Открытый диалог с участием Сергея Чепика прошёл в Воропаево в необычном формате

Местная власть

Упрыгожвалі ёлку разам са старшынёй райвыканкама

Адкрыты дыялог «Гэта наша з табою краіна, гэта наша з табой біяграфія» прайшоў у г.п. Варапаева не зусім звычайна, а ў пераднавагоднім фармаце. Адзінаццацікласнікаў мясцовай школы разам з дырэктарам Віктарам Жуком і кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання Мікалаем Атрахімовічам запрасілі ў сельвыканкам. А на сустрэчу да іх прыехаў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Старшыня сельскага Савета Іна Касарэўская прывітала навучэнцаў, акцэнтавала ўвагу на тым, што наступны год стане для іх вызначальным, калі яны будуць выбіраць далейшую дарогу пасля заканчэння школы, пажадала поспехаў. Таксама гаварыла пра тое, як важна вучыцца і працаваць на карысць Радзімы, усім разам ажыццяўляць карысныя справы. Шмат добрых слоў адрасаваў будучым выпускнікам Сяргей Чэпік. «Дарагія юнакі і дзяўчаты! — звярнуўся ён да выпускнікоў. — Памятайце, што найпершы складнік поспеху — гэта праца, настойлівая, карпатлівая, штодзённая. Жадаю вам старанна вучыцца, каб, атрымаўшы прафесію, прыно­сіць карысць нашай краіне і роднай Пастаўшчыне. Імкніцеся да новага, ажыццяўляйце свае ідэі».

З сельвыканкама ўсе разам накіраваліся на пляцоўку да гарпасялковага Дома культуры ўпрыгожваць устаноўленую там ёлку. Ды не звычайную, а блакітную. Яна так разраслася ў двары дома Фёдара і Яўгеніі Казароўцаў з вёскі Голбія, што стала перашкаджаць пабудовам. Гаспадары вырашылі спілаваць дрэва, але з такім разлікам, каб яно яшчэ парадавала людзей навагоднімі святамі. Старшыня сельскага Савета з радасцю згадзілася на такі падарунак для варапаеўцаў. Тут трэба сказаць яшчэ пра тое, што два гады назад жыхары пасёлка сабралі грошы і купілі гірлянды на ёлку. На­быць яшчэ некалькі іх дапамагло ААТ «Навасёлкі-Лучай».

Работнікі Варапаеўскага лясніцтва спілавалі елку, праз вялізныя гурбы снегу выцягнулі яе з двара на дарогу. У гарпасёлак даставілі на спецыяльнай тэхніцы дыстанцыі пуці. Зараз навагодняя прыгажуня радуе людзей, стварае ім святочны настрой. Хіба гэта не цуд? Самы звычайны, створаны агульнымі намаганнямі.

Святлана Шафаровіч
Фота Віктара Жука



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.