Старые снимки Ольги Яцыно из Камай помогли узнать факты из истории местной школы

История

Школа жыцця

Падрыхтоўка праекта «ПК» у ЧБ» дорыць найцікавейшыя знаёмствы з людзьмі, якія не толькі могуць паказаць чорна-белыя фота і расказаць пра іх, але і ўмеюць захапіць сваімі разважаннямі, хобі, аповедамі пра сваё жыццё і прафесію. Так атрымалася і з гераіняй гэтай публікацыі. Пераглядаючы старыя здымкі Вольгі Яцыны з Камай, удалося даведацца і факты з гісторыі мясцовай школы, і вехі лёсу настаўніцы, якая прысвяціла педагогіцы амаль паўстагоддзя свайго жыцця.

1 верасня 1975 года. На школьнай лінейцы ў Камайскай СШ упершыню стаіць Вольга Яцына. Ёй, маладой настаўніцы, цяжка схаваць хваляванне: гэта яе першае месца працы, прычым у чужой мясцовасці, з незнаёмымі людзьмі.

Сёння Вольга Уладзіміраўна шчыра ўсміхаецца, калі ўспамінае, як тады ў яе трэсліся каленкі, як непакоілі думкі наконт педагагічнай будучыні. І крыху сумуе: час праляцеў як імгненне. І яна, тая будучыня, ужо… у мінулым. Некалькі гадоў назад настаўніца пайшла на заслужаны адпачынак, усё жыццё адпрацаваўшы ў школе ў Камаях. На пенсіі і яе першыя вучні.

Успамінаў пра работу ў Вольгі Уладзіміраўны шмат. У тым ліку ў выглядзе чорна-белых здымкаў: з канца 70-х яна вяла ў школе фотагурток і разам з вучнямі спыняла на здымках шматлікія імгненні жыцця. Аднак перш чым распачаць размову пра школу, разглядаю чорна-белы партрэт маёй суразмоўцы, на якім ёй 20 гадоў.

— ­Родам я з вёскі Мурашчына, што была ў Шаркаўшчынскім раёне, — распачала размову Вольга Яцына. — Ад яе не засталося нічога: ні хат, ні назвы — толькі могілкі. Летась ездзіла туды. Сумна, што няма да каго зайсціся, дзе спыніцца. І на душы тужліва: усе думкі ляцяць у бацькоўскую хату, якой таксама ўжо няма. І тата, і мама былі людзьмі простымі, малапісьменнымі. Але навучылі мяне і дзвюх малодшых сясцёр галоўнаму — адказнасці за свае ўчынкі, сумленнасці, працавітасці.

Вольга Яцына з малых гадоў марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. Аднак сястра ўгаварыла паступаць на фізмат у Віцебскі педінстытут імя Кірава. ВНУ новаспечаная настаўніца заканчвала ўжо замужам. Муж у гэтым жа інстытуце годам раней атрымаў дыплом матэматыка. Таму маладая сям’я для працаўладкавання шукала школу, дзе адначасова патрабаваліся маладыя спецыялісты гэтых профіляў. Так лёс і прывёў іх у Камаі.

— Я з першых дзён адчула, што месца гэта абжытае, з глыбокімі каранямі, дзе ведаюць гісторыю, традыцыі продкаў і шануюць іх, — працягвала суразмоўца, з якой мы сустрэліся ў камайскай школе. — Уразіў і такі велічны касцёл-крэпасць па суседстве са школай. Напачатку непакоілася, што мне, праваслаўнай, крыху няёмка будзе ў каталіцкім краі. Але дарэмна: з-за свайго веравызнання ніколі не адчула нязручнасцей.

Тым не менш выпрабаванняў жыццё падрыхтавала шмат. Маладым патануў муж, на плечы жанчыны лёг клопат па выхаванні дзяцей. Але яна заўжды любіла сваю працу і ішла да вучняў, якія напаўнялі энергіяй. Заўжды ў цяжкую хвіліну дапамагалі і падтрымлівалі калегі, за што ім вялікая ўдзячнасць.

Выкладала Вольга Яцына фі­зіку, матэматыку, астраномію, крыху — інфарматыку і чарчэнне.

— Калі я прыйшла праца­ваць у школу, урокі праводзіліся ў некалькіх драўляных будынках, — прыгадвала Вольга Ула­дзіміраўна. — Адзін быў асноўны, а два — меншыя, аддаленыя. Жартам мы іх называлі «Сахалін» і «Камчатка». Успамінаю: калега ў настаўніцкай апранае паліто, бярэ школьны журнал пад паху і прамаўляе: «Я пайшоў на Сахалін». У адным з будынкаў у той час быў інтэрнат, дзе жылі дзеці з аддаленных вёсак. Потым быў пабудаваны новы.

Гэтыя будынкі настаўніца паказала на здымках, уклееных у «Кнігу народнай славы», якая захоўваецца ў школе. Кнігу стваралі ў розныя гады розныя настаўнікі, і яе можна назваць сапраўдным летапісам навучальнай установы. Якую настальгію выклікалі фотаздымкі ў маёй суразмоўцы! Гартаючы старонкі, яна ўспамінала, як шчыравала з вучнямі на пры­школьным участку і на палетках мясцовага калгаса «Дружба», як навучала дарослых на вячэрнім аддзяленні, як вазіла дзяцей на экскурсіі ў Вільнюс, Каўнас, Ленінград. Мітынгі, зала Леніна, пасяджэнні піянерскай і камсамольскай арганізацый, першыя камп’ютары… Дзякуючы здымкам усё гэта ўбачаць і наступныя пакаленні камайчан.

Разглядалі з Вольгай Ула­дзіміраўнай і стос чорна-белых здымкаў з яе асабістага архіва. Многія зробленыя ёй самой або вучнямі, якіх яшчэ ў 70-я вучыла рабіць кадры і праяўляць плёнку.

— Фатаграфія мяне зацікавіла яшчэ ў інстытуце, — гаварыла былая настаўніца. — Калі свёкар падарыў мне самы просты апарат — «Змену-8», з задавальненнем стала фатаграфаваць, а пасля і перадаваць уменне вучням.

Сярод здымкаў заўважаю і шматлікія граматы, якімі Вольга Уладзіміраўна была ўзнагароджана за доўгія плённыя гады педагагічнай працы. Ёсць і фотанапаміны пра яе творчае мінулае: была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці пры Камайскім СДК, ездзіла з канцэртамі па вёсках і фермах раёна.

— Пераглядаю часам здымкі і разумею, як змянілася жыццё, навучальны працэс, — адзначала напрыканцы размовы Вольга Яцына. — Ды і да прафесіі настаўніка адносіны іншыя. Раней і выпуску не было, каб хтосьці не пайшоў вучыцца ў педагагічную ВНУ. Сумна назіраць, як дзеці адвыкаюць ад працы, аддаляюцца ад зямлі. Але ёсць у іх і шмат таго, пра што мы раней не маглі і марыць. Колькі ўмоў створана для самарэалізацыі, колькі адкрыта магчымасцей! Аднак галоўнае, каб у гэтым імкненні да сучаснага, тэхналагічнага не забыцца пра свае карані, засвоіць адны з галоўных урокаў — урокі мінулага. А нам у яго ёсць чаму павучыцца…

Іна Сняжкова
Фота з «Кнігі народнай славы»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.