Следующий пункт остановки на маршруте редакционного проекта «Вёсачка» — Дашки

Главное Общество

Планавала накіравацца ў якую-­небудзь аддаленую вёсачку, а старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Юрый Кісялёў паклікаў у Дашкі, да якіх з цэнтра Пастаў усяго 8 кіламетраў. «Калі ні бываю ў гэтай вёсцы, кожны раз не магу нарадавацца з яе, — гаварыў Юрый Мікалаевіч. — Хоць на кожны дом змяшчай таблічку «Дом узорнага парадку», ды іх і так там ужо шмат. Мясцовыя жыхары і дачнікі (а тут жывуць не толькі беларусы, але і рускія, кіргізы, марыйка) дружныя і працавітыя. Вельмі адказная старэйшына — Соф’я Станіславаўна Будзько. Яна ўнікае ва ўсё і з’яўляецца найпершым нашым памочнікам.

Ну як было не прыняць прапанову? Да таго ж старэйшыну і некаторых жыхароў ведаю даўно, пра асобных пісала раней. І вось я зноў у Дашках. Нягледзячы на тое, што на дварэ не найлепшая пара года і вёска не патанае ў кветках, а сцялася ад снегу і марозу, ды і дзень выдаўся шэры, уражанні ад сустрэч з дашкаўцамі засталіся яркія. Дзялюся імі.

На тое і старэйшына

Як і кожны раз, пачынаючы падрыхтоўку матэрыялаў для рэдакцыйнага праекта, найперш сустракаюся са старэйшынай вёскі. Соф’я Станіславаўна жыве ў Дашках 56 гадоў. Яна, дзяўчына з Рудзевіч, выйшла сюды замуж за Пятра Будзько. Тут нарадзіла і выхавала з мужам дваіх сыноў, а зараз сустракае іх з сем’ямі як гасцей і памочнікаў.

Шмат гадоў Пётр быў старэйшынам вёскі, а пасля яго смерці гэты грамадскі абавязак перайшоў да Соф’і.

— Быць старэйшынам — зна­чыць, мець давер ад людзей, — гаварыў старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Юрый Кісялёў. — Чалавек на гэтым месцы павінен спалучаць у сабе такія рысы, як добразычлівасць, камунікабельнасць і разам з тым цвёрдасць характару. Соф’я Станіславаўна менавіта такая, яна настойліва дабіваецца мэты ў інтарэсах усіх вяскоўцаў, дапамагае Савету ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.

Старэйшына клапоціцца пра тое, каб вясковая вуліца своечасова ачышчалася ад снегу, гарэлі на слупах электрычныя ліхтары, тэрыторыя не зарастала пустазеллем, суседзі жылі ў згодзе і пра многае іншае. Яе настойлівасць, можа, і не даспадобы каму-не­будзь, затое — на карысць вёсцы.

На грамадскай пасадзе Соф’я Станіславаўна ўжо 16 гадоў. Мае шмат грамат, падзяк як ад сельскага Савета, так і ад раённага кіраўніцтва. З’яўлялася лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны».

— А як прыемна было атры­маць на сваё 80-годдзе віншаванне ад старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка і старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ганны Літвіновіч! — падзялілася старэйшына і стала расказваць пра вяскоўцаў. Яе радуе, што дамы ў Дашках не пустуюць: іх раскупілі дачнікі і праяўляюць сябе дбайнымі гаспадарамі — рамантуюць і прыбудоўваюць жыллё, абуладкоўваюць прыдамавыя тэрыторыі, садзяць агароды.

Таблічкі «Дом узорнага парадку» красуюцца на дамах Будзько, Авізічаў, Дзіковічаў, Маісеевых, Балошкаў, Кундры. Мінулым летам у юнькаўскім клубе адбылося свята вёсак Юнькі, Дашкі, Соўкі, Логавінцы. Культработнікі пастараліся, і яно атрымалася вясёлым і цікавым. Самыя рупныя гаспадары былі адзначаны на свяце падарункамі. Усе прысутныя і зараз з удзячнасцю ўспамінаюць тую ўрачыстасць, якая яшчэ больш з’яднала іх.

Палюбіла Беларусь

Алена Шудра па нацыянальнасці марыйка. Яна нара­дзілася і вырасла ў мнага­дзетнай сям’і ва Удмурціі. А ў Беларусь трапіла 20-гадовай. Па аб’яве прыехалі з мужам працаваць у калгас імя Суворава, але праз два гады прыйшлося вярнуцца дадому, бо цяжка захварэў бацька.

Яшчэ праз два гады зноў прыехалі на Пастаўшчыну — у калгас «Сцяг Перамогі». Праўленне прапаноўвала ім кватэру, але адмовіліся ад яе: не захацелі жыць у «шпакоўні» і купілі ў Дашках дом. Праз некалькі гадоў сям’я распалася. У 2005-м на маладую жанчыну абрынулася бяда — ад замыкання электраправодкі згарэў дом і ўсё, што было ў ім. Пажар здарыўся ноччу. Калі б не разбудзіў моцным брэхам сабака, магла б загінуць у агні разам з сынам.

— Пасля таго як згарэў дом, я магла б вярнуцца да родных ва Удмурцію, там у мяне чацвёра братоў і сясцёр, але я ўжо прывыкла да Беларусі, мне падабалася тут. Вельмі дапамаглі добрыя людзі. Неслі ўсё: адзенне, пасцельныя рэчы, прадукты. Знаёмы ў Соўках дазволіў пажыць у яго доме.

А праз некаторы час яна ў другі раз выйшла замуж, і Валянцін замяніў бацьку яе сыну Сцёпу, навучыў хлопчыка ўсяму, што ўмеў рабіць сам. Зараз Сцяпан ужо дарослы, мае сваю сям’ю, жыве ў Паставах. Да бацькоў наведваецца як ён, так і Валянцінава дачка ад першага шлюбу, якая таксама ўжо замужам. Прымаюць іх аднолькава гасцінна, дапамагаюць матэрыяльна.

Алена працавала ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» даяркай, цялятніцай, загадвала фермай. Мінулым летам пайшла на пенсію, але адпачываць не прыходзіцца. Сям’я трымае вялікую гаспадарку: бычка, 8 свіней, качак, курэй. Муж яшчэ працуе на сельгаспрадпрыемстве, а яна завіхаецца на падвор’і. Нават з касой і мотаблокам выдатна спраўляецца — нездарма ж яшчэ ў школе атрымала правы трактарыста.

Ну а Беларусь даўно стала для жанчыны роднай. Добра разумее мову тых, з кім жыве і працавала побач, гатуе беларускія стравы. Ніколі не задумвалася пра тое, каб змяніць месца жыхарства.

Жонка — прараб, муж — выканаўца

Ірына Авізіч родам з Варапаева, а замуж выйшла за хлопца з Круляўшчызны. Там і жылі. Калі памёр яе бацька і маці засталася адна, вырашыла пераехаць з мужам і дваімі дзецьмі бліжэй да яе.

Калгасу «Сцяг Перамогі» патрабаваліся працаўнікі, сям’і абяцалі кватэру. І далі б, але Авізічы купілі дом у Дашках і ўжо 37 гадоў жывуць у ім, змяніўшы будынак непазнавальна. Акрамя таго, пабудавалі хлеў, лазню, альтанку, прасторны гараж. І не спыняюцца на гэтым.

— Іра ў сям’і за прараба, — жартуе гаспадар. — Яна ставіць задачы, а выконваю іх я. Усё ў нас атрымліваецца добра.

Абое ўжо на пенсіі, аднак не абмяжоўваюцца сценамі ўласнага дома ды падвор’ем, а гандлююць на рынку. Ірына — індывідуальны прадпрымальнік, Аляксандр — яе персанальны вадзіцель. Раней гандлявалі шмат чым, зараз у асноўным біжутэрыяй і акулярамі.

Авізічы ўспаміналі цяжкія 90-я. Тады яны трымалі дзвюх кароў, некалькі свіней, шмат птаства. Садзілі па 5 тысяч каліў капусты, а вырашчаны ўраджай прадавалі на рынку. І гэта пры тым, што Аляксандр працаваў зваршчыкам у калгасе, а Ірына — закройшчыцай у райбыткамбінаце, потым — сацработнікам. Акрамя таго, дома шыла на заказ розныя рэчы, у тым ліку дублёнкі, скураныя курткі. У сям’і было двое студэнтаў і сын-школьнік. Вялікая сям’я патрабавала вялікіх расходаў. А хацелася ж і машыну купіць, і апрануцца прыгожа. Таму працавалі не пакладаючы рук. Яны і цяпер без занятку не бываюць. Аляксандр дабудоўвае гараж, Ірына шые і вяжа. Да яе, адмысловай швачкі, звяртаюцца з заказамі не толькі аднавяскоўцы.

Асаблівая гордасць Авізічаў — дзеці і ўнукі. Абодва іх сыны атрымалі па дзве вышэйшыя адукацыі. Саша — маёр міліцыі, Дзяніс выкладае ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Дачка Таня 20 гадоў адпрацавала ў ветлячэбніцы, а нядаўна перайшла ў Докшыцкі водаканал. Калі дзеці і ўнукі наведваюцца да бацькоў, тады ў доме — свята. А паўтара года назад у Ірыны і Аляксандра з’явіўся ўжо і праўнучак. Хіба не найвялікшая радасць?

Ніколі не гавары «ніколі»

Ніколі не буду жыць у вёсцы, а тым больш — працаваць у агародзе», — неаднойчы заяўляла карэнная пастаўчанка Вікторыя Дзіковіч. А зараз яна прызнаецца: «Засталося толькі халадзільнік купіць — і мы з Сяргеем абуладкоўваемся ў Дашках на пастаянна».

Звычайны вясковы дом яны набылі тут у 2015 годзе. Натарыяльную здзелку аформілі 7 кастрычніка, якраз у чарговую гадавіну свайго шлюбу. Атрымаўся своеасаблівы падарунак да даты. Не без гонару адзначаюць, што купілі яго за грошы, якія зарабілі самі, ні да кога не звярталіся па фінансавую дапамогу. А вось калі ўзяліся за капітальны рамонт дома, у рабоце плячо падставілі Сяргеевы бацька і брат. Аднак асноўная нагрузка, безумоўна, лягла на яго плечы. Па прафесіі Сяргей — будаўнік. Працуе ў «Рассвеце Пастаўскім». Яго рукам падуладны любы будаўнічы інструмент, і няма такой работы, з якой бы не справіўся.

З кім з вяскоўцаў ні размаўляла, усе адзначалі працавітасць і гаспадарлівасць Дзіковічаў, тое, якія вялікія пераўтварэнні адбыліся ў купленым імі доме і на прыся­дзібным участку.

— Хочацца абуладкаваць усё так, каб было камфортна, — гаварылі яны самі. — Падвялі ваду, электрычнае ацяпленне, зрабілі санвузел, дабудавалі веранду, памянялі вокны, зрабілі грунтоўны рамонт у пакоях.

— А замест градак газон? — пытаюся ў Вікторыі, ведаючы яе ранейшае катэгарычнае непрыняцце «земляробства».

— Ведаеце, сама сябе не пазнаю, — смяецца яна. — Спачатку ўзяліся за пасадку агарода мая і Сяргеева маці, затым падключылася я. Мне стала цікава працаваць на зямлі, назіраць, як растуць раслінкі. А якое задавальненне ўбіраць ура­джай! Мы нават у арэнду ўчастак узялі. Сёлета ў нас уся агародніна — вырашчаная самімі і на сваёй зямлі. Яшчэ і з іншымі дзелімся ёй. Але найбольшае маё захапленне — кветкі. Іх шмат, і кожную вясну прыбаўляю, мяняю кампазіцыю кветнікаў.

Віка і Сяргей пакуль жывуць у гарадской кватэры з яго бацькамі. Ніякіх непаразуменняў ва ўзаемаадносінах з імі няма. Але толькі ў сваім доме ў Дашках яны адчулі сябе сапраўднымі гаспадарамі. А гэта важна.

Палавіць рыбу, пазагараць

З Інай Масквіной я размаўляла ў вельмі цяжкі для яе час — праз некалькі дзён пасля таго, як яна правяла ў апошні шлях сваю 86-гадовую маці. «Разумею, што такі няўмольны закон прыроды, але ўсё роўна вельмі балюча хаваць самага роднага чалавека, — гаварыла жанчына. — Трымаюся на заспакаяльных таблетках».

Іна і яе муж Стас — былыя ваеннаслужачыя. Апошняе месца іх службы — ваенны інстытут у Растове-на-Доне. Адтуль, пайшоўшы на пенсію, і прыехалі ў родныя для Іны Паставы 11 гадоў назад. Купілі тут добраўпарадкаваную кватэру. Стас уладкаваўся ў «Рассвет Пастаўскі», Іна — у дзяржкаледж. 8 гадоў назад купілі дом у Дашках. Знаёмыя расказвалі, што калісьці на яго месцы стаяла харчэўня і нібыта быў знойдзены збанок з сярэбранымі манетамі. Праўда гэта або выдумка, ужо не высветліць. Але і зараз гаспадары час ад часу знаходзяць у зямлі каваныя цвікі, дзвярныя завесы з надпісамі на польскай мове, пакарабачаныя манеты. А ў пачатку гаспадарання тут ім прыйшлося звезці з участка шмат валуноў, а таксама засыпаць студню, сценкі якой былі выкладзены каменем і ў якой калісьці ўтапіўся сабака. Увогуле давялося шмат папрацаваць, пакуль ачысцілі тэрыторыю ад смецця, адрамантавалі дом.

— А цяпер мы не перагружаем сябе работай, — прызналіся Іна і Стас. — Садзім крыху агародніны, кветкі, а ў асноўным любім тут адпачываць: лавіць рыбу ў сажалцы, загараць, прымаць радню і сяброў.

Мне застаецца толькі дадаць, што Іна — вельмі таленавіты чалавек: піша маслам карціны, стварае вырабы з саломкі, кветкі з тканіны, шые лялькі. У тым ліку ўпрыгожвае сваімі эксклюзіўнымі вырабамі і пакоі дачы.

Вось дык падвор’е!

Зараз мала хто ў вёсцы трымае карову. «А ў маёй суседкі Галі Лялекі іх ажно 3 і столькі ж у яе дачкі Іліты, якая жыве з сыночкам праз некалькі дамоў. Усе яны — вельмі працавітыя лю­дзі. Вяскоўцы гэта адразу заўважылі і прыязна ставяцца да новых суседзяў», — расказвала мне па тэлефоне старэйшына вёскі перад тым, як я збіралася прыехаць у Дашкі. Вядома ж, планавала пабываць у гаспадароў такіх вялікіх падвор’яў. Не атрымалася: яны не пажадалі бачыць журналіста ў сваіх уладаннях.

Але на вуліцы я сустрэла Галінінага сына Руслана Хомічака — ён якраз забіраў свой посуд з пункта збору малака. Летась яны прадалі дзяржаве 19,4 тоны, сёлета — ужо больш за 20 тон. Малады чалавек расказаў, што іх сям’я пераехала з Кіргізіі ў Беларусь у 2014-м. Жылі там, дзе гаспадаркі выдзялялі жыллё. А ўрэшце купілі два дамы ў Дашках. Маці працуе цялятніцай у Коўзанах, сястра Іліта — даяркай у Навасёлках, малодшы брат Імран ходзіць у 9 клас. А ён займаецца гаспадаркай на маціным і сестрыным падвор’ях, на якіх утрымліваюцца не толькі каровы, але і авечкі, гусі, індыкі. Безумоўна, дапамагаюць і іншыя сямейнікі.

— Як толькі і спраўляецеся?! — дзіўлюся. — У вас жа столькі скаціны! Напэўна, вельмі цяжка.

— Калі захочаш, справішся з усім, — адказаў Руслан. — А мы працы не баімся.

Аматарка кветак

У Алены Маісеевай ёсць жыллё ў  Паставах, але ў ім яна бывае рэдка.  Больш прыцягальны для жанчыны бацькоўскі дом у Дашках. Жыве ў ім з сынам Алегам. Трымаюць карову, коз, курэй. Хапае працы ў агародзе і на  падвор’і. Тым не менш гаспадыня знаходзіць час   і для догляду кветак. Яны — яе захапленне. Летам дом літаральна патанае ў іх. Шмат і пакаёвых.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.