Выставка «Семья. Обряд. Традиция», посвященная свадебным традициям Поставщины, открылась в Доме ремесел

Важное Общество

Сям’я. Абрад. Традыцыя

Так называецца выстава, прысвечаная вясельным традыцыям Пастаўшчыны, якая адкрылася на мінулым тыдні ў Доме рамёстваў «Стары млын». Арганізавана яна сумесна з работнікамі аддзела ЗАГС райвыканкама.

Уласна кажучы, з апошніх усё і пачалося. Паколькі 2022-і аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці, спецыялісты ЗАГСа вырашылі нагадаць жыхарам раёна і пэўным чынам захаваць ранейшыя вясельныя традыцыі, бо з цягам часу іх сталі забываць.

— У нас з’явілася ідэя сабраць рэчы, якія маюць дачыненне да заключэння шлюбу, — расказвала на адкрыцці экспазіцыі начальнік аддзела Аніта Несцяровіч. — Па дапамогу звярнуліся да работнікаў сельвыканкамаў, якія прывезлі цікавыя, часам унікальныя экспанаты. Захацелася паказаць іх усім, асабліва моладзі, каб яна ведала і паважала традыцыі продкаў, разумела значнасць такіх важных падзей, як стварэнне сям’і, рэгістрацыя шлюбу, нараджэнне дзяцей, і больш адказна падыходзіла да гэтага. Сваімі думкамі падзяліліся з дырэктарам Дома рамёстваў Таццянай Мікалаеўнай Петух. Яна падтрымала нашу ідэю, і такім чынам склалася гэта выстава.

Імітацыя абраду сустрэчы маладых

На ёй прадстаўлены ўсе этапы традыцыйнага народнага вяселля: заручыны, падрыхтоўка да ўступлення ў шлюб і непасрэдна само вяселле. Пра іх апавядаюць не толькі шматлікія фотаздымкі і дакументы (пасведчанні аб шлюбе і нараджэнні дзяцей, дазволы на ўступленне ў шлюб пачатку мінулага стагоддзя), але і маляванкі, пано ў тэхніцы аплікацыі саломкай, выкананыя да розных конкурсаў майстрамі «Старога млына». Таксама на выставе можна ўбачыць вясельны каравай і стравы, якія звычайна гатавалі на святочны стол, званочкі, што вешалі на вупраж, адпраўляючыся на конях у касцёл або царкву, старажытныя ўборы жаніха і нявесты і нават заручальныя пярсцёнкі, знойдзеныя пад Асінагародскай царквой. (Па традыцыі, калі муж з жонкай разводзіліся — а раней такое здаралася вельмі рэдка — яны павінны былі закапаць свае пярсцёнкі пад храмам.) Экспазіцыю дапаўняе вялікая колькасць ручнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Аднаму з іх, перададзенаму работнікам Лынтупскага сельвыканкама, сёлета споўнілася аж 100 гадоў!

Пасведчанні аб шлюбе і нараджэнні дзяцей і дазволы на ўступленне ў шлюб

Гісторыі многіх экспанатаў Таццяна Петух і Аніта Несцяровіч расказалі прысутным — а ў якасці гасцей на адкрыццё выставы былі запрошаны навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Таццяна Мікалаеўна правяла для маладых людзей майстар-клас па вырабе ўпрыгажэнняў (вянка і бутаньерак) для жаніха і нявесты. А Аніта Францысаўна пажадала ім сур’ёзна і ўзважана падыходзіць да стварэння сям’і, каб сумеснае жыццё было доўгім і шчаслівым.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.