Мини-опрос. Поставчане рассказали «ПК» о своих мамах

Общество

Святое званне – мама

Маці — галоўны чалавек у нашым жыцці. Мы адчуваем яе любоў і падтрымку заўсёды — будучы дзецьмі або дарослымі, знаходзячыся побач ці за сотні, а то і тысячы кіламетраў. Маміны словы — самыя мудрыя, маміны рукі — самыя працавітыя, маміна сэрца — самае пяшчотнае, маміна любоў — самая моцная. Пра сваіх маці карэспандэнту «ПК» Фаіне Касаткінай напярэдадні свята расказваюць:

Жанна Вайцяховіч, настаўніца пастаўскай СШ №1:

— На тое, што я выбрала прафесію настаўніка, безумоўна, паўплываў прыклад маёй мамы — Соф’і Яўстаф’еўны Ганчар. Усё яе жыццё звязана з педагагічнай справай. Пасля заканчэння педінстытута мама выкладала матэматыку ў цёплаўскай школе, і я пайшла там у першы клас. А жылі мы ў Андронах, таму я знаходзілася ў школе да таго часу, пакуль мама вяла ўрокі. Пазней пераехалі ў Паставы, і ў пяты клас я пайшла ўжо ў гарадскую школу. А калі ў 2004 годзе пасля пятай школы стала працаваць у СШ №1, мама была там завучам. Я пераняла ад яе шмат карыснага, у тым ліку яна многаму навучыла мяне ў прафесіі.

Па прыкладзе мамы фізмат Віцебскага педінстытута закончыла не толькі я, але і мая малодшая сястра Святлана. А праз некалькі гадоў яна атрымала завочна вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Дашкольнае выхаванне» і са школы перайшла працаваць у дзіцячы садок. Так атрымалася, што і мая свякроў Соф’я Яўстаф’еўна (поўная цёзка мамы) таксама педагог і таксама выкладала матэматыку.

Мама ўжо даўно на пенсіі. Нягледзячы на гэта, па-ранейшаму цікавіцца не толькі маёй працай, але і школьным жыццём увогуле. Сама яна з вясны да позняй восені займаецца агародамі, зімой — вышывае. Вялікая працавітасць і высокая адказнасць — вось галоўныя рысы характару, якія яна перадала нам з сястрой.

Мікалай Ожаль, начальнік Пастаўскага раёна электрасетак:

— Маёй маме Раісе Аляксандраўне Ожаль летась магло б споўніцца 70. Але ўжо 4 гады, як яе не стала. Вельмі хацела жыць, зга­джалася на самыя цяжкія працэдуры. Аднак не вытрымала сэрца… А ў нашых сэрцах (маім, сястры Олі і брата Валодзі) мама застанецца назаўсёды.

Выдатная гаспадыня, адмысловы кулінар, вясёлая, кампанейская, яна не толькі цэментавала сям’ю, але і гуртавала вакол сябе іншых. Шмат гадоў працавала сакратаром Ярэўскага сельскага Савета, добра ведала людзей, а яны — яе. У святы ўся радня збіралася ў мамы, прычым не толькі па яе лініі, але і па татавай — ён раптоўна памёр 11 гадоў назад. У мяне, сястры і брата даўно свае сем’і, і мы прадаўжаем традыцыі, у якіх выхоўваліся самі.

Мне пашанцавала, што такія ж жыццёвыя каштоўнасці, да якіх нас прывучалі з маленства, цэняцца і ў бацькоўскім доме маёй жонкі. А гэта вера ў Бога, працавітасць, адказнасць, добразычлівасць. Заўсёды па-бацькоўску ставяцца да мяне цешча і цесць. Ала Альфонсаўна стала мне другой мамай. Маю і яшчэ адну маму. Гэта мая хросная Уладзі­слава Антонаўна Ожаль. Прычым яна апекавалася не толькі нада мной, але і над маімі братам і сястрой. Калі мы пасля ярэўскай дзевяцігодкі прадаўжалі вучобу ў гарадской школе, усе ў розны час жылі ў цёці Уладзі.

Мая мама вельмі любіла кветкі, і я заўсёды дарыў іх ёй у гэты дзень. Прывязу і сёлета ў Дзень маці — на магілу. Няхай яна ўбачыць з неба свае любімыя гладыёлусы.

Марына Нагановіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:

— Мая мама Марыя Сяргееўна Лысёнак — самы родны, дарагі, любімы, залаты чалавек. Яна дала нам з братам Сашам правільную пуцёўку ў жыццё. Сама вырасла ў вялікай сям’і, у якой выхоўвалася 12 дзяцей. Усе сталі годнымі людзьмі, знайшлі сваю дарогу ў жыцці. Яе браты і сёстры жывуць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Падтрымліваюць цесныя сувязі адно з адным, прыязджаюць да нас у госці. Разумею, што вытокі дабрыні, справядлівасці, чуласці, сардэчнасці ў мамы — з яе дзяцінства, з таго ўкладу жыцця, які быў у іх сям’і. І нас з братам яна навучыла бачыць дабро, рабіць яго самім, не памятаць зла, беражліва адносіцца да ўсяго, што акружае. А яшчэ — цаніць і берагчы сямейныя каштоўнасці, прадаўжаць найлепшыя традыцыі.

26 гадоў назад не стала нашага таты, але ў мамы і думкі не было зноў выйсці замуж. Яна цалкам аддавала і працягвае аддаваць сябе мне і брату, зяцю і нявестцы, унукам і праўнукам, якіх мае ўжо чацвёра. Прыбаўляюцца гады, але мама, як і раней, руплівая і энергічная. Узорная гаспадыня, яна ніколі не бывае без справы і заўсёды гатова прыйсці на дапамогу не толькі родным, але і іншым людзям.

Абавязкова павіншую са святам і сваю свякроў Эдварду Мікалаеўну. Яна прыняла мяне ў сям’ю, як дачку, і стала для мяне другой мамай. Часта прыязджаем з мужам і дзецьмі, унукамі да яе ў Муляры. Кожны год вялікай сям’ёй з захоўваннем усіх традыцый святкуем там Каляды і Вялікдзень.

Мама — гэта сонейка, якое грэе нас заўсёды, а яго промні паказваюць нам напрамак да згоды і любові.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.