Праздник работников тепла и света: День энергетика отмечают в Поставах

Общество

Пад пастаянным напружаннем

Вялікія снегапады ўскладнілі работу дарожнікаў, камунальнікаў, транспартнікаў. Не выключэнне і работнікі Пастаўскага раёна электрычных сетак, у якіх сёння — прафесійнае свята.

Святло, цяпло – у кожны дом

— Мы знаходзімся пад напружаннем 24/7 круглы год, бо абавязаны забяспечваць бесперабойнай электраэнергіяй спажыўцоў раёна, — гаварыў начальнік РЭС Мікалай Ожэль. — На надвор’е пакуль не наракаем: сёлета не было ні адной сур’ёзнай аварыі, а значыць і экстранных выездаў брыгад. Раней жа часта здаралася, што вятры, снег, наледзь абрывалі лініі электраперадачы, пакідалі без святла і цяпла цэлыя населеныя пункты або вытворчыя аб’екты. І тады нашым работнікам даводзілася ледзь не суткамі аператыўна ўхіляць пашкоджанні. Надзейнасць электразабеспячэння павялічылася дзякуючы падтрыманню электрасетак і абсталявання ў спраўным стане, удасканаленню схем электразабеспячэння, будаўніцтву новых і рэканструкцыі старых ліній электраперадачы, своечасоваму капітальнаму рамонту іх і трансфарматарных падстанцый, іншага электраабсталявання.

Майстар Ігар Пашкевіч і вадзіцель Віктар Курто на падстанцыі ў Бакавічах

Сёлета РЭСаўцы адрамантавалі 175 кіламетраў ліній электраперадачы і 133 падстанцыі. На 12,5 кіламетра высакавольтных ліній у лясных масівах голыя правады замянілі на ізаляваныя.

Такая ж работа праведзена і на некаторых участках нізкавольтных ліній па вуліцах Працоўнай у райцэнтры, Ленінскай у Варапаеве, а таксама ў Лучаі, Заброддзі, Задзеўі, Лынтупах.

У сувязі з ліквідацыяй у раёне некаторых аб’ектаў электразабеспячэння энергетыкі дэманціравалі 6 трансфарматарных падстанцый, больш за 3 кіламетры ЛЭП. У Паставах і населеных пунктах раёна будуюцца новыя жылыя дамы, якія трэба электрыфікаваць. У службу «адно акно» РЭС з заявай аб падключэнні да электрасетак звярнуліся 643 спажыўцы. 337 выдана тэхнічнае пасведчанне. Падключана 249, з якіх 188 — з мэтай выкарыстання электра­энергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Асноўную работу па вулічным асвятленні і падключэнні спажыўцоў да электрасетак выконваюць майстар Валерый Мігачоў, электраманцёры Дзмітрый Пятліцкі і Юрый Саўлевіч.

Электраманцёр Андрэй Клімюк, тэхнік Ганна Пяткевіч і інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Алег Саўлевіч

Яшчэ адзін важны праект — мадэрнізацыя сістэмы вулічнага асвятлення. Работнікі РЭС праводзяць замену звычайных лямп на святлодыёдныя, якія больш надзейныя і эканамічныя. Пакуль заменены 123 лямпы і 143 свяцільні. Работы прадоўжацца і ў наступным годзе.

У гэтыя дні брыгады РЭС працуюць у розных куточках Пастаўшчыны. Найбольшы аб’ём работ — у раёне Вярэнек і іншых найбліжэйшых вёсак. Там пад кіраўніцтвам вопытных майстроў Юрыя Чарняўскага, Анатолія Мышко, Андрэя Літынскага мяняюць апоры высакавольтных ліній. Капітальным рамонтам трансфарматарнай падстанцыі ў Кураполлі занята брыгада Андрэя Сырадойкі.

З Мікалаем Ожэлем я пабывала ў Бакавічах, дзе малочны завод распачаў перапрафіляванне жывёлагадоўчага комплексу, будаўніцтва якога было распачата шмат гадоў таму, а потым з-за адсутнасці фінансавання на доўгі час было спынена. Там майстар Ігар Пашкевіч з вадзіцелем Віктарам Курто праводзяць агляд і абслугоўванне трансфарматарнай падстанцыі з тым разлікам, каб яе магутнасці хапіла на забеспячэнне электраэнергіяй новага сельскагаспадарчага аб’екта.

І вопыт, і маладосць

— Нашы работнікі выдатна ведаюць свае абавязкі і сумленна іх выконваюць, — расказваў Мікалай Ожэль. — Усё даведзена да аўтаматызму: ад тэхналогіі выканання работ да тэхнікі бяспекі. Нягледзячы на тое, што маем сучасную тэхніку і інструменты для работы, усё роўна яе лёгкай не назавеш. Найбольшая нагрузка кладзецца на электраманцёраў. Найлепшыя з іх — Юрый Антаневіч, Аляксей Курцін, Андрэй Палкін, Міхаіл Сегень, Яўгеній Вежан. Умеюць правільна арганізаваць работу майстры Анатолій Мышко, Андрэй Сырадойка, Юрый Чарняўскі, Андрэй Літынскі. Заўсёды гатова да выезду на лінію тэхніка, за работу якой адказвае механік Яўгеній Лапун.

Калектыў РЭС — гэта, як кажуць, сплаў вопыту і маладосці. Амаль 43 гады прысвяціў энергетыцы Лявон Бараноўскі. З іх 17 працаваў галоўным інжынерам. Нядаўна ўзнагароджаны нагрудным знакам «Ветэран Беларускай энергасістэмы». Сваім багатым вопытам Лявон Антонавіч ахвотна дзеліцца з маладымі калегамі.

Ветэран Беларускай энергасістэмы Лявон Бараноўскі

З сёлетняга года на новых пасадах асвойваюцца галоўны інжынер Антон Валетка, начальнік дыспетчарскай службы Дзмітрый Сярухін, дыспетчары Аляксей Студзянкоў, Андрэй Марціновіч, майстры Сяргей Мышко, Ігар Пашкевіч, электраманцёры аператыўна-выязной брыгады Андрэй Ражко і Аляксандр Барысюк.

Дарэчы, уся інфармацыя пра непаладкі ў энергасістэме раёна фіксуецца дыспетчарскай службай, якая працуе кругласутачна. У выпадку аварыі яе работнікі, сярод якіх вопытныя дыспетчары Аляксандр Анкудовіч, Аляксандр Багушэвіч, аператыўна прымаюць неабходнае рашэнне, неадкладна каардынуюць дзеянні брыгад. Прафесіяналамі сваёй справы з’яўляюцца электраманцёры аварыйнай брыгады Андрэй Кундро, Уладзімір Мажэйка, Уладзімір Юркаўлянец. Паспяхова працуе вытворча-тэхнічны аддзел у складзе тэхніка Ганны Пяткевіч, электраманцёра Андрэя Клімюка. Кіруе імі інжынер Алег Саўлевіч. Яны адказваюць і за работу службы «адно акно».

Мікалай Ожэль

Напярэдадні прафесійнага свята хачу падзякаваць за зладжаную работу ўсяму калекты­ву. Узначаль­ваю яго менш за год. Таму для мяне вельмі важная падтрымка кожнага работніка. Віншую нашых ветэранаў! Мы цэнім іх уклад у станаўленне і развіццё Пастаўскага РЭС. Яны і сёння гатовы падзяліцца сваім вопытам, даць слушную параду. Мы іх не забываем.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.