Более 50 старшеклассников побывали в профориентационный день в Поставской ЦРБ

Здравоохранение

Я ў медыкі хачу…

І такіх у актавай зале Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ў пятніцу сабралася больш за 50 — старшакласнікаў школ раёна.

Паступіць у медуніверсітэт мараць многія, бо ўрача ва ўсе часы паважалі і цанілі. Менавіта ён суправаджае чалавека ад першага дзіцячага крыку да апошняга ціхага ўздыху. Гэта прафесія заўсёды лічылася адной з самых прэстыжных. Але ці ўсе ведаюць, колькі сіл і старання яна патрабуе? Каб бліжэй пазнаёміцца са спецыфікай работы медыкаў, пазнаць яе тонкасці, у Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы праводзяць праф­арыентацыйныя дні. Упершыню такое мерапрыемства прайшло вясной. 11 чалавек з тых, хто прысутнічаў на ім, сёлета сталі студэнтамі медуніверсітэтаў і навучэнцамі медыцынскіх каледжаў.

Перад прысутнымі выступіў галоўны ўрач установы Уладзі­мір Чакавы. Ён расказаў, што ў сферы аховы здароўя Пас­таўшчыны працуюць 720 чалавек, 95 з іх — урачы, 320 — работнікі сярэдняга звяна. Кіраўніцтва бальніцы непакоіць, што 31% медперсаналу складаюць пенсіянеры і рана ці позна яны развітаюцца з калектывам. 14 урачоў знахо­дзяцца ў дэкрэтным водпуску або водпуску па доглядзе дзіцяці. Сёлета да работы ў медустановах Пастаўшчыны прыступілі 12 маладых спецыялістаў і інтэрнаў. Іх прадставілі прысутным, а затым намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург ўручыў ім сертыфікаты маладога спецыяліста.

Станіслаў Уладзіміравіч спы­ніўся на рысах характару, якімі на яго думку павінен валодаць урач. А прафесія гэта нялёгкая: выклікі ў любы час сутак, бяссоныя ночы каля пасцелі хворага, вялікая адказнасць за яго здароўе. Нярэдка медыкі рызыкуюць сваім здароўем і жыццём, як гэта было на першым часе барацьбы з COVID-19. Але ніхто тады не пакінуў пост, не адмовіўся ад работы.

Сярод урачоў Пастаўскай ЦРБ шмат прафесіяналаў з вялікім стажам работы. Адзін з іх — загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Мікалай Васюковіч. За шматгадовую добрасумленную працу, выдатнае выкананне службовых абавязкаў, клопат аб захаванні і аднаўленні здароўя грамадзян, вялікі ўклад у развіццё медыцыны Пастаўшчыны ён удастоены высокага звання «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». Нагрудны знак і пасведчанне да яго Мікалаю Іванавічу ўручыў Уладзімір Чакавы.

Сёлета рады медыкаў раёна папоўнілі спецыялісты з Гро­дзеншчыны і іншых рэгіёнаў. Дзякуючы райвыканкаму прыезджым выдзяляецца арэнднае жыллё. Кіраўніцтву бальніцы хацелася б, каб сярод медперсаналу было больш мясцовых. З гэтай мэтай сам галоўны ўрач, яго намеснікі наведваюць школы, расказваюць пра сваю прафесію.

Але адна справа паслухаць пра работу медыкаў, іншая — уба­чыць усё на свае вочы. На гэты раз у выпускнікоў з’явілася ўнікальная магчымасць пабы­ваць у аддзяленнях ЦРБ, паназіраць, як аказваецца медыцынская дапамога на сучасным высокатэхналагічным абсталяванні, пагутарыць са спецыялістамі.

Экскурсію для школьнікаў правялі загадчыкі тэрапеўтычнага, дзіцячага, хірургічнага і рэанімацыйнага аддзяленняў ЦРБ Павел Ерамееў, Ніна Мяркулава, Ігар Шаламіцкі, Мікалай Васюковіч. Яны расказалі пра метады лячэння, паказалі ўмовы, у якіх знаходзяцца хворыя. З асаблівасцямі работы лабараторыі пазнаёміў яе загадчык Сяргей Шылько.

— Пакуль не ўсе з нас канчаткова вызначыліся з выбарам прафесіі, — гаварылі ўдзельнікі прафарыентацыйнай сустрэчы. — Але, акунуўшыся ў бальнічныя будні, з’явілася больш яскравае ўяўленне пра работу медыкаў. Гэта, вядома, дапаможа ў прыняцці рашэння. Яно будзе грунтавацца на інфармацыі, якую мы сёння пачэрпнулі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.