Где и как в Поставском районе работал кафельный завод?

Важное История

Падчас збору матэрыялу пра цагельні Пастаўшчыны неаднаразова даводзілася чуць пра кафельны завод, які працаваў у Леўкаве, недалёка ад Варапаева. У літаратурных крыніцах інфармацыі пра гэта амаль што няма. Але дзякуючы жыхарам вёскі Мышкі Андрэю Счаснаму і яго бабулі Вандзе Іванісавай (Казакевіч) удалося не толькі вызначыць дакладнае месцазнаходжанне завода, але і даведацца пра асаблівасці тэхналагічнага працэсу, а таксама атрымаць два фотаздымкі з тагачаснымі яго работнікамі.

Былы фальварак Леўкава знаходзіўся за тры кіламетры на паўднёвы ўсход ад Варапаева, каля вёскі Мышкі. Па гістарычных звестках, у міжваенны час у вёсцы дзейнічаў завод па вытворчасці кафлі даволі высокіх гатункаў. Пасля вайны ён аднавіў сваю дзейнасць і знаходзіўся ў падпарадкаванні Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбіната. Па словах Ванды Іванісавай, начальнікам вытворчасці спачатку быў Гваздзеўскі, пазней — Пяркоўскі. На тэрыторыі прадпрыемства меліся два будынкі: у адным выраблялі кафлю, у другім — стаўбункі (збанкі). У якасці сыравіны выкарыстоўвалі «сівую» гліну, якую здабывалі непадалёк і падвозілі на конях. Яна ляжала амаль на паверхні, дастаткова было толькі зняць глебу.

Тагачасныя работнікі Леўкаўскага кафельнага завода злева направа ў верхнім радзе: невядомы, Леаніда Мычко, Іван Ластоўскі, Фёкла Ластоўская, Вільгельм Казакевіч, Станіслаў Кузьміч, Баляслава Кузьміч, Іосіф Красілевіч, Марыя (прозвішча невядомае), Эмануіл Бурак, невядомы, Клаўдзія Малец, Уладзімір Рудніцкі; у сярэднім радзе: Аляксандр Лінкевіч, Казімір Гваздзеўскі (начальнік), Ніна Гваздзеўская, невядомы; у ніжнім радзе: Валянцін Грыбок, Франак Кузьміч. 1949 год

Нарыхтаваную гліну мясілі ў прыстасаванні накшталт бетонамяшалкі. Для кафлі рабілі спачатку круглую аснову, а потым прымацоўвалі ліцавы бок з малюнкам. Падсушаную кафлю абпальвалі ў печы карчамі, якія прывозіліся з Гаўрылавіч (там вялася нарыхтоўка торфу). Карчы былі вялікія, таму іх распілоўвалі на меншыя кавалкі, каб змяшчаліся ў печы. Ванда Іванісава пасля заканчэння сямі класаў год працавала «на карчах» разам са Стасем Кузьмічом.

Кафля была цёмна- або светла-карычневага колеру, глазураваная і неглазураваная (глазураваная каштавала ў два разы даражэй за неглазураваную).

У суседнім будынку была наладжана вытворчасць гліняных стаўбункоў пад малако, вазонаў і падвазонаў. Пасля службы ў войску сюды на працу ўладкаваўся старэйшы брат Ванды Мечыслаў Казакевіч ра­зам­ з Іванам Ластоўскім. Стаўбункі выраблялі на ганчарным коле, які круцілі нагамі. Збаны ўнутры былі глазураваныя, а звонку толькі ў верхняй частцы мелася паліва.

Зразумела, што на прадпрыемстве, дзе амаль уся прадукцыя выраблялася ўручную, яе аб’ём быў невялікі, але яна карысталася попытам. Людзі куплялі яе на базарах або прыяз­джалі на завод. У многіх хатах у ваколіцах Варапаева печы былі змураваны з леўкаўскай кафлі. Малако, якое захоўвалася ў стаўбунках, вызначалася адметным смакам.

Сваю дзейнасць Леўкаўскі кафельны завод спыніў у 1969 годзе.

Ігар Пракаповіч



Tagged

2 комментария по теме “Где и как в Поставском районе работал кафельный завод?

  1. На фото неверно указано имя Гвоздевского, его звали Гвоздевский Казимир Валерьянович.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.