Наладчик оборудования маслоцеха ОАО «Поставский молочный завод» Леонид Курилович — отличный специалист

Общество

Незаменны прафесіянал

Пра наладчыка абсталявання маслацэха ААТ «Пастаўскі малочны завод» Леаніда Курыловіча мне давялося чуць ад кіраўніцтва прадпрыемства толькі самае лепшае. Маўляў, выдатны спецыяліст, роўнага якому яшчэ трэба пашукаць у нашым раёне, добрасумленны, адказны, працавіты. Як было не пераканацца ў гэтым асабіста? І я адправілася на завод.

Леаніда Лявонцьевіча застала на лініі па ўпакоўцы масла: ён уважліва сачыў за працэсам і ўключаўся ў яго, калі трэба было падрэгуляваць механізмы. Хоць работа патрабуе пастаяннай прысутнасці ў цэху, згадзіўся на непрацяглае інтэрв’ю ў больш ціхім месцы.

— Я з дзяцінства захапляюся механікай і радыётэхнікай, — расказваў. — Яшчэ ў школе дасканала вывучыў устройства трактара, на якім працаваў у калгасе бацька. Пасля арміі мог без праблем паступіць у Мінскі радыётэхнічны інстытут: прапаноўвалі ісці на падрыхтоўчае аддзяленне, давалі месца ў інтэрнаце. Але, прыехаўшы з вёскі ў сталіцу, разгубіўся, не рашыўся застацца ў вялікім горадзе і вярнуўся дамоў. Уладкаваўся на шклозавод «Гута», дзе атрымаў спецыяльнасць токара. Неўзабаве ажаніўся і пераехаў у Паставы. Стаў працаваць токарам у калгасе ў Юньках. А 20 гадоў назад перайшоў на малаказавод.

Прафесію наладчыка Леанід Лявонцьевіч асвоіў, зноў жа, на прадпрыемстве. На стажыроўку ў вопытных спецыялістаў на заводзе адводзіцца 14 дзён, затым 3 месяцы — выпрабавальны тэрмін. Л. Курыловіч навучыўся ўсяму за 3 дні. Пачынаў наладчыкам у натуральнамалочным цэху. Затым перавялі ў маслацэх. Працаваў на лініі па фасоўцы тварагу, запускаў лінію па нарэзцы сыру.

Работа ў мужчыны пазменная — з 8 гадзін раніцы і да 8 вечара. Так два дні. Потым два выхадныя. Але гэта, як кажуць, у тэорыі.

— Было нямала выпадкаў, калі затрымліваўся на заводзе да ночы. Аднойчы стала пастэрызацыйная ўстаноўка, і я толькі ў 6 раніцы выйшаў з прахадной. Адпачыў некалькі гадзін і зноў заступіў на змену, — успамінае Леанід Курыловіч. — У нас няма такіх паняццяў, як нарміраваны рабочы дзень, агульнапрынятыя выхадныя і святочныя дні. Працуем па звычайным графіку нават 31 снежня і 1 студзеня.

— Леанід Лявонцьевіч — незаменны чалавек на нашым прадпрыемстве. Ён можа хутка і якасна сабраць і настроіць абсталяванне, аператыўна ўхі­ліць любую няспраўнасць на лініі, — хваліў свайго падначаленага галоўны механік малаказавода Іван Чаплінскі. — Пры неабходнасці замяняе токара — калі той у водпуску ці на бальнічным. І мы стараемся яго не пакрыўдзіць: рэгулярна прэміруем за прафесійнае майстэрства і выкананне дадатковага аб’ёму работ.

Пра тое, што атрымаў рабочую прафесію, а не вывучыўся на радыёінжынера, Леанід Курыловіч ні кроплі не шкадуе. Яму падабаецца працаваць з металам, настройваць механізмы. Задаволены заработнай платай і адносінамі да яго кіраўніцтва завода. За два дзесяцігоддзі ён стаў для мужчыны другім домам.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.