14 дипломов завоевали поставчане на областном этапе республиканской олимпиады по учебным предметам

Главное Образование

У пастаўчан — 14 дыпломаў

Столькі ўзнагарод заваявалі школьнікі на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Такога рэкорднага выніку наша каманда, у склад якой сёлета ўвайшлі 37 чалавек, дабілася ўпершыню за апошнія 5, а магчыма і больш, гадоў.

На алімпіяду, якая праходзіла з 9 па 13 студзеня на базе ўстаноў адукацыі Віцебска, Лужасна і Оршы, адправіліся навучэнцы з 8 школ раёна і Пастаўскай гімназіі. Яны змагаліся з равеснікамі з іншых рэгіёнаў Віцебшчыны па 9 вучэбных прадметах і па 6 атрымалі дыпломы. Найбольш іх — чатыры — на рахунку прадстаўнікоў Варапаеўскай СШ, тры дыпломы ў гімназістаў i  навучэнцаў СШ №1, па адным — у школьнікаў СШ №3, №4, №2 імя Н. М. Асяненкі і Лынтупскай СШ.

— Вельмі добра выступіла наша каманда па беларускай мове і літаратуры: чацвёра з шасці яе ўдзельнікаў атрымалі дыпломы, — расказвала, каменціруючы вынікі ўдзелу вучняў раёна ў інтэлектуальным спаборніцтве, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Русалоўская. — Дыплома І ступені ўдастоена 9-класніца СШ №1 Анастасія Райчонак, ІІІ ступені — яе равесніца з гэтай жа школы Вікторыя Зелянкевіч. Настаўніцай абедзвюх дзяўчынак з’яўляецца Галіна Гжэславаўна Іжмайловіч. Яшчэ два дыпломы ІІІ ступені ў 11-класніцы гімназіі Ганны Русак, якую рыхтавала Ніна Дзмітрыеўна Субач, і выхаванца Тамары Мікалаеўны Захарэвіч — Максіма Пачко з СШ №2 імя Н. М. Асяненкі. Максім вучыцца ў 6 класе, на алімпіядзе выступаў за 9 клас і пры гэтым трапіў у прызёры! Такога ў нас ніколі не было.

Самай вялікай аказалася наша зборная па геаграфіі: па гэтым прадмеце гонар раёна абаранялі 11 чалавек, і пяцёра з іх вярнуліся з узнагародамі. Дыплом І ступені заваявала навучэнка Ігара Пракаповіча — 11-класніца гімназіі Лізавета Афанасьева. Дыплом ІІ ступені — 10-класнік Варапаеўскай СШ Максім Свілёнак. Яго, а таксама ўладальнікаў дыпломаў ІІІ ступені — 11-класнікаў Ілью Хахлуна і Данііла Мажэйку з названай школы — падрыхтаваў Аляксандр Гарны. Аналагічная ўзнагарода ў 10-класніцы Лынтупскай СШ Юліі Васільевай і яе педагога Алесі Васюкевіч.

Выдатны вынік прадэманстравалі пастаўчане і па фізічнай культуры і здароўі: прызёрамі сталі двое з трох удзельнікаў каманды. 11-класніца СШ №3 Аляксандра Жыдкая (настаўнік — Аляксандр Вавінскі) заваявала дыплом І ступені. А 9-класніца СШ №1 Яна Арэхава, чыім настаўнікам з’яўляецца Мікалай Бузанаў, — дыплом ІІІ ступені.

Скарбонку ўзнагарод нашай зборнай папоўнілі дыплом І ступені па гісторыі 11-класніка Варапаеўскай СШ Мацвея Бяззубенкі, якога рыхтавала Лілія Брэская, а таксама дыпломы ІІІ ступені па фізіцы і рускай мове і літаратуры. Іх уладальнікамі з’яўляюцца 10-класнік гімназіі Уладзімір Шырко (настаўнік — Юрый Варанько) і навучэнка 10 класа СШ №4 Алёна Варановіч (настаўніца — Ала Шыцікава).

Застаецца дадаць, што пяцёра школьнікаў, якія заваявалі дыпломы І і ІІ ступеняў, атрымалі пуцёўкі на заключны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Там у нас таксама ёсць усе шанцы трапіць у лік прызёраў, бо сярод фіналістаў двое мінулагодніх пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва — Лізавета Афанасьева і Аляксандра Жыдкая.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.