы каманд.

Сёлета наша каманда зрабіла два крокі наперад і фінішавала на 7-м выніковым месцы. Вынікі сезона яшчэ не падве­дзены, але прыемна, што ў Прыдзвінні наш клуб стаў самым папулярным сярод аматараў футбола. На матчы з удзелам пастаўчан не толькі на сваім полі, але і ў іншых гарадах прыходзіла найбольшая колькасць гледачоў. Акрамя таго, усе сапернікі, якія прыязджалі ў Паставы, адзначалі выдатную арганізацыю паядынкаў, непаўторную атмасферу на стадыёне, у якой было прыемна гуляць. Паўсюдна аматары гульні міль­ёнаў пераконваліся, што нашы маладыя футбалісты дэманструюць прыгожы, атакуючы футбол.

Тым часам два наймацнейшыя віцебскія клубы правялі стартавыя матчы ў рэспубліканскім фінальным раўн­дзе. Новы чэмпіён вобласці «Велес-2020» згуляў на стадыёне «Алімпіец», што ў прыгарадзе Оршы, з віцэ-чэмпіёнам ад Брэстчыны. Пад дажджом яго сапернік «Стэнлес» (Пінск) спачатку выглядаў лепш і да перапынку тройчы вызначыўся — 1:3. У канцоўцы другога тайма віцябляне адыграліся, але ўпусцілі момант, каб вырваць валявую перамогу. Нічыйны вынік (3:3) пакідае землякам шанцы на выхад у чвэрцьфінал, хоць на выездзе ў Пінску будзе вельмі цяжка.

А вось другі віцебскі клуб — «Газавік» — як і летась, расчараваў. Дарэчы, і ў Паставах газавікі гулялі слаба, запомніліся хіба што грубымі прыёмамі і хамскімі паводзінамі. Вось і ў наступным матчы ў абласным цэнтры з «Вікторыяй» (Мар’іна Горка) яны разам з галоўным трэнерам атрымалі 8 папярэ­джанняў. Сустрэча праходзіла з гульнявой перавагай прадстаўніка Мінскай вобласці і завяршылася яго перамогай з лікам 2:4. На наступны дзень «Газавік» няўдала правёў першы матч 1/4 розыгрышу Кубка рэгіёнаў Беларусі. На выездзе ў Салігорску ён саступіў з лікам 1:3 мясцоваму «Партызану». Іншыя кубкавыя паядынкі завяршыліся так: «Колас» (Чэр­вень) — «Энергетык-БДАТУ» (Мінск) — 1:1, «Змена» (Ваўкавыск) — ­«Іпуць-ДЮСШ» (Добруш) — 4:2, ФК «Івацэвічы» — «Спартак» (Шклоў) — 3:2.

Упартай была барацьба і ў іншых першых матчах 1/8 фіналу рэспубліканскага раўнда. Яны прынеслі наступныя вынікі: «Крумкачы» (Мінск) — «Бумпрам» (Гомель) — 1:0, ФК «Свіслач» — ФК «Горкі» — 3:0, ГАЛХУ (Гомель) — «Ніва» (Далбізна) — 3:2, «Новая Прыпяць» (Альшаны) — «Жодзіна Паўднёвае» — 2:3, «Партызан» (Салігорск) — ЮНІ (Мінск) — 2:1. У наступную стадыю вый­дуць найлепшыя па выніках дзвюх сустрэч, галы на чужым полі ўлічвацца не будуць.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.