Магазин «Встреча» возле железнодорожного вокзала открылся после ремонта

Общество

«Встречу» зараз не пазнаць

Магазін №20  Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства невыпадкова носіць назву «Встреча»: ён размешчаны непадалёк чыгуначнага вакзала. А дзе вакзал, там і сустрэчы, расставанні. Аднак гэта гандлёвая кропка знаходзілася ў такім непрыглядным стане, што прадаўцам было сорамна не толькі за сваё месца работы, але і за родны горад. І ўсё з-за таго, што будынак не гадамі, а дзесяцігоддзямі не ведаў грунтоўнага рамонту.

Нарэшце пераўтварэнне адбылося. Больш за месяц доўжыўся рамонт будынка, якім займаўся будаўнічы ўчастак філіяла. 30 лістапада магазін адчыніў свае дзверы абноўленым. «Напярэдадні ў загадчыцы магазіна Людмілы Калеснікавай быў дзень нараджэння. Вось мы і зрабілі ёй да юбілею такі падарунак, — пажартаваў дырэктар філіяла аблспажыўтаварыства Мікалай Шабуня, а сур’ёзна дадаў: — Урачыстага адкрыцця не робім. Мы — людзі сціплыя, ды і фінансавыя магчымасці вельмі абмежаваныя».

Загадчыца магазіна «Встреча» Людміла Калеснікава з прадаўцом Ірынай Казадаевай

Людміла Калеснікава не можа нарадавацца: «Паглядзіце, як прыгожа стала! Усё абсталяванне новае: стэлажы, мара­зільныя скрыні, стойкі пад садавіну, халадзільнікі, вітрыны. Памянялі сістэму ацяплення, і стала намнога цяплей. Устаноўлена новае электраасвятленне. А колькі ў нас рознага тавару!»

Сярод першых пакупні­коў бачу купку работнікаў спа­жыўкааперацыі. «Вельмі вялікі ўклад у рамонт магазіна ўнеслі Людміла Бразоўская з сынам Аляксандрам, — падказваюць яны мне. — Раўнялі сцены, тынкавалі, шпаклявалі, абнаўлялі фасад». Падышлі і жыхары мікрараёна. Прашу іх падзяліцца ўражаннямі. І чую ў адказ: «Зараз у гэты магазін прыемна зайсці: цёпла, утульна, шмат тавару», «Тут жа ўсё дапатопнае было. А цяпер вельмі сучасна. Здаецца, ажно пабольшала плошча магазіна», «Стала вельмі прыгожа, светла, багаты асартымент. Радуюся за прадаўцоў. А калі яны гандлявалі ў халодным падсобным памяшканні, пакуль ішоў рамонт, вельмі іх шкадавала».

Застаецца дадаць, што ў магазіне зараз уведзена самаабслугоўванне. А гэта значыць, што і прадаўцам стала лягчэй, і пакупнікам зручней. Таксама тут можна прысесці за столік, выпіць кавы або гарбаты, што асабліва актуальна для тых, хто адпраўляецца ў дарогу ці толькі вярнуўся.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.