Мост через Мяделку возле д. Турлы и Теляки заменили общими усилиями

Общество

Працавалі дружна, зрабілі – надзейна

Нашу вёску Турлы і суседнія Целякі раздзяляе рака Мядзелка. Сёлетняй вясной здарылася вялікая непрыемнасць — разводдзем знесла кладку праз яе. Кладка была старая, яе неаднойчы рамантавалі. Каб зразумець тое, наколькі яна патрэбная лю­дзям, скажу, што дайсці з Турлаў у Целякі праз кладку можна ўсяго за 5-10 хвілін, а акружной дарогай амаль у 3 кіламетры — за 30-40. У Целяках — аўтобусны прыпынак, магазін, ФАП, ферма. Туды ­ідуць работнікі ААТ «Хацілы-­агра», школьнікі, пенсіянеры.

Зрабіць самім новую кладку, даўжыня якой не менш за 50 метраў, вяскоўцам было не па сілах і не па сродках, таму яны звярнуліся са сваёй праблемай да раённага кіраўніцтва. Старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто ўважліва аднесліся да звароту грамадзян і далі яму ход. Блізка да сэрца прыняла нашу праблему і старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько. Пачынаць трэба было з каштарыса, каб кладка адпавядала ўсім будаўнічым нормам. Зрабіць яго дапамог майстар-будаўнік Анатолій Пацукевіч з ААТ «Кураполле-агра». Грошы на набыццё будматэрыялаў выдзеліў дырэктар ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч. Акрамя таго, жыхары Турлаў сабралі пэўную суму і купілі цвікі.

Калі будаўнічыя матэрыялы былі падвезены да ракі, распачалася работа. Як і даўней, яна вялася талакой. Выйшлі ўсе турлаўскія мужчыны — і старыя, і маладыя. Да іх далучыліся Мікалай Яльчык, Юрый Цяляк і Пётр Валодзька з Целякоў, Віктар Тамашэвіч з Кураполля. Працавалі дружна і кладку ўзвялі за адзін дзень. Будаўнікам паспрыяла яшчэ і тое, што лета было сухое і рака абмялела.

Хачу ад жыхароў нашай вёскі шчыра падзякаваць Сяргею Чэпіку, Пятру Курто, Вячаславу Крыштафовічу, Ліліі Гінько і ўсім тым, хто працаваў на ўзвядзенні кладкі. Зробленая дабротна, з новых матэрыялаў, яна доўга праслужыць людзям.

 Ніна Валодзька, старэйшына в. Турлы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.