Искусство петь. Народному вокально-инструментальному ансамблю «Вітанне» — 40 лет

Культура

Гісторыя ансамбля пачалася ў Пастаўскім РАУС. У далёкім 1982 годзе яго супрацоўнікі вырашылі паў­дзельнічаць у аглядзе мастацкай самадзейнасці. Пры дапамозе настаўніцы Пастаўскай дзіцячай музычнай школы Ірыны Макоўскай яны стварылі вакальна-інструментальны ансамбль і далі яму «прывітальную» назву. Выбралі народны напрамак, многа рэпеціравалі, і выступленне на аглядзе прайшло на высокім узроўні. Удзельнікі (а ансамбль налічваў больш за 10 чалавек) былі задаволеныя вынікам і вырашылі збірацца на рэпетыцыі на пастаяннай аснове. Калектыў працаваў на грамадскіх пачатках і энтузіязме яго ўдзельнікаў, а таксама пры падтрымцы кіраўніцтва. Дарэчы, Ірына Генадзьеўна стала першым мастацкім кіраўніком калектыву, а музычным кіраўніком стаў Анатоль Собаль.

Праз 5 гадоў канцэртнай дзейнасці вакальна-інструментальны ансамбль «Вітанне» атрымаў званне народнага.

З цягам часу склад «Вітання», як і яго прапіска, змяніліся. Апошнія 10 гадоў музычным калектывам кіруе Ірына Рагіня.

— Мне засталася вялікая спадчына, бо я ўзначаліла калектыў, якому было ўжо 30 гадоў, — успамінала Ірына Эдмундаўна. — Адразу была няўпэўненасць, бо я не харавік, а ўсяго толькі выкладчык па класе баяна. Але разам з тым нейкі творчы позыў дапамог мне «ўтрымаць» калектыў. Прыйшлося перагледзець шмат матэрыялу: нельга захаваць ансамбль, выкарыстоўваючы толькі напрацаванае, трэба прымнажаць рэпертуар новымі распрацоўкамі. Яшчэ пры Ірыне Генадзьеўне я ўкараняла свае аўтарскія праекты і працягваю гэта рабіць зараз, на пасадзе кіраўніка.

З павагай і шчырасцю Ірына Рагіня гаворыць пра былых удзельнікаў ансамбля. Добра памятае тых, хто быў незадоўга да яе прыходу ў калектыў. А гэта акампаніятары Іван Антух, Валянцін Таразевіч і Вольга Паспелава. Па словах кіраўніка, многае з таго часу змянілася, у прыватнасці пашырылася група акампаніятараў. Але і сёння нязменна партыю скрыпкі віртуозна выконвае Ірына Клімюк, бас-гітары — Часлаў Сівіцкі, дудкі — Наталля Белікава, баяна — Святлана Пусько. Адметна, што ўсе ўдзельнікі калектыву валодаюць ударнымі інструментамі. У свой час такія вакалісткі, як Іна Гарачкіна, Вольга Касарэўская, Віялета Лешчык, Вольга Нікалаева, Ірына Каранеўская, Ірына Чадаева, Наталля Пылева, падчас выступленняў ніколі не пакідалі раўнадушным ніводнага слухача. Не менш таленавітыя і сённяшнія ўдзельнікі вакальнай групы: Наталля Крупадзёрава, Ірына Рагіня, Ксенія Грэська, Таццяна Карпава, Марына Юдэнка, Ірына Рагіня, Мая Шымковіч (зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці). Дарэчы, Ксенія Грэська і Таццяна Карпава бліскуча валодаюць словам, таму іх канферанс заўсёды на вышыні.

Візітнай карткай ансамбля Ірына Рагіня лічыць песню «Ой ты, сонца», якая выконваецца акапэльна. Яе апрацоўку выдатна выканала Ірына Макоўская. Песня гучала ў розных складах ансамбля, кранае сэрцы слухачоў і сёння.

Ансамбль «Вітанне» вядомы не толькі ў нашай краіне, але і паза яе межамі.

— Самыя памятныя выступленні — замежныя, — працягвала Ірына Эдмундаўна. — Асабліва перад удзельнікамі беларускіх суполак, створанымі ў Літве і Латвіі. Падчас канцэрта мы бачылі, наколькі эмацыянальна ўспрымалі людзі нашу творчасць, разумелі, што яны адчувалі настальгію па Радзіме. І гэта было вельмі кранальна.

З цеплынёй кіраўнік «Вітання» адзываецца пра навічкоў, якія прыходзяць у калектыў, і заўсёды радуецца папаўненню.

— Кожны ўдзельнік надае нейкую сваю адметную афарбоўку гучанню ансамбля. Гэта новыя магчымасці і ў плане сольнага выканання, — адзначае Ірына Эдмундаўна. — Таму шчыра запрашаю, асабліва моладзь! 

У гэтым месяцы «Вітанню» споўніцца 40 гадоў, таму ён рыхтуе юбілейны канцэрт. Творчае мерапрыемства адбудзецца ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Запрашаюцца ўсе ахвотныя!

Ад сябе жадаю калектыву творчых поспехаў, высокіх дасягненняў і ніколі не губляць мастацтва спяваць! З юбілеем, «Вітанне»!

Таццяна Карпава,  вядучы навуковы супрацоўнік ЦКіНТ Пастаўскага раёна
Фота даслана ЦКіНТ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.