Посмотрите какие изделия в технике декупаж создаёт Янина Турло из аг. Хотилы

Общество

Дзеткі і кветкі – як крыніца натхнення

За 32 гады работы ў школе Яніна Турла з Хаціл узгадавала не адно пакаленне «кветак жыцця». Сёння настаўніца пачатковых класаў на пенсіі. І амаль увесь час з задавальненнем прысвячае ўжо сваім дзецям, унукам, а таксама хобі: летам — кветкам, зімой — вырабам у тэхніцы дэкупаж.

Многім жанчынам у вольную хвіліну хочацца ствараць нешта новае, прыгожае і займальнае, каб зрабіць сваё жыццё прыгажэйшым і акунуцца ў цікавы свет творчасці. Адна з такіх — Яніна Мар’янаўна. Жыццё распарадзілася так, што сёння часу для заняткаў па душы ў яе дастаткова. Пасля таго як школа ў Хацілах закрылася, жанчыне прапаноўвалі розныя варыянты падпрацоўкі. Добра ўсё абдумаўшы, вырашыла дапамагаць сваім дзецям — сыну Сашу і дачцэ Алесі, якія паспелі падарыць ёй траіх унукаў — Ягора, Аню і Макара. Старэйшы ўнук вучыцца ў 4 класе, унучка — у 1-м, а малодшаму — 4 гадкі.

Рукадзельніца Яніна Турла са сваёй унучкай Анютай

Жыццё зайграла новымі фарбамі. Павялічылі з мужам гаспадарку, дзеці і ўнукі — частыя госці. І калі з ранняй вясны да позняй восені Яніна Мар’янаўна занятая на вуліцы, то зімовыя ўтульныя вечары яна з задавальненнем прысвячае творчасці — стварае вырабы ў тэхніцы дэкупаж.

З цікавасцю разглядаю работы: чырванагрудыя снегіры, рудая вавёрка і мноства казачных зімовых герояў упрыгожылі вазачкі, кантэйнер для захоўвання арэхаў, падсвечнікі, ёлачныя шарыкі… Усе яны выкананы вельмі акуратна, што называецца, з душой. Складваецца ўражанне, быццам гэта самы сапраўдны рукатворны роспіс.

— Нават не скажаш, што падсвечнік зроблены са звычайнага фужэра, праўда? — усміхаецца рукадзельніца.

Сапраўды! Менавіта ён! Прыгледзеўшыся, заўважаю, што і вазачка — гэта ў мінулым вытанчаная бутэлечка, а кантэйнер для захоўвання арэхаў — звычайная пластмасавая ёмістасць.

— Люблю дарыць новае жыццё звычайным рэчам, якія выйшлі з ужытку, — працягвала жанчына. — Яны здольныя стварыць утульнасць і святочную атмасферу ў доме. Ды і сам працэс як сапраўдная магія: спачатку пакрываю нарыхтоўку фарбай, затым — клеем, пазней наношу выбраны малюнак на тоненькай сурвэтцы… Падфарбоўка, лак, бліскаўкі… На адну работу патрэбны ўвесь вечар.

Да навагодніх свят Яніне Мар’янаўне асабліва падабаецца здзіўляць сваіх родных і сяброў незвычайнымі падарункамі. У гэтым годзе іх чакаюць арыгінальныя бутэлькі «ігрыстага», аформленыя ў навагодняй тэматыцы. Звязаныя жанчынай шапачкі, якія пакрываюць рыльцы бутэлек, выклікаюць асаблівае замілаванне.

— Адкуль такая любоў да творчасці? — цікаўлюся.

— Мусіць, таму, што я настаўнік пачатковых класаў, і гэтым усё сказана. Дзеці — кветкі жыцця. Заўсёды мяне натхнялі і працягваюць натхняць, — шчыра адказала Яніна Мар’янаўна, прыгадаўшы, што ў сваім дзяцінстве займацца творчасцю ёй не было часу: маці працавала на ферме, а тата быў інвалідам па зроку. Увесь свой вольны час маленькая Яніна разам з сястрой Ганнай дапамагалі ім. Магчыма таму сёння вольны час жанчына шануе асабліва.

Усю нашу гутарку з непадробнай цікавасцю слухала 6-гадовая ўнучка гаспадыні Анюта, з задавальненнем дапамагала бабулі дэманстраваць вырабы. Яніна Мар’янаўна бачыць у ёй сваю пераемніцу: творчыя задаткі, паводле слоў бабулі, ужо актыўна праяўляюцца.

Падарункі і сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, заўсёды шануюцца асабліва. Яны ўнікальныя тым, што чалавек падчас творчай дзейнасці ўкладвае ў іх часцінку сябе. Нечаканым сюрпрызам ад рукадзельніцы стаў такі падарунак і мне. Упэўненая: ён стане цэнтральным упрыгожваннем святочнага стала ў навагоднюю ноч. Дзякую за казку!

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.