Старшеклассники Поставщины узнали, какие специальности можно получить в БГАТУ и Витебской ветакадемии

Образование

І аграрная адукацыя – прэстыжная

У гэтым выпускнікоў сельскіх школ раёна на мінулым тыдні пераконвалі прадстаўнікі БДАТУ і Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны

Якія спецыяльнасці можна атрымаць у Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце і чым займаюцца выпускнікі акадэміі ветэрынарнай медыцыны — пра гэта і іншае старшакласнікам Пастаўшчыны расказалі кандыдат тэхнічных навук, дацэнт кафедры «Трактары і аўтамабілі» Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Ірына Бандарэнка і кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчай жывёлы імя В. А. Івановай Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Сяргей Базылеў.

Разам з інспектарам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Людмілай Шубелькай яны пабывалі ў школах раёна, прадэманстравалі відэаролікі пра свае навучальныя ўстановы, з якіх прысутныя даведаліся пра факультэты, арганізацыю вучэбнага працэсу, убачылі ўмовы пражывання ў інтэрнаце і правядзення вольнага часу. Выкладчыкі засяродзілі ўвагу на ўмовах паступлення ў дадзеныя ўстановы, прывілеях пры заключэнні мэтавага дагавора.

Ірына Бандарэнка і Сяргей Базылеў з выпускнікамі Дар’яй Мышко (дыплом I ступені па грамадазнаўстве), Уладзіславам Таболам (дыплом I ступені па хіміі), Даніілам Мажэйкам (дыплом II ступені па геаграфіі) і Арцёмам Казароўцам

— Нашу акадэмію закончылі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыло, былы і цяперашні старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і Аляксандр Субоцін, першы намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Генадзій Лютынскі, — пералічваў выпускнікоў розных гадоў Сяргей Базылеў. — Вучыцца ў нас — прэстыжна. З дыпломам акадэміі адкрыты шлях на многія прадпрыемствы не толькі сельскагаспадарчага профілю, але і перапрацоўчай прамысловасці, у кіналогію.

У варапаеўскай школе набор навучэнцаў у клас аграрнага профілю праведзены ў чацвёрты раз. Мэта факультатыўных заняткаў «Увядзенне ў аграрныя прафесіі», якія вядзе настаўнік Аляксандр Гарны, — арыентаваць вучняў на асэнсаваны выбар прафесіі сельскагаспадарчага профілю, фарміраваць у іх уяўленне пра будучую працоўную дзей­насць. Сельскагаспадарчая галіна развіваецца: сёння актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі, дакладнае земляробства.

Многія выпускнікі агракласа Варапаеўскай СШ мінулых гадоў сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў аграрнага профілю. На 3-м курсе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі паспяхова вучыцца Мікіта Каспяровіч. Ён паступіў па мэтавым накіраванні ад рыбгаса «Навінкі». Будучая спецыяльнасць юнака — інжынер-тэхнолаг, накіраванне — прамысловае рыбаводства.

Сёлета студэнткай Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны стала Яна Сінькевіч. З выбарам канчаткова вызначылася пасля таго, як разам з іншымі навучэнцамі аграрных класаў школ раёна пабывала ў гэтай навучальнай установе на экскурсіі, арганізаванай упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

— Недахоп кадраў адчуваецца ў многіх галінах, у аграрнай — асабліва, — гаварыла Людміла Шубелька. — На пачатак бягучага года на Пастаўшчыне вакантнымі былі 35 пасад заатэхнікаў, ветурачоў, аграномаў, інжынераў, бухгалтараў, юрыстаў, не хапае і трактарыстаў-машыністаў, аператараў машыннага даення. Таму ўсе сельгаспрадпрыемствы, а таксама малочны завод, ільнозавод гатовы заключаць з выпускнікамі мэтавыя дагаворы на іх навучанне ў адпаведных ВНУ. Дагавор дае перавагі пры паступленні, а арганізацыя даплачвае ад 2 да 8 базавых велічынь да стыпендыі. Пасля заканчэння вучобы гарантавана працаўладкаванне, для хлопцаў — магчымасць праходзіць ваенную службу ў рэзерве. З 1 сакавіка мінулага года, згодна з рашэннем Віцебскага аблвыканкама, маладым спецыялістам зоаветэрынарнага профілю прадугледжана даплата ў размеры 1 000 рублёў да штомесячнай зарплаты пры ўмове заключэння кантракта на 5 гадоў.

У 11 класе Варапаеўскай ся­рэдняй школы займаюцца 13 чалавек. 11 з іх сталі прызёрамі раённага этапа прадметных алімпіяд. 8 будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе. З такімі глыбокімі ведамі ў хлопцаў і дзяўчат ёсць магчымасць выбраць самую прэ­стыжную навучальную ўстанову. Навучэнцы з цікавасцю слухалі выкладчыкаў аграрных ВНУ і не адмаўлялі таго, што пойдуць вучыцца менавіта ў гэтыя ўстановы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.