Какие нарушения выявили работники РОЧС на строительных площадках района?

Безопасность

Парушэнняў шмат. Трэба ўхіляць

Кожнай вясной і восенню работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць рэйды па будаўнічых пляцоўках раёна, дзе маюцца часовыя месцы для знаходжання людзей, так званыя вагоны-бытоўкі, з мэтай праверкі іх на прадмет супрацьпажарнай бяспекі. У адным з такіх рэйдаў, па аб’ектах будаўніцтва ў раёне вуліц Юбілейнай—Кляра і па вуліцы Зялёнай у Паставах, на мінулым тыдні пабывала карэспандэнт «ПК».

Абодва мікрараёны актыўна забудоўваюцца: тут з’яўляюцца новыя шматпавярховыя жылыя дамы. Для аднаго з іх па Юбілейнай зараз пракладваюцца інжынерныя сеткі. Гэтым займаюцца КБУП «Рассвет Пастаўскі», якое выступае генпадрадчыкам, БПМК-26 г. Глыбокае і ТАА «Арданіт Груп» з Мінска.

Віталій Ожаль і Аляксандр Іршонак гутараць з прадстаўніком ТАА «Арданіт Груп»

Па словах першага намесніка начальніка РАНС Віталія Ожаля, да «рассветаўцаў» у апошнія два гады з боку ратаўнікоў не было асаблівых прэтэнзій: патрабаванні па пажарнай бяспецы яны ў асноўным выконвалі. Але на гэты раз старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Аляксандр Іршонак выявіў нямала парушэнняў. Так, на тэрыторыі будпляцоўкі не абсталяваны спецыяльныя месцы для курэння і месцы для захоўвання гаручых і будаўнічых матэрыялаў, адходаў і смецця, не хапае вогнетушыцеляў. У вогнетушыцеляў у вагоне-бытоўцы адсутнічаюць раструбы для падачы рэчыва для тушэння агню, што выключае магчы­масць іх прымянення. Прадстаўнік будаўнічай арганізацыі, які знаходзіўся ў вагончыку, не змог паказаць дакументацыю, якая пацвярджала б праходжанне работнікамі інструктажоў па супрацьпажарнай бяспецы і навучанні пажарна-тэхнічнаму мінімуму. Няма таксама дакументацыі на правядзенне ў выпадку неабходнасці агнявых работ.

Аналагічныя недахопы і ў субпадрадчыка з Мінска. У адным з яго вагонаў-бытовак, акрамя таго, газавая пушка не заводскай вытворчасці, што ставіць пад сумненне магчымасць яе выкарыстання. Самі бытоўкі расстаўлены ў хаатычным парадку, не ў адпаведнасці з генпланам будаўніцтва. Што да глыбоцкай БПМК-26, то на яе вагончыку на момант правядзення рэйду вісеў замок.

Іншая карціна па вуліцы Зялёнай, дзе «Рассвет Пастаўскі» завяршае ўзвядзенне чарговага шматкватэрнага дома. Тут да будаўнікоў усяго дзве заўвагі: у адной бытоўцы няспраўны аўтаномны пажарны апавяшчальнік, а ў другой — вогнетушыцелі не таго аб’ёму, які патрэбны.

Сектарам нагляду і прафілактыкі кіраўніцтву будаўнічых арганізацый вынесены прадпісанні з патрабаваннем ухіліць выяўленыя недахопы. А дырэктару ТАА «Арданіт Груп» да таго ж рэкамендавана забараніць эксплуатацыю газавай пушкі. Ці будзе гэта выканана, пакажа паўторны рэйд па названых аб’ектах у канцы лістапада.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.