Пётр Войтешонок во всём помогает своим односельчанам

Общество

Дапамагчы заўсёды рады

Таццяне Сяргееўне Латыш з вёскі Дуброва Курапольскага сельсавета з мінулага лета пайшоў 93-і год. Яе лёс лёгкім не назавеш. 31 год, як аўдавела. Адна дачка жыве ў Маскоўскай вобласці, другая — у Паставах, аднак па стане здароўя не можа наведвацца. Трэцяя — побач, але самой патрабуецца дапамога: яна інвалід II групы з дыягназам «дзіцячы цэрэбральны параліч».

— Не ведаю, як мы з Марынай жылі б, калі б не Пеця Вайцяшонак, — гаварыла жанчына. — Раней ён дапамагаў нам проста па-суседску, а з сярэдзіны жніўня гэтага года афіцыйна аформлены ў ТЦСАН як работнік па аказанні паслуг сядзелкі. Дапамагае ва ўсім: прыносіць ваду са студні, дровы, цепліць печ, мые падлогу, ды і што ні папрашу — зробіць. Мая дачка капрызная, асабліва раздражняецца, калі ў хату зойдзе хто-небудзь нецвярозы. А Пеця не п’е ўвогуле, і Марына адносіцца да яго спакойна.

Пры нашай размове прысутнічае і сам Пётр Вайцяшонак. Ён ужо ўправіўся ў доме сваіх падапечных з усёй ранішняй работай і чакае аўтамагазін, які павінен прыехаць з хвіліны на хвіліну: трэба і самому атаварыцца, і Сяргееўне занесці ў дом сумку з пакупкамі, бо яна і Марына могуць перасоўвацца, толькі абапіраючыся на два кіёчкі.

— Сілы ў мяне ёсць, час — таксама. І я рады дапамагчы кожнаму, — прызнаецца Пётр Сяргеевіч і прыводзіць словы свайго дзядулі, якія назаўсёды ўрэзаліся ў яго памяць: «Лепш я дам што-небудзь чалавеку, чым буду чакаць, каб далі мне». — Вось і я лепш дапамагу іншаму, чым буду чакаць дапамогі сам.

А дапамагае ён многім. Прывяду такі прыклад. Шмат гадоў у Дуброве пуставаў дом і гаспадарчыя пабудовы ля яго, якія некалі належалі сям’і Лысёнак, зарастаў травой двор. Урэшце па хадайніцтве Курапольскага сельскага Савета ён быў прызнаны безгаспадарным. Старшыня сельскага Савета прапанавала вяскоўцам разабраць будынкі і забраць матэрыялы на свае патрэбы, у асноўным — на паліва. Думаеце, знайшлося шмат ахвотнікаў? Як бы не так! За справу ўзяўся толькі Пётр Вайцяшонак, а дапамог яму Барыс Мажэйка.

— Сем патоў сышло, пакуль разабралі будынкі, — расказваў Пётр Сяргеевіч. — 10 ланцугоў да бензапілы ступіў, распілоўваючы драўніну. Прыбраў усё, засталіся толькі печ і фундамент. На днях прыйдзе тэхніка і закапае іх у зямлю.

Дрывамі ён забяспечыў не толькі сябе. Не менш за паўсотню прычэпаў да мотаблока развёз вяскоўцам. Прычым не бездапаможным, а праца­здольным, якія ўляглі ў спіртное, нідзе не працуюць і нават пра паліва для сябе не паклапаціліся.

Падобных прыкладаў шмат. Абкасіць вясковыя могілкі, узараць мотаблокам агарод, прывезці з Пастаў лякарствы, прадукты харчавання або звазіць каго ў райцэнтр да ўрача ці па якой-небудзь іншай неадкладнай справе, папілаваць і пашчапаць дровы — Пётр Вайцяшонак адклікаецца на кожную просьбу. А калі ў каго-небудзь памірае блізкі чалавек, яго запрашаюць на адпяванне.

Што яшчэ можна дадаць да сказанага? Пётр Вайцяшонак з’яўляецца старэйшынам вёскі і дэпутатам Курапольскага сельскага Савета. І вось як яго характарызуе старшыня сельвыканкама Лілія Гінько:

— Пётр Сяргеевіч як старэйшына і дэпутат праводзіць вялікую работу. Клапоціцца, каб у добрым стане ўтрымліваліся могілкі і дарога да вёскі, своечасова прыходзіў аўтамагазін, не прападала электраасвятленне. Як былы ваеннаслужачы, умее трымаць дысцыпліну, сочыць за тым, каб ненадзейныя грамадзяне не ўчынілі правапарушэння, пастаянна апякае пажылых. Актыўна ўдзельнічае ў абмеркаванні пытанняў на сесіях сельскага Савета, уносіць канкрэтныя прапановы. А ў якім узорным стане ўтрымлівае сваю сядзібу! Калі праходзілі выбары ў мясцовыя Саветы, вяскоўцы дружна прагаласавалі за Пятра Вайцяшонка.

І было за каго! Ён — чалавек справядлівы, працавіты, нераўнадушны, душой хварэе за сваю родную вёску і суседзяў. І гэтага нельга не цаніць.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.